Вы тут

Што чакае пабудовы, якія пустуюць у Брэсце?


У абласным цэнтры шмат пабудоў, якія пустуюць. Як іх лепш выкарыстаць, раіліся на пасяджэнні Брэсцкага гарвыканкама

У кантэксце размовы пра пустуючыя аб'екты мы прывыклі згадваць вясковыя школы і клубы, будынкі фермаў і магазінаў, ну... яшчэ базы цэлых ваенных гарадкоў, нярэдка з камунікацыямі, што дыслацыраваліся недзе ў лясах. Але ж і ў горадзе такой маёмасці многа. Дастаткова сказаць, што пятая частка ўсёй маёмасці вобласці, якая не выкарыстоўваецца, знаходзіцца ў Брэсце.


Бу­ды­нак ба­сей­на «Ла­зур­ны».

За адну базавую

Брастаўчане, асабліва старэйшага і сярэдняга пакаленняў, добра ведаюць басейн «Лазурны». Некалі гэта быў ведамасны спартыўна-аздараўляльны аб'ект аднаго з прадпрыемстваў горада. Потым стаў часткай гарадской інфраструктуры. Сюды хадзілі школьнікі на ўрокі па плаванні, гараджане з суседніх дамоў і вуліц набывалі абанементы. Але з часам басейн запатрабаваў рэканструкцыі або капітальнай перабудовы. Вырашылі пашукаць інвестара. Першы раз аб'ект быў выстаўлены на аўкцыён у жніўні мінулага года. Тады за трохпавярховы будынак плошчай 1,5 тысячы квадратных метраў прасілі 126 619 рублёў. Але ахвотных купіць пабудову не знайшлося. Яно і зразумела, былы басейн патрабуе вялікіх капіталаўкладанняў.

У выпадку пакупкі аб'екта новы гаспадар атрымлівае права арэнды зямельнага ўчастка плошчай 23 соткі на 10 гадоў. За асобную плату, амаль сімвалічную, прапануюць набыць камплект абсталявання: чатыры бойлеры, два катлы для водаачысткі, электрапомпавы агрэгат, помпу, рэгулятар тэмпературы, бактэрыцыдную ўстаноўку. Па ўмовах продажу пакупнік можа пакінуць басейн, калі правядзе рэканструкцыю, можа пераабсталяваць пад нешта іншае, а можа наогул знесці і пабудаваць нешта сваё.

Самае галоўнае, што перад сакавіцкімі таргамі цана ўжо была зніжана да адной базавай велічыні. Але таргі не адбыліся, бо не  было заявак. І гэта аб'ект не  на ўскраіне горада, а ў даволі ажыўленым заводскім раёне...

Падчас абмеркавання адной з прычын беспаспяховай спробы продажу называлі недахопы ў правядзенні рэкламнай кампаніі. Можа, і так. Але ж відавочна, што і інвестыцыйная актыўнасць бізнесу апошнім часам не на вышыні. Таму і не хутка прадаюцца асобныя аб'екты.

Квадратныя метры ваенных гарадкоў...

Начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі гарвыканкама Сяргей ЛУШЧЫК агучыў і такую лічбу: за мінулы год у бюджэт горада паступіла больш чым 4 млн рублёў ад розных аперацый з маёмасцю. Маецца на ўвазе найперш продаж і арэнда. На сённяшні дзень 59,7 тысячы квадратных метраў гарадской маёмасці не выкарыстоўваецца. Адсюль і вынікаюць задачы на найбліжэйшую перспектыву.

Цікава, што больш за палову ўсёй маёмасці, што не выкарыстоўваецца, складаюць аб'екты былых ваенных гарадкоў. Гэта 84 будынкі. Найбольшая іх колькасць размешчана на тэрыторыі чатырох былых ваенных гарадкоў: «Паўднёвы», «Чырвоны Двор», «Крэпасць» і па вуліцы Лейтэнанта Рабцава. Напрыклад, у ваенным гарадку №1 «Крэпасць» значыцца 24 аб'екты. З іх 23 маюць гісторыка-культурную каштоўнасць. І толькі два з названых аб'ектаў зараз уцягнутыя ў гаспадарчы абарот. Адна пабудова здадзеная ў арэнду, другая перададзеная ў бязвыплатнае карыстанне. А ў былым памяшканні 125-га стралковага палка на тэрыторыі Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці вядзецца рэканструкцыя. Там будзе Маладзёжны патрыятычны цэнтр.

Распараджацца маёмасцю на тэрыторыі крэпасці надзвычай складана па зразумелых прычынах — гэта асаблівае месца. Ды і па іншых ваенных гарадках ёсць праблемы, бо іх тэрыторыі ў адпаведнасці з Генеральным планам развіцця Брэста павінны ператварыцца ў медыцынскія цэнтры, жылыя комплексы, іншыя важныя для жыцця горада аб'екты. Але гэта справа не вельмі блізкай перспектывы. Таму і застаюцца пытанні, як з арэндай, так і з рэалізацыяй.

Трымаем планку

На пасяджэнні гарвыканкама звярнулі ўвагу на зніжэнне пакупніцкай здольнасці і дзелавой актыўнасці патэнцыяльных пакупнікоў нерухомасці. Так, з 16 аб'ектаў, якія былі прададзены летась, пяць рэалізавана з удзелам у таргах толькі аднаго прэтэндэнта, а шэсць знайшлі новых гаспадароў пасля таго, як першапачатковая цана была зніжана на суму ад 20 да 80 працэнтаў. Добра гэта ці дрэнна? Старшыня гарвыканкама Аляксандр РАГАЧУК выказаў заклапочанасць тым, каб у пагоні за паказчыкамі не задаваць надта нізкую планку: «Дзеля паказчыкаў прадаць можна вельмі многа, але гэта будзе не па-дзяржаўнаму». Мэр заклікаў падначаленых усебакова пралічваць перспектыву. Скажам, на першы погляд, пабудова не вельмі новая, не вельмі каштоўная, і прадаць яе можна не дорага. А вось калі зазірнеш у генплан развіцця горада, то ўпэўнішся, што гэты лапік зямлі ў будучым стане ледзь не «залатым». Таму часам варта ўстрымацца ад здзелкі, каб элементарна не прагадаць.

Начальнік КУП «ЖРЭУ г. Брэста» Павел ЗАГРАЙ расказаў, што работа па зносе будынкаў, непрыгодных для выкарыстання, надзвычай капіталаёмкая. Так, летась знос аднаго аб'екта з папярэднім вырабам праектнай дакументацыі пацягнуў на мільярд недэнамінаваных рублёў.

Знесці нельга

Аказваецца, нават у абласным цэнтры ёсць праблемы з тым, каб знесці трухлявае, па сутнасці нічыйнае жыллё. Пра жылы дом у раёне вуліцы Сікорскага таксама згадвалі на пасяджэнні выканкама. Правільней сказаць, былы жылы дом. За дзясяткі гадоў запусцення пабудова ператварылася ў руіны, якія зарастаюць хмызняком. І выглядам сваім такая сядзіба, вядома, псуе гарадскі пейзаж. Двое з трох нашчадкаў былых гаспадароў дома пражываюць у Расіі. Спроба стасункаў з імі нічога не дала. Суседзі не раз указвалі гарадской уладзе на такі непарадак далёка не на гарадской ускраіне. Ва ўмовах сельскай мясцовасці па Указе №100 даўно можна было б разабрацца з развалінамі. У горадзе дакумент не дзейнічае. Таму проста ўзяць і знесці трухлявую пабудову немагчыма. Спадкаемцы адразу аб'явяцца і заявяць іск з усімі наступствамі. Што застаецца? Хадзіць зноў і зноў, пісаць прадпісанні, складаць пратаколы без усялякай гарантыі, што апошняе неяк падштурхне ўласнікаў разабрацца з праблемнай нерухомасцю.

На гэту акалічнасць члены выканкама звярнулі ўвагу дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ад горада Брэста, якія прысутнічалі на пасяджэнні. Варта прымаць папраўкі ў заканадаўства.

Эфектыўнае выкарыстанне аб'ектаў уласнасці горада — гэта вельмі вялікі пласт работы. Акрамя традыцыйных продажу, арэнды, зносу аварыйных і старых пабудоў, даводзіцца рабіць шмат іншага. Нават калі пабудову ўдалося прадаць, гэта не заўсёды азначае другое яе жыццё. За апошнія гады гарвыканкаму даводзілася забіраць аб'екты зноў, бо новы гаспадар не выконваў абавязацельстваў, а дакладней, нічога не рабіў з пакупкай. Здаралася, іх прадавалі па трэцім разе. Ёсць прыклады іншага кшталту: летась па факце знішчэння капітальнай пабудовы была нават заведзена крымінальная справа... Такім чынам жыццё дыктуе меры, якія даводзіцца прымаць у дачыненні да таго ці іншага аб'екта.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Як прадаць, каб не прагадаць?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.