Вы тут

Юрась Панкевіч: Асвоіць дуду можа амаль кожны


Праз некалькі дзён Мінск стане сапраўднай сталіцай дударства: тут пройдзе вялікі «Дударскі фэст». У яго рамках адбудзецца канцэрт гуртоў, якія ў сваёй музыцы выкарыстоўваюць інструменты розных народаў, а даследчыкі і майстры падчас навуковай канферэнцыі прадставяць свае найноўшыя знаходкі і адкрыцці. Сёння дуда, яе гучанне, канструкцыя, — не дзіва для беларусаў. Усё больш і больш музыкаў асвойваюць інструмент, усё больш зразумелымі становяцца ўрокі грання на ім, а навуковыя пошукі фалькларыстаў, культуролагаў — глыбейшымі. Пра пераемнасць традыцый, змену пакаленняў музыкаў і сакрэты навучання сёння мы гутарым з майстрам, дударом, лідарам гурта Pawa Юрасём ПАНКЕВІЧАМ, які стаяў каля вытокаў сучаснага дударства.


— Цяпер фэст ладзіцца не штогод, як было раней, а толькі раз на два гады. Да таго ж Дударскі клуб не праводзіў традыцыйных танцавальных вечарын у гэтым сезоне. Як табе падаецца, публіка засумавала па такіх імпрэзах?

— Думаю, што не. Гурт Pawa і многія іншыя каманды досыць часта выступаюць у Мінску і іншых гарадах. Ды і танцавальныя вечарыны, дзе любіць бавіць час моладзь, таксама праходзяць незалежна ад дзейнасці Дударскага клуба. Больш таго, Мінск перастаў быць сталіцай руху. Вельмі актыўна далучыліся да справы нашы сябры з Маладзечна, дзе танцы пад дуду таксама сталі рэгулярнымі.

— Раней многія выканаўцы і майстры, якія стаялі каля вытокаў сучаснага дударства, адзначалі адсутнасць маладых музыкаў, што імкнуцца навучыцца граць на інструменце. Але ж сёння мы бачым, што іх кола пашыраецца...

— Магчыма, справа ў тым, што зараз больш дасканала распрацаваная сістэма навучання ігры на інструменце. Калі мы пачыналі адраджаць дуду, то многае напачатку рабілі шляхам спроб і памылак, да канца не разумеючы, у які бок ісці.

Сёння моладзь можа абапірацца на нашы напрацоўкі, звярнуцца па параду, пачытаць кнігі, паглядзець відэаўрокі «Дуда беларуская», якія я распрацаваў.

— Дарэчы, ці карыстаюцца яны папулярнасцю? Ты атрымліваў нейкія водгукі?

— Так, гэтыя запісы можна знайсці ў інтэрнэце ў вольным доступе. У іх я расказваю пра тое, як дуду выбіраць, наладжваць, як правільна музыканту трымаць паставу на сцэне. Урокі ўжо набралі шмат праглядаў, і сапраўды іх досыць актыўна каментуюць гледачы. Відэазапісы дазваляюць зразумець, як працуе «кухня» навучання ігры, з чым давядзецца сутыкнуцца музыканту-пачаткоўцу ў практыцы ў будучыні. Нават на першым этапе важна ведаць асноўныя элементы канструкцыі дуды, эстэтыку кожнага з двух відаў, распаўсюджаных на Беларусі — трохбурдоннай мацянкі і так званай лепельскай, аднабурдоннай. Таму ўрокі хутчэй можна назваць дударскім «лікбезам», які пры жаданні можа ператварыцца ў занятак жыцця.

— Ты жывеш у вёсцы на Ашмяншчыне, маеш свой дом. Для дудара і майстра важна знаходзіцца блізка да прыроды? Магчыма, гэта дапамагае па-іншаму ўспрымаць інструмент?

— Гэта важна для кожнага чалавека. Я гараджанін і люблю камфорт, але ў вёсцы пачуваюся сапраўды на сваім месцы. Тут жыццё ўспрымаецца па-іншаму, па-іншаму ставішся да працы. У горадзе мы многае атрымліваем, амаль не прыкладаючы намаганняў, таму больш лянуемся. А ў сваім доме ў вёсцы, каб было цёпла ў хаце, пра гэта трэба клапаціцца, прыкладаць намаганні. Каб была ежа на стале, таксама працаваць. Ды і людзі жывуць іншымі каштоўнасцямі, іх хвалююць больш жыццёва важныя пытанні, а не спрэчкі ў Фэйсбуку.

— Фалькларысты, якія прапагандуюць «чысціню» беларускай песні, часта наракаюць на тое, што гурты не заўсёды правільна прачытваюць матэрыял, непаважліва да яго ставяцца. Як ты адчуваеш, што з вашай музыкай усё ў парадку?

— Я маю добрага дарадцу, майстра і дудара, даследчыка інструмента Тодара Кашкурэвіча. Да яго меркавання прыслухоўваюся, яго заўвагі ўлічваю. Калі ён не сварыцца, не наракае, то ўсё добра. Так часцей за ўсё і атрымліваецца, але некалькі разоў ён досыць крытычна выказваўся пра нашы песні, бо ў сваёй працы мы імкнёмся спалучыць электроннае танцавальнае гучанне, электрагітару з традыцыйнай песняй. Але мне падаецца, што непавага да аўтэнтыкі — не ў яе правільным ці няправільным прачытанні. Непавага — у забыцці, у адкладанні, складванні ў шуфляду.

Любая форма, у якой мы сёння прадстаўляем народную песню, дае ёй магчымасць атрымаць новае жыццё, быць пачутай.

— Таксама і дуда можа выкарыстоўвацца ў любой музыцы?

— Так, але тут важна правільна спалучаць яе з іншымі інструментамі, умела выбудоўваць кампазіцыю, працаваць з ёй. Бо, напрыклад, не заўсёды можна выкарыстоўваць гукі бурдона дуды. Гэта ж фактычна адна нота, якая гучыць увесь час і можа цалкам збянтэжыць музыкаў, якія граюць на іншых інструментах.

— Гурт Pawa раней працаваў толькі з народнымі песнямі, надаваў ім сучаснае гучанне. Ведаю, што цяпер вы працуеце над аўтарскім матэрыялам. Чаму так?

— Напэўна, проста прыйшоў час зрабіць нешта сваё. Відаць, кожны гурт, які працуе ў галіне народнай музыкі, праходзіць пэўныя этапы станаўлення. Мы пачынаем з простых сярэднявечных мелодый, граем акустыку, потым спрабуем «абнавіць» фальклорны матэрыял і ўжо пазней — калі ведаем, як працаваць з інструментамі, як будаваць кампазіцыю — звяртаемся да сваёй творчасці. Але не скажу, што Pawa надта зменіць гучанне. Музыка застанецца ў нашым стылі, проста тэксты і мелодыі будуць аўтарскія.

— Сёння на беларускай сцэне досыць многа гуртоў, падобных адзін на аднаго: часцей за ўсё яны граюць сярэднявечныя мелодыі, паўтараючы стыль «Старога Ольсы». Як ставішся да такіх «клонаў»?

— Не думаю, што варта іх успрымаць сур'ёзна як з'яву. Многія з такіх калектываў працуюць у асноўным як камерцыйныя: граюць на вяселлях, святах, фэстах, вузкіх рыцарскіх тусоўках. Проста рамяство дзеля прыбытку. Але я спадзяюся, што кожны з іх, прайшоўшы першыя этапы на сцэне, здолее стаць сапраўды цікавым праектам.

— Разам з тым беларуская дударская традыцыя сёння становіцца больш навукова абгрунтаванай, бо разам з майстрамі працуюць і даследчыкі, якія ў архівах, музеях адкрываюць новыя факты...

— Мне падаецца, што гэтая навуковасць, наадварот, звужае кола зацікаўленых. Калі мы пачыналі, важным быў перадусім энтузіязм, жаданне граць, вучыцца, майстраваць. А сёння мноства правілаў, пажаданняў ператвараюць кола дудароў у кола выбраных...

— Паказальны прыклад пісьменніка, даследчыка Віталя Воранава, які захацеў навучыцца граць на дудзе і навучыўся, працягвае ўдасканальвацца. Так можа кожны?

— Амаль. Тут важна мець шмат цярплівасці, жадання, энтузіязму. І — гэта галоўнае — пачуццё рытму. Калі наладзіць інструмент, каб ён гучаў больш-менш правільна, можна з дапамогай цюнара, то без пачуцця рытму не атрымаецца нічога. Калі я сам толькі пачынаў, то ад маіх заняткаў-спроб вельмі моцна пакутавалі суседзі і сябры — я тады яшчэ жыў з бацькамі ў гарадской кватэры. Граю ўжо больш як 15 гадоў, але сябры кажуць, што толькі пасля пятага года я пачаў больш-менш правільна абыходзіцца з дудой. Таму пачаткоўцам я пажадаю паслядоўнасці, цвёрдасці і настойлівасці, а іх атачэнню — моцнага цярпення. Спачатку давядзецца моцна напакутавацца.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Андрэй Кудзіненка: Я лічу дакументальнае кіно крыху амаральным

Андрэй Кудзіненка: Я лічу дакументальнае кіно крыху амаральным

«...бярэш чалавека і яго лёс, а потым у касцюме едзеш на фестываль».

Грамадства

Як дзяўчына-кінолаг трэніруе сабак

Як дзяўчына-кінолаг трэніруе сабак

Гэтых дзвюх сябровак у кіналагічным цэнтры Узброеных Сіл ведаюць усе.

Грамадства

Як працуе сістэма дадатковай адукацыі ў Беларусі

Як працуе сістэма дадатковай адукацыі ў Беларусі

Быць у працэсе пошуку — нармальны стан любога дзіцяці.