Вы тут

Дэпутаты абмеркавалі фарміраванне мясцовых бюджэтаў


На мінулым тыдні Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па бюджэце і фінансах правяла выязное пасяджэнне ў Лагойскім раёне. Сёння ён — адзін з найлепшых па эканамічных паказчыках. Адно з пацвярджэнняў гэтага: у раёне апошнім часам фарміруецца бездатацыйны бюджэт.


Лагойск мае станоўчы вопыт у арганізацыі бюджэту, таму было прынята рашэнне правесці пасяджэнне менавіта тут. «Сёння фарміраванне даходаў мясцовых бюджэтаў напрамую залежыць ад развіцця рэгіёна, — тлумачыць Людміла ДАБРЫНІНА, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па бюджэце і фінансах. — Калі, напрыклад, Лагойскі раён паспяхова развіваецца, адпаведна і напаўняльнасць даходнай часткі бюджэту добрая. Самае галоўнае, што тут пачалі фарміраваць бездатацыйны бюджэт. Мы бачым, што ў раёне сёння дынамічна працуюць суб'екты гаспадарання, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Практычна няма ніводнага, якое б мела страты. Таму і фарміраванне бюджэту адбываецца больш паспяхова ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі».

Асабліва дэпутаты звярнулі ўвагу на рэзервы фарміравання даходнай часткі мясцовых бюджэтаў, якія заключаюцца ў павелічэнні паступленняў ад малога і сярэдняга бізнесу. Людміла Дабрыніна лічыць, што пры падрыхтоўцы законапраектаў на 2018 год — менавіта бюджэтнага пакета і ў тым ліку праекта закона аб рэспубліканскім бюджэце — улічыць гэтыя пытанні і сумесна іх яшчэ раз абмеркаваць, асабліва падыходы па адміністраванні мясцовых падаткаў і збораў. Што да выканання расходнай часткі мясцовых бюджэтаў, то тут неабходна паступова павялічваць выдаткі капітальнага характару. Гэта дазволіць больш эфектыўна добраўпарадкоўваць раён.

У пасяджэнні таксама ўзяў удзел намеснік міністра фінансаў Юрый Селіверстаў. Па яго словах, бюджэты базавага ўзроўню іграюць важную ролю ў рэалізацыі дзяржаўных функцый. Менавіта за кошт іх органы дзяржкіравання забяспечваюць прадастаўленне асноўных сацыяльных паслуг у галіне адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнага забеспячэння, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, транспарту. Так, штогод выдаткі мясцовых бюджэтаў у сярэднім захоўваюцца на ўзроўні 16% ВУП і займаюць больш за палову кансалідаванага бюджэту краіны.

Намеснік міністра дадаў, што на практыцы рэалізаваны шэраг мер, якія накіраваны на ўмацаванне рэсурснай базы мясцовых бюджэтаў і зніжэнне іх залежнасці ад датацый вышэйстаячых бюджэтаў. Так, мясцовыя бюджэты ў сярэднім на 70% фарміруюцца за кошт падатковых паступленняў. За імі замацаваны такія крыніцы даходаў, як падаходны падатак і падаткі на ўласнасць. Менавіта таму мясцовыя ўлады зацікаўлены ў павелічэнні аплаты працы ў рэгіёне, а таксама ў стварэнні і развіцці вытворчых магутнасцяў на падведамасных прадпрыемствах.

Юрый Селіверстаў нагадаў аб павышэнні ў 2015 годзе стаўкі падаходнага падатку (да 13%), які выплачваецца ў мясцовыя бюджэты. Акрамя таго, мясцовым Саветам дэпутатаў прадастаўлена права павышаць базавыя стаўкі зямельнага падатку і падатку на нерухомасць да 2,5 раза. У кампетэнцыі мясцовых улад таксама ўстанаўленне ставак падатку на прыбытак. Тым самым рэгіёны матывуюцца да павышэння эфектыўнасці дзеючых прадпрыемстваў, да стварэння новага бізнесу, новых працоўных месцаў.

Аднак развіццё мясцовага падаткаабкладання застаецца актуальным пытаннем. Для стымулявання мясцовых Саветаў дэпутатаў неабходна, каб імі магла рэгулявацца, напрыклад, велічыня ставак збору за ажыццяўленне паслуг аграэкатурызму (па аналогіі з курортным зборам). Яшчэ адна магчымасць — гэтаксама абыходзіцца са зборам за ажыццяўленне рамесніцкай дзейнасці. Таксама ў перспектыве магчыма пашырыць паўнамоцтвы мясцовых Саветаў у дачыненні да падаткаў на нерухомасць. «Пры гэтым неабходна, каб такія рашэнні прымаліся з улікам інтарэсаў насельніцтва і бізнесу», — падкрэсліў Юрый Селіверстаў.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavіt@zvіazda.by

г. Лагойск

Загаловак у газеце: Павялічваем даходы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?