Вы тут

Што выпускнікам трэба ведаць пра размеркаванне


Вясна для выпускнікоў устаноў прафесійнай адукацыі — напружаны і трывожны час, бо менавіта цяпер вырашаецца іх далейшы лёс. Сёлета па шэрагу кірункаў падрыхтоўкі адбудзецца падвоены выпуск спецыялістаў, якія навучаліся па чатырох- і пяцігадовай праграме вышэйшай школы. Сітуацыя на рынку працы складваецца даволі напружаная. Знайсці работу без прафесійнага досведу наваспечаным маладым спецыялістам не так ужо і проста. Але гэта не перашкаджае выпускнікам марыць быць размеркаванымі ў любы населены пункт, дзе ёсць метро, пажадана ў навукова-практычны цэнтр, прычым адразу «вузкімі» спецыялістамі. Перспектыва адправіцца ў глыбінку мала каго прываблівае...

Як ставіцца да будучага размеркавання — як да сацыяльнай перавагі або як да малапрыемнага абавязку — няхай кожны вырашае для сябе сам. А мы дапаможам будучым выпускнікам знайсці адказы на пытанні, якія будуць для іх актуальныя ў найбліжэйшыя месяцы.


Каго размяркуюць абавязкова?

Усіх, хто правучыўся на дзённай бюджэтнай форме не менш за палову ад агульнага тэрміну навучання. Гэта значыць, што студэнт ВНУ, які навучаўся за кошт бюджэтных сродкаў і быў адлічаны, напрыклад, на трэцім курсе, а затым аднавіўся і давучваўся ўжо за кошт уласных сродкаў, таксама можа быць размеркаваны. Пры гэтым тэрмін працы па размеркаванні не змяншаецца прапарцыянальна часу навучання за кошт уласных сродкаў: выпускнік будзе абавязаны адпрацаваць па размеркаванні два гады, як і яго аднакурснікі-«бюджэтнікі». А вось пры разліку сумы, якую выпускнік абавязаны будзе вярнуць дзяржаве ў якасці кампенсацыі за сваё нежаданне працаваць па размеркаванні, час яго платнага навучання ўключацца не будзе.

Калі студэнт больш за палову тэрміну вучыўся за кошт бюджэтных сродкаў, а затым перавёўся на платнае завочнае аддзяленне, то ён таксама трапляе пад размеркаванне. За выключэннем выпадку, калі ўжо працуе па сваёй спецыяльнасці.

Куды можна размеркавацца?

Да любой юрыдычнай асобы, не мае значэння, прыватная гэта арганізацыя ці дзяржаўная. Але, паводле Палажэння аб размеркаванні, пераважнае права на задавальненне сваёй патрэбы ў спецыялістах мае базавая арганізацыя. Гэта структура, якая заключае дагавор з установай адукацыі аб узаемадзеянні і, адпаведна, бярэ на сябе абавязацельствы па забеспячэнні студэнтаў рабочымі месцамі для практыкі і працаўладкавання маладых спецыялістаў. Згодна з дагаворам, базавая арганізацыя можа аказваць дапамогу і ў арганізацыі вучэбнага працэсу — напрыклад, у стварэнні на прадпрыемстве кафедраў. «Базавая арганізацыя» — паняцце дастаткова шырокае: гэта могуць быць і акцыянерныя таварыствы, і рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій, і бюджэтныя арганізацыі.

Пасля задавальнення патрэб у спецыялістах непасрэдных заказчыкаў кадраў можа весціся размеркаванне выпускнікоў у адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю і прысвоенай кваліфікацыяй у іншыя арганізацыі — на падставе іх пісьмовых заявак.

Пісьмовыя заяўкі арганізацый — заказчыкаў кадраў і іншых арганізацый будуць задавальняцца ў наступных выпадках:

  • калі выпускнікі ўключаны ў банк звестак адоранай моладзі і банк звестак таленавітай моладзі;
  • калі запыты паступілі з арганізацый, дзе выпускнікі праходзілі вытворчую і пераддыпломную практыку;
  • калі адсутнічаюць месцы працы, якія адпавядаюць пададзеным ва ўстанову адукацыі заказчыкамі кадраў заяўкам на падрыхтоўку спецыялістаў.

Прасцей кажучы, персанальныя заяўкі будуць задавальняцца або ў выпадку адсутнасці заявак ад непасрэдных заказчыкаў кадраў, або ў выпадку наяўнасці такога важнага аргумента, як праходжанне выпускніком практыкі на пэўным прадпрыемстве ці ў арганізацыі. Аднак гарантыі, што персанальная заяўка будзе задаволена, усё ж няма.

Да таго ж у персанальнай заяўцы павінна быць дакладна прапісана, на якую пасаду вас бяруць, і калі прапанаваная вам пасада не адпавядае профілю вашай спецыяльнасці, то такую заяўку могуць смела праігнараваць. Трэба разумець, што размеркаванне — гэта працаўладкаванне па спецыяльнасці.

Якім чынам вызначаецца чарговасць размеркавання?

Рашэнне аб размеркаванні выпускніка прымаецца з улікам:

  • вынікаў яго паспяховасці; удзелу ў навукова-даследчай дзейнасці, грамадскай рабоце;
  • месца праходжання вытворчай і пераддыпломнай практыкі;
  • стану здароўя, сямейнага становішча і месца жыхарства сям'і;
  • рэкамендацыі ўстановы адукацыі аб найбольш мэтазгодным накіраванні выпускніка на працу і яго асабістых пажаданняў.

Ці можна адмовіцца ад размеркавання па прычыне невыдзялення наймальнікам жылля?

Умова аб выдзяленні маладым спецыялістам жылога памяшкання наймальнікам можа быць агаворана ў накіраванні на працу і працоўным дагаворы (кантракце). Аднак забеспячэнне маладога спецыяліста жыллём — гэта права, а не абавязак наймальніка. Адзіная гарантыя ў гэтай сферы, замацаваная на дзяржаўным узроўні, — права маладога спецыяліста, які прыбыў па месцы размеркавання, стаць на ўлік асоб, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, без дадатковых патрабаванняў па неабходным тэрміне пражывання ў адпаведным населеным пункце. У тым ліку ў Мінску і Мінскім раёне.

Чым адрозніваецца размеркаванне ад мэтавага накіравання?

Па-першае, мэтавае накіраванне гарантуе бясплатнае навучанне і пастаянную стыпендыю, але «адмазацца» ад адпрацоўкі ці памяняць месца працы амаль нерэальна. Выпускнік мусіць адпрацаваць на прадпрыемстве, з якім ён і яго ВНУ заключылі дагавор. Напрыклад, перад паступленнем у педуніверсітэт малады чалавек падпісвае з аддзелам адукацыі дагавор і абавязуецца пасля заканчэння вучобы вярнуцца працаваць у родныя мясціны. І нават калі за час навучання зменіцца яго сямейнае становішча і жыццёвыя планы, пасля атрымання дыплома ён усё роўна будзе абавязаны туды вярнуцца.

Па-другое, калі працаваць па размеркаванні пасля ВНУ прыйдзецца два гады, то па мэтавым накіраванні — аж пяць гадоў.

Як атрымаць свабодны дыплом?

Установа адукацыі павінна выдаць свабодны дыплом, калі не можа забяспечыць выпускнікоў месцамі для размеркавання згодна з заканадаўствам. Калі заявак менш, чым выпускнікоў, то выпускніку могуць прапанаваць працаўладкаванне не зусім па яго спецыяльнасці. Апошнім часам размеркавацца не зусім па сваёй спецыяльнасці прасцей, чым затым пераразмеркавацца. І гэта таксама трэба мець на ўвазе. Таму, калі камісія не можа забяспечыць выпускніку працу па спецыяльнасці, патрабуйце даведку аб свабодным працаўладкаванні.

Апошнім часам жаданне быць накіраванымі на першае працоўнае месца ўсё часцей выказваюць і студэнты-«платнікі». У выпускніка, які навучаўся за ўласныя сродкі, ёсць магчымасць адмовіцца ад накіравання, але толькі да таго моманту, пакуль ён не падпіша з наймальнікам кантракт. Выпускнік можа паехаць на месца размеркавання, агледзецца, ацаніць узровень заработнай платы, умовы працы, наяўнасць сацыяльных гарантый, арганізацыю, нарміраванне працы і для сябе прыняць рашэнне наконт свайго далейшага працаўладкавання. Калі ён наогул адмаўляецца ад гэтага месца працы, то вяртаецца ў сваю навучальную ўстанову і здае выдадзенае накіраванне. Узамен атрымлівае даведку аб свабодным працаўладкаванні. У адрозненне ад выпускніка-«бюджэтніка», да яго не могуць прымяніць ніякіх карных санкцый. Магчыма, тым, хто канчаткова не вызначыўся з далейшымі жыццёвымі планамі, ёсць сэнс пайсці на кампраміс — напрыклад, заключыць кантракт тэрмінам не на два гады, а на год. Адным словам, трэба ўзважыць усе «за» і «супраць», бо кантракт ёсць кантракт.

Ці можна пайсці вучыцца далей?

Лепш за ўсё не рабіць перапынкаў паміж навучаннем і паступаць, напрыклад, ва ўстанову вышэйшай адукацыі — у год заканчэння сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы, а ў магістратуру — у год заканчэння навучання на першай ступені вышэйшай школы.

Паступленне на платную форму навучання ў магістратуру пасля бюджэтнага навучання ў ВНУ зараз магчымае толькі пасля адпрацоўкі размеркавання па выніках навучання на першай ступені ці пасля вяртання сродкаў адпаведна неадпрацаванаму тэрміну.

Пры паступленні ў магістратуру павінны выконвацца тры асноўныя ўмовы, каб размеркаванаму выпускніку не давялося вяртаць у бюджэт сродкі за сваё навучанне на першай ступені. Па-першае, паступіць у магістратуру неабходна ў год заканчэння навучання на першай ступені вышэйшай адукацыі; па-другое, навучанне ў магістратуры павінна праходзіць за кошт бюджэтных сродкаў і, па-трэцяе, дапускаецца толькі дзённая форма атрымання адукацыі. Пры адпаведнасці гэтым крытэрыям выпускнік зможа здаць сваё накіраванне ва ўстанову адукацыі, якая яму яго выдала, а пытанні размеркавання вырашаць пасля паспяховага заканчэння магістратуры.

Выпускнік магістратуры можа быць размеркаваны нанова альбо накіроўваецца на адпрацоўку па месцы першага свайго размеркавання. Калі пасля заканчэння навучання на першай ступені ён адпрацаваў адзін год і толькі затым паступіў на дзённую форму навучання магістратуры, то, адпаведна, яму неабходна будзе выбіраць: сумяшчаць працу з навучаннем, што магчыма толькі пры ўмове геаграфічнай блізкасці месца працы і ўстановы адукацыі, або вяртаць дзяржаве сродкі за адзін неадпрацаваны год.

Якія меры можа прыняць выпускнік, нязгодны з вынікамі размеркавання?

Максімум, што камісія можа для яго зрабіць, гэта адкласці разгляд справы да выніковага пасяджэння. Магчыма, за гэты час ён зможа дакументальна аформіць сваю пазіцыю і дабіцца іншага месца размеркавання ці атрымаць магчымасць свабоднага працаўладкавання. Апратэставаць вынікі размеркавання немагчыма. Але застаецца яшчэ пераразмеркаванне, падставы для якога таксама яшчэ трэба будзе камісіі даказваць.

Ці можна «адкупіцца» ад размеркавання?

Яшчэ на этапе размеркавання выпускнік можа заявіць пра сваё нежаданне працаваць па размеркаванні ці мэтавым накіраванні і звярнуцца па разлік сумы сродкаў, выдаткаваных на яго навучанне. Пасля ўнясення сродкаў ён можа атрымаць даведку аб свабодным працаўладкаванні.

У тым выпадку, калі малады спецыяліст не прыступіў да працы ці звольніўся да заканчэння тэрміну абавязковай адпрацоўкі і не жадае вяртаць у бюджэт сродкі ў добраахвотным парадку, грошы будуць спаганяцца з яго ў судовым парадку.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Вучыўся на бюджэце? Вяртай даўгі!

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

Пра гэта ўчора казалі высокія госці на ўрачыстым мерапрыемстве, прымеркаваным да юбілею газеты.

Спорт

Анастасія Марыніна: Баскетбол 3х3 — гэта заўсёды відовішча

Анастасія Марыніна: Баскетбол 3х3 — гэта заўсёды відовішча

Гэта адзін з нямногіх гульнявых відаў спорту, што былі ўключаны ў праграму ІІ Еўрапейскіх гульняў. 

Грамадства

«Захад-2017». Постфактум

«Захад-2017». Постфактум

Задачы сумеснага стратэгічнага вучэння выкананы на высокім узроўні.

Грамадства

На Гродзеншчыне ўшанавалі хлеб, лён, бульбу, памідор і дуб

На Гродзеншчыне ўшанавалі хлеб, лён, бульбу, памідор і дуб

Самабытныя, смачныя і пазнавальна-творчыя святы адбыліся сёлета ў розных раёнах Гродзеншчыны.