Вы тут

«Калі заклікаю размаўляць на роднай мове — раблю гэта па-беларуску»


Юнкары, увага!

Сёння мы друкуем чарговыя найлепшыя «пробы пяра» юных і маладых няштатных аўтараў, што паступілі на наш творчы конкурс. Ён, між іншым, павольна выходзіць на фінішную прамую: не паспеем азірнуцца, як хутка падводзіць вынікі. Зробім мы гэта да пачатку ўступнай кампаніі. Таму тым, хто мае намер таксама паўдзельнічаць у творчым спаборніцтве, але яшчэ не наважыўся гэта зрабіць, раім крыху паспяшацца. Пераможцы, тыя, хто сёлета збіраецца паступаць на журфак, апроч грамат атрымаюць ад рэдакцыі рэкамендацыі. Нагадваем, што з умовамі правядзення конкурсу больш падрабязна можна пазнаёміцца ў нумары «Чырвонкі. Чырвонай змены» ад 21.10.2016 года. Усім плёну і творчых поспехаў!


На пасадзе першага сакратара Дзяржынскай раённай арганізацыі БРСМ Кірыл Шлык — усяго год. Але колькі сябе памятае сам, заўсёды быў ініцыятыўным і актыўным. Хлопцу падабалася рабіць нешта карыснае, дапамагаць іншым. Да таго, як заняць цяперашнюю пасаду, Кірыл быў мясцовым дэпутатам, працаваў дырэктарам Дома культуры. Кажа, што яму заўсёды падабалася мець стасункі з рознымі людзьмі. «Але я разумеў, што ў мяне не так шмат магчымасцяў, каб дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Таму калі прапанавалі новую работу і аднагалосна падтрымалі — пагадзіўся», кажа суразмоўца.

— Вы ўсю нашу сустрэчу размаўляеце па-беларуску...

— Я вельмі люблю родную мову. Лічу, што чалавек абавязкова павінен ведаць сваю нацыянальную мову, каб яна не стала «мёртвай». Родная мова — у нашай ДНК. Нават размаўляючы па-руску, мы ўсё роўна робім гэта з беларускім акцэнтам, шмат выкарыстоўваем беларускіх слоў. У апошнія гады родная мова стала больш папулярнай. Мы бачым гэта ў тым ліку па рэкламе на тэлебачанні. Вядомыя брэнды пераходзяць на беларускую мову, на ёй здымаецца больш фільмаў. Карыстаюцца папулярнасцю і курсы «Мова нанова» — яны збіраюць каля 500 чалавек штотыднёва, працуюць ва ўсіх буйных гарадах нашай краіны.

Што датычыцца Дзяржыншчыны, то і ў нас тэндэнцыя вельмі станоўчая. Напрыклад, калі я працаваў дырэктарам Чаркаскага Дома культуры, мы ладзілі беларускамоўныя дыскатэкі, падбіралі па 10—15 прыгожых мелодый. Імкнуліся далучыць людзей да сучаснай беларускай музыкі, бо не ўсе ведаюць, што ў нашых аўтараў, напрыклад, ёсць вельмі прыгожыя кампазіцыі. Кожную дыскатэку завяршалі песняй «Затрымай мяне» гурта «Аўра», і яна стала сапраўдным хітом. Штогод на Дзяржыншчыне праводзіцца раённае «Свята беларускай мовы», якое ў 2013 годзе я пачаў ладзіць у Доме культуры. Дарэчы, тады прайшоў і тыдзень беларускай мовы, у мерапрыемствах якога паўдзельнічала каля тысячы чалавек.

— А што вы думаеце наконт «трасянкі»?

— Сапраўды, яна даволі шырока распаўсюджана. Але гэта не значыць, што мы не павінны імкнуцца да правільнай, літаратурнай мовы. Мне спатрэбіўся амаль год, каб цалкам перайсці на беларускую мову. Я шмат чытаю на роднай мове, і мне прыемна адзначыць, што традыцыі класікаў беларускай літаратуры працягваюць прадстаўнікі маладога пакалення. На жаль, не ўсе гэта ведаюць. Важна зразумець, што беларуская мова — не толькі ў школьнай праграме. Яна жывая і натуральная, а яшчэ — крэатыўная, модная і вельмі прыгожая.

Мы плануем запусціць праект «Дзяржыншчына беларускамоўная», у якім будзем аб'ядноўваць людзей, якія папулярызуюць родную мову. Правядзём своеасаблівы перапіс насельніцтва і паглядзім, колькі нашых землякоў на ёй размаўляюць або імкнуцца размаўляць. Людзі змогуць знайсці аднадумцаў, атрымаць дапамогу. Бо што патрэбна напачатку? Знаёмыя, якія падзяляюць твае погляды. Калі браць шырэй, то толькі ўласным прыкладам можна аказаць на моладзь нейкае ўздзеянне. Калі я заклікаю размаўляць на роднай мове — я раблю гэта па-беларуску, калі прапаную слухаць нашу музыку — сам яе слухаю.

Я размаўляю на той мове, на якой гаварылі Янка Купала, Якуб Колас, іншыя выбітныя людзі гэтай зямлі. І мне прыемна гэта асэнсоўваць. Я адчуваю сваю далучанасць да гісторыі нашай дзяржавы, да яе культуры і традыцый.

Пра аўтара

Сама сябе аўтарка называе вельмі актыўнай і пазітыўнай дзяўчынай. І разнапланавай асобай.

— З шасці гадоў займаюся танцамі, люблю спяваць, ствараць свае песні і вершы. Летась выйшаў зборнік,
у якім ёсць і мае творы. Маю ўзнагароды з розных конкурсаў. У вольны час мне падабаецца чытаць, катацца на роліках, а таксама гуляць з сябрамі, — расказвае дзяўчына.

Ангеліне — 16 гадоў, і сёлета яна збіраецца паступаць на журфак. Дарэчы, аўтарка ўжо друкавалася на старонках «Чырвонкі. Чырвонай змены», але ў нашым творчым конкурсе бярэ ўдзел упершыню. «Калі я стану дарослай, мару шмат падарожнічаць і пазнаваць цікавае».

Ангеліна НОВІКАВА, вучаніца 11 класа гімназіі №1 г. Дзяржынска

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».