Вы тут

Паштоўкі нашай дабрыні


Юнкары, увага!

Сёння мы друкуем чарговыя найлепшыя «пробы пяра» юных і маладых няштатных аўтараў, што паступілі на наш творчы конкурс. Ён, між іншым, павольна выходзіць на фінішную прамую: не паспеем азірнуцца, як хутка падводзіць вынікі. Зробім мы гэта да пачатку ўступнай кампаніі. Таму тым, хто мае намер таксама паўдзельнічаць у творчым спаборніцтве, але яшчэ не наважыўся гэта зрабіць, раім крыху паспяшацца. Пераможцы, тыя, хто сёлета збіраецца паступаць на журфак, апроч грамат атрымаюць ад рэдакцыі рэкамендацыі. Нагадваем, што з умовамі правядзення конкурсу больш падрабязна можна пазнаёміцца ў нумары «Чырвонкі. Чырвонай змены» ад 21.10.2016 года. Усім плёну і творчых поспехаў!


У верасні 2011 года гіпермаркет «BІGZZ» заснаваў дабрачынны фонд «Дапамога — гэта проста!», мэта дзейнасці якога заключаецца ў аказанні падтрымкі дзецям-сіротам, тым з іх, хто застаўся без апекі бацькоў, а таксама хворым хлопчыкам і дзяўчынкам. Узначаліла гэту дабрачынную арганізацыю Алена Маніна, чалавек незвычайнай энергіі і вялікага сэрца: спагадлівага і міласэрнага, напоўненага любоўю і клопатам да тых, каму патрэбна дапамога.

— З чаго для вас пачалася дабрачыннасць?

— Па адукацыі я юрыст. Падчас маёй работы ў банку да нас прыйшло пісьмо з просьбай аб дапамозе з аднаго з дзіцячых дамоў Віцебшчыны. Пасля яго наведвання я зразумела, што не змагу больш быць абыякавай да праблем тых, хто мае патрэбу ў падтрымцы. Потым змяніла месца работы, трапіла ў калектыў аднадумцаў, якія гатовы былі актыўна займацца дабрачыннасцю. Я прапанавала стварыць спецыяльны фонд і выказала гатоўнасць яго ўзначаліць. Так і пачалася сур'ёзная штодзённая праца.

— І з якімі цяжкасцямі найперш давялося сутыкнуцца?

— Па-першае, гэта банальны недахоп ведаў. Прыйшлося закончыць спецыяльныя курсы, займацца самаадукацыяй, штосьці высвятляць, пісаць запыты. Вырашыла нават атрымаць другую вышэйшую адукацыю, каб быць кампетэнтнай ва ўсіх пытаннях, з якімі даводзіцца сутыкацца.

Па-другое... Напрыклад, займаючыся дзецьмі з сацыяльных прытулкаў, я зразумела, што неабходна штосьці мяняць у людзях, якія працуюць там з імі. Не ўсе з іх жадаюць вучыцца. Давялося шукаць спосабы, якімі можна было б
паўплываць на іх светапогляд, падахвоціць да актыўнай дзейнасці.

— Акрамя працы, вы яшчэ вучыцеся ў БДУ, многа вандруеце. Як удаецца на ўсё знаходзіць час?

— Калі ёсць жаданне, няма нічога немагчымага. Зараз вельмі многа чаго планую, стараюся ўсё выконваць. У мяне наогул вялікая цікавасць да жыцця, таму, напэўна, і ўдаецца вандраваць, купацца зімой, наведваць розныя мерапрыемствы і ўсё гэта сумяшчаць з асноўнай працай і кіраўніцтвам фондам. Больш за тое, у мяне яшчэ застаецца вольны час, і ўсё гэта таму, што ёсць пастаяннае жаданне рабіць штосьці карыснае.

— Адна з акцый фонду называецца «Дабрачынная паштоўка». Як нарадзілася ідэя яе правядзення?

— Яна належыць аднаму чалавеку, які і падштурхнуў мяне заняцца дабрачыннасцю. Сутнасць ідэі заключаецца ў тым, што трэба нешта прапаноўваць людзям у якасці матэрыяльнага пацвярджэння добрага ўчынку. Я доўга думала, што гэта можа быць. І нарэшце вырашыла рабіць паштоўкі па матывах работ мастакоў. У кожнай з іх схавана нейкае пасланне, праз якое чалавек можа сказаць або перадаць яго іншаму.

— Якім чынам ахвотныя могуць аказаць дапамогу фонду?

— Самы просты спосаб — набываць паштоўкі, таму што кожная капейка ад іх продажу ідзе на дабрачынны рахунак. Больш складаны спосаб, на які не кожны адважваецца, — гэта ўдзел у нашых акцыях і мерапрыемствах.

Пра аўтара

Па прызнанні Ульяны, яна не ўяўляе свайго жыцця без чытання і падарожжаў. Вандраваць дзяўчына любіць як па роднай краіне, так і па нязведаных замежных.

— Таксама захапляюся посткросінгам, бо гэта танны спосаб падарожнічаць, седзячы дома. Мне вельмі падабаюцца папяровыя лісты, друкаваныя здымкі і плёначныя фотаапараты. Хоць хтосьці лічыць тое нечым састарэлым. Люблю фатаграфаваць людзей за іх штодзённымі заняткамі, — гаворыць 16-гадовая аўтарка. — Хачу паспрабаваць сябе ў розных сферах дзейнасці, таму шмат чым ужо займалася, пачынаючы з музыкі і заканчваючы фігурным катаннем. Люблю знаёміцца з новымі людзьмі і даведвацца нешта новае для сябе.

Ульяна КАСЦЮНІНА, вучаніца 10 класа Ліцэя БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?