Вы тут

Рэгіёны вучацца вырашаць пытанні самастойна


Мясцовая ўлада можа падтрымаць маладых прадпрымальнікаў, але, як паказаў эксперымент, адпаведную інфармацыю днём з агнём не знойдзеш...

Актуальныя пытанні гэтай і іншай работы ў раёнах абмеркавалі на круглым стале «Аб рабоце органаў мясцовага самакіравання па рэалізацыі паўнамоцтваў, дадзеных Законам Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь», па павышэнні ўзроўню жыцця насельніцтва».


Правяраем на сабе

Пра згаданы эксперымент расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь Аляксей ВАСІЛЬЕЎ. У рэгіёны адправілі маладых людзей, якія цікавіліся, ці можна там, на месцы, адкрыць свой бізнес. І як рэгіёны сустракаюць прадпрымальнікаў? «У сярэднім у абласцях па 20 адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. З іх поўная інфармацыя пра Указ 255, які дае магчымасць вылучаць з раённых бюджэтаў грашовыя сродкі прадпрымальнікам для набыцця аб'ектаў нерухомасці, была на сайце толькі аднаго раёна. Назва Указа — яшчэ на двух. У астатніх на сайтах не было ніякай інфармацыі. У тых рэгіёнах, якія людзі наведвалі, інфармацыю давалі, казалі пра тое, што ёсць аб'екты нерухомасці. Але рэгіён не мог прапанаваць, чым заняцца маладому прадпрымальніку».

Такая сістэма падыходзіць для тых, хто ведае, якую справу хоча адкрываць. Але калі паглядзець на гэту сітуацыю праз Дэкрэт №3... Напрыклад, пры аптымізацыі вытворчасці вызваляюцца людзі, якія 10—15 гадоў працавалі на заводзе. Яны не ведаюць, якім відам прадпрымальніцтва найбольш выгадна займацца. Ім трэба дапамагчы. На жаль, сёння раён у гэтым кірунку даць параду не можа. Гэтым пытаннем часткова займаюцца бізнес-інкубатары. Але на тэрыторыі Мінскай вобласці іх усяго каля 20, і ўсе размешчаны блізка да сталіцы. Тым часам у Віцебскай вобласці бізнес-інкубатар наогул адзін.

На прыкладах

На круглым стале разгледзелі і вынікі пяцідзённай вучобы, якую Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь праводзіла для старшынь раённых Саветаў дэпутатаў. Разам з тэарэтычнымі заняткамі разглядалі і практычныя пытанні ў Талачынскім раёне. Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, намеснік старшыні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Аляксандр ПАПКОЎ адзначыў, што сёння галоўнае — звяртаць увагу на тыя праблемы, якія хвалююць людзей. На адным з першых месцаў па значнасці — Дэкрэт №3. «Беспрацоўе 1% — гэта фікцыя. Гэта тыя, хто стаяў на ўліку ў цэнтры занятасці. Сапраўдныя лічбы зусім іншыя». Цяпер ВНУ выпускаюць у два разы больш студэнтаў, чым 20 гадоў таму. Значная частка навучаецца завочна, а працу потым людзям прапанаваць не могуць.

Калі будынак не патрэбны

Асобным пытаннем стала ўцягванне ў гаспадарчы абарот маёмасці, якая знаходзіцца ў камунальнай уласнасці і выкарыстоўваецца неэфектыўна. Выязное пасяджэнне Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі на гэту тэму назначана на 14 красавіка ў Дзяржынскім раёне. Аляксей Васільеў, які таксама курыруе рабочую групу па падрыхтоўцы да пасяджэння, расказвае, што асноўныя аб'екты ў раёнах, якія могуць быць задзейнічаны ў эканоміцы, — гэта будынкі акцыянерных таварыстваў і сельгасарганізацый. «Уцягванне павінна мець стратэгічны характар, трэба бачыць развіццё гэтых аб'ектаў з улікам Дэкрэта №3». Цяпер усе аб'екты, якія не выкарыстоўваюцца, замацоўваюцца за ЖКГ. І затраты на гэта пакрываюцца за кошт раённага бюджэту. Фактычна, заплаціўшы падаткі, мы плацім і за гэта абслугоўванне.

Але сітуацыі ў рэгіёнах розныя. Цяжка знайсці пакупнікоў на нерухомасць, якая не выкарыстоўваецца, у Ельскім раёне. Сяргей МАТУЗКА, старшыня Ельскага раённага Савета дэпутатаў, гаворыць, што сельсаветы даюць фотаздымкі па кожным аб'екце. Але «ў глыбінку, ды яшчэ да мяжы з Украінай, ніхто не паедзе». Грошай на знос такіх будынкаў не выдзяляецца, хоць там і чарнобыльская зона. Прапаноўвалі на продаж насельніцтву нават за 1 базавую велічыню. Многае сышло ў прыватныя рукі. Апошнім часам у раёне развіваецца малы і сярэдні бізнес, асабліва ў дрэваапрацоўцы. Раней мэблевая фабрыка налічвала 400 чалавек. Зараз стварыліся тры малыя прадпрыемствы, а на фабрыцы засталося 160.

Анжаліка ГОМАН, старшыня Краснапольскага раённага Савета дэпутатаў, гаворыць, што для іх мясцовасці характэрна развіццё праектнай дзейнасці. З-за вялікага адтоку людзей мясцовыя ўлады стараюцца актыўна вырашаць пытанне самазанятасці. «Райсавет заняўся гэтым кірункам работы, каб уцягнуць людзей у развіццё асабістых падсобных гаспадарак».

Старшыня Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў Анатоль ШАЛТАНЮК расказаў, што ў іх раёне пачалося будаўніцтва завода па вырабе дабавак да камбікармоў — гэта дадаткова 60 працоўных месцаў. Тыдзень таму пачалі будаваць краму ў Жабінцы — гэта яшчэ 40. Прадпрыемства робіць цэнтр па лагістыцы і здачы тэхнікі ў арэнду — гэта 20 месцаў. Работа вядзецца.

Аляксандр Папкоў падкрэсліў, што ў кожным раёне ёсць традыцыі, якія былі і з'яўляюцца запатрабаванымі. «Мы павінны абудзіць ініцыятыву людзей». І задача кіраўнікоў раённых Саветаў дэпутатаў гэтаму спрыяць.

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Фота pac.by

Загаловак у газеце: Ініцыятыву неабходна абудзіць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.