Вы тут

Чаму жыхарка аграгарадка не згодна з рашэннем мясцовай улады


Кожны сельскі жыхар хоча бачыць сваю вёску добраўпарадкаванай. Але жаданні людзей не заўсёды супадаюць з планамі мясцовай улады. Жыхарка аграгарадка Хатляны Уздзенскага раёна ўжо не першы год спрабуе спыніць незаконнае, на яе думку, будаўніцтва жылых дамоў. Сельвыканкам жа сцвярджае, што прэтэнзіі грамадзянкі не маюць падстаў. Каб разабрацца ў сітуацыі і выслухаць пазіцыі бакоў, у Хатляны выехаў карэспандэнт «МС».


Спрэчная пляцоўка

Хатляны — невялікі аграгарадок за 30 хвілін язды ад сталіцы. З 1988 года тут жыве Таццяна СУХАРЭВІЧ, якая апошнім часам нарабіла нямала шуму ў ціхім мястэчку. Мясцовая жыхарка ўжо некалькі гадоў змагаецца за пляцоўку, на якой, паводле яе слоў, нельга нічога будаваць.

— Усё пачалося ў 2014 годзе, калі старшыня сельскага Савета Тамара Ляснеўская прапанавала насельніцтву на той пляцоўцы тры ўчасткі пад забудову жылых дамоў, — расказвае Таццяна Васілеўна. — Участкі хутка знайшлі сваіх уладальнікаў, аднак я перакананая, што будаваць там нельга нічога.

Сама пляцоўка ўяўляе сабой вялікі круг у адным з найбольш высокіх месцаў аграгарадка. Асаблівасць заключаецца ў тым, што па яго дузе пад зямлёй размяшчаюцца водаправодныя калодзежы, якія забяспечваюць вадой найбліжэйшыя вуліцы. Па перыметры круга ўжо даўно збудаваны дамы.

Жанчына паказвае вялікі план пасёлка, датаваны 1990 годам. «Гэта не план аграгарадка Хатляны. Адбылася блытаніна: гэта генеральны план, які адносіцца да свіна-гадоўчага комплексу «Белая Русь» (асноўнае прадпрыемства Хатлян), а на Хатляны схемы развіцця няма», — падкрэслівае Таццяна Васілеўна. Але, на думку жанчыны, менавіта гэты план варта браць за аснову развіцця пасёлка. Дарэчы, паводле яго ў цэнтры спрэчнага ўчастка планавалі пабудаваць царкву. Аднак у аграгарадку аднавілі іншую, таму яшчэ адну ўзводзіць не прыйшлося.

Калі пасёлак пачалі забудоўваць, унутры круга была пустка. Таццяна Сухарэвіч успамінае, што ў 90-я гады яе выкарыстоўвалі як кар'ер: спецыяльныя машыны здабывалі там пясок для будоўлі. Паступова пляцоўка стала ператварацца ў велізарны сметнік — і не толькі з будаўнічых матэрыялаў. Намаганнямі жанчыны і яе мужа кар'ер быў закрыты, участак разраўнялі, але... усё смецце засталося пад зямлёй. «Уяўляеце, як новая забудова можа паўплываць на водаправодныя калодзежы, якія знаходзяцца зусім побач?» — гаворыць Таццяна Васілеўна.

Мясцовыя жыхары пасадзілі на пляцоўцы дрэвы, каб яна не пуставала. Таццяна Васілеўна лічыла, што ў гэтым месцы можна было б зрабіць выдатны парк. Але шчасце было нядоўгім: перад пачаткам забудовы практычна ўсе дрэвы спілавалі.

Сёння на гэтых участках ужо заліты тры падмуркі, але жанчына і надалей збіраецца выступаць супраць будаўніцтва.

Пазіцыя сельсавета

Старшыня Хатлянскага сельскага Савета Тамара ЛЯСНЕЎСКАЯ паказвае стос папер, «прысвечаны» ўчастку для забудовы. Агульны генеральны план на Хатляны сярод усіх дакументаў адсутнічае.

— Генплана ў нас няма, — адзначае Тамара Ляснеўская. — Зараз усё растлумачу: у 1986 годзе было прынята рашэнне, звязанае з будаўніцтвам свінагадоўчага комплексу, — стварыць жылы пасёлак для работнікаў гэтага прадпрыемства. Распрацавалі генеральны план, у які ўваходзілі дзве вуліцы — Цэнтральная і Першая. На ім таксама нанеслі гандлёвы цэнтр і дзіцячы сад.

Такія звесткі ў старшыні ёсць з той прычыны, што ў тыя гады яна працавала ў будаўнічай арганізацыі, якая ўзводзіла свінагадоўчы комплекс. «Я сама бачыла праектную дакументацыю», — дадала Тамара Іосіфаўна.

— Генплан, пра які я расказваю, не прадугледжваў больш ніякіх пабудоў, — падкрэсліла старшыня. — Усё астатняе было вылучана праектнай дакументацыяй дэталёвай планіроўкі індывідуальных забудоў па кожнай вуліцы, — і яны ўсе вырабляліся асобнымі ўчасткамі. Для ўчастка, пра які вядзе размову Таццяна Сухарэвіч, рабіўся сітуацыйны план як ушчыльненне існуючай забудовы.

Каб участак прапанавалі пад будаўніцтва людзям, неабходна прайсці шэраг працэдур. «Па-першае, трэба ўзгадненне з усімі службамі раёна. Потым пытанне ўздымаецца на пасяджэнні райвыканкама. Пасля гэтага мы інфармуем грамадзян, што ў нас, на тэрыторыі сельсавета, маюцца тры свабодныя ўчасткі, унесеныя ў пералік, які ёсць на сайце і на стэндзе інфармацыі... І насельніцтва — а гэта былі маладыя сем'і — да нас звярнулася», — дадала старшыня. У сучасных вёсках сёння не так шмат моладзі, таму кожная маладая сям'я дапамагае развіццю аграгарадкоў. Дарэчы, стан уладальнікаў гэтых участкаў, па словах Тамары Ляснеўскай, сёння не самы лепшы, бо пастаянныя праверкі не даюць ім спакойна весці будаўніцтва.

Што датычыцца ўплыву пабудоў на гэтым участку на экалагічны стан усяго аграгарадка (пра што папярэджвае Таццяна Сухарэвіч), то тут старшыня таксама кіруецца дакументамі спецыяльных службаў. «У нас ёсць адказ з санстанцыі, дзе пацвярджаецца, што ніякай шкоды ні для каго не будзе, бо выкананы ўсе санітарныя нормы і правілы», — падкрэсліла Тамара Іосіфаўна.

Гісторыя аб існаванні звалкі на згаданай пляцоўцы таксама не абгрунтавана, лічыць Ляснеўская. «У тыя часы пасёлак будаваўся. Магчыма, там і адбывалася складаванне будаўнічых матэрыялаў, — адзначыла старшыня. — Я гаварыла з мясцовымі жыхарамі з той вуліцы. Магчыма, быў невялікі кар'ер, з якога забіраўся пясок. Але па заканчэнні будаўніцтва ўсё прыбралі. Ніякай звалкі насельніцтва не памятае, і я не ведаю, адкуль Таццяна Васілеўна ўзяла такую інфармацыю».

— Калі яна працягне да нас звяртацца і адпраўляць адпаведныя паперы, то мы будзем ёй адказваць, — дадала Тамара Ляснеўская. — Але ўсе спецыяльныя службы ўжо некалькі разоў давалі дакладныя адказы: усё ў парадку, нормы не парушаныя. Уяўляеце, як адчуваюць сябе сем'і, якія атрымалі гэтыя ўчасткі? Афіцыйныя пастановы ёсць, але праверкі не спыняюцца, а будаўніцтва замаруджваецца...

Рэдакцыя «МС» азнаёмілася з гісторыяй перапіскі Таццяны Сухарэвіч з дзяржаўнымі органамі. Жыхарка аграгарадка Хатляны не раз дасылала звароты ў інстанцыі абласнога ўзроўню. Але ў сваіх адказах яны... абапіраюцца выключна на звесткі, прадстаўленыя мясцовымі ўладамі, дзеянні якіх Таццяна Васілеўна і аспрэчвае. У выніку ўзнікае «замкнёнае кола», а перапіска зацягваецца на гады. Узнікае пытанне: чаму б у такім разе не стварыць незалежную камісію, якая б раз і назаўсёды паклала канец спрэчкам?

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Загаловак у газеце: Адна супраць усіх?

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.