Вы тут

У пятніцу ў сталіцы стартуе матч Кубка Дэвіса Беларусь — Аўстрыя


Гэтая гульня 2-га круга І групы Еўра-Афрыканскай зоны, туды нашы тэнісісты трапілі, абыграўшы ў лютым зборную Румыніі.


Красавік чакаецца па-сапраўднаму гарачым тэнісным месяцам — на выхадных прадстаўнікі мужчынскай зборнай пазмагаюцца з аўстрыйцамі, а праз два тыдні беларускія дзяўчаты выступяць у паўфінале Сусветнай групы Кубка Федэрацыі. Абедзве вялікія падзеі ў свеце спорту прымае Мінск.

Зборная Аўстрыі ўжо прыбыла ў Беларусь і пачала трэніроўкі на кортах сталічнага Палаца тэніса. Каманда гасцей сёння знаходзіцца на 34 месцы ў рэйтынгу Кубка Дэвіса, Беларусь у гэтым спісе нязначна вышэй — на 31-й пазіцыі. На матч не заяўлены лідар аўстрыйскай зборнай Дамінік Цім, які з'яўляецца 9-й ракеткай свету, ён рыхтуецца да старту грунтовага сезона ў Сусветным туры. У складзе каманды Аўстрыі браты Геральд (109-е месца ў рэйтынгу АTР) і Юрген (156-е) Мельцэры, Аляксандэр Пея (28-ы нумар АTР у парным разрадзе) і Юліян Ноўл (81-ы ў парным разрадзе).

— Гэта самая моцная аўстрыйская каманда, якую нам удалося сабраць. У пары, хутчэй за ўсё, выступяць Аляксандэр Пея і Юліян Ноўл, у якіх ёсць добры вопыт гульні разам. У беларусаў вельмі небяспечны Ягор Герасімаў, ён у добрай форме, але пастараемся згуляць у Мінску як мага лепш, — адзначыў капітан зборнай Аўстрыі Штэфан Каўбек.

На будучую сустрэчу ў беларусаў заяўлены Ілья Івашка (185-ы ў рэйтынгу АТР), Ягор Герасімаў (напярэдадні ён стаў пераможцам турніру серыі АТР Сhаllеngеr у французскім Сен-Брыё), Яраслаў Шыла (452-і) і Максім Мірны (26-ы ў рэйтынгу АTР у парным разрадзе).

Адзначым, што для Максіма гэта будзе 50-ы матч за зборную, можна сказаць, што ў яе абойме «Вялікі Макс» з самага дня заснавання. Свой першы паядынак у складзе нацыянальнай каманды ён адыграў у 1994 годзе супраць Алжыра ў ІІІ Еўра-Афрыканскай групе Кубка Дэвіса. За дзесяць гадоў Мірнаму разам з камандай удалося прайсці нялёгкі шлях з «нізоў» гэтага прэстыжнага турніру да паўфіналу Сусветнай групы ў 2004 годзе. Гэты вынік, дарэчы, да гэтага часу з'яўляецца найлепшым у гісторыі нашай зборнай.

— Лічбы для мяне нічога не значаць. Я проста рады, што яшчэ магу быць карысны камандзе, — кажа Мірны. — Заўсёды з радасцю адклікаюся на запрашэнне нацыянальнай каманды. На дадзеным этапе маёй кар'еры матчы Кубка Дэвіса — самыя яркія моманты. Столькі гледачоў не бывае на парных матчах, калі ты гуляеш у туры АТР.

Акрамя выступлення за зборную Максім можа пахваліцца і паспяховай асабістай кар'ерай, найбольшых дасягненняў ён дамогся ў парным разрадзе — былая першая ракетка свету. Дзесяціразовы пераможца турніраў Вялікага шлема ў парным разрадзе і міксце, пераможца 50 турніраў АTР (адзін — у адзіночным разрадзе). Разам з Вікторыяй Азаранкай у 2012 годзе Мірны стаў алімпійскім чэмпіёнам у міксце. Зараз Максіму ўжо 39 гадоў і ён працягвае сваю паспяховую кар'еру.

Адзначым, што ўваход на матч Беларусь — Аўстрыя вольны.

Да тэмы

Міжнародная тэнісная федэрацыя назвала першых чатырох уладальнікаў прэстыжнай прэміі Fеd Сuр Hеаrt Аwаrd 2017. Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка атрымала ўзнагароду за бліскучае выступленне ў матчы першага круга Сусветнай групы супраць зборнай Нідэрландаў.

— Рада прэміі! — падзялілася Арына. — Хачу падзякаваць балельшчыкам, якія галасавалі за мяне. Менавіта дзякуючы прыхільнікам нашага віду спорту ў мяне ёсць магчымасць дапамагчы таму, хто ў гэтым мае патрэбу.

Пераможцы атрымаюць чэк, які змогуць перадаць выбранаму ім дабрачыннаму фонду.

Адзначым, што падобная ўзнагарода ў 2016 годзе ўручана беларусцы Аляксандры Сасновіч, а ў 2011-м — Вікторыі Азаранцы.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Пяцідзясяты бой Мірнага

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.