Вы тут

Навошта фізіку паяльнік?


Малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыі фізікі газавага разраду Інстытута фізікі імя Б.І. Сцяпанава НАН Беларусі Аляксандра КАЗАК за распрацоўку плазменнай устаноўкі для стэрылізацыі медыцынскага інструмента і лячэння некаторых хвароб сёлета атрымала стыпендыю Прэзідэнта краіны. Пра сваю любоў да фізікі і тое, як у даследаваннях дапамагае... сабака, яна расказала «Чырвонцы. Чырвонай змене».


Лю­боў да кан­струк­та­раў ха­рак­тэр­на не толь­кі для хлоп­цаў.

Плазмай па мікраарганізмах

— Асноўная сфера прымянення маёй распрацоўкі — барацьба з рознага кшталту мікраарганізмамі, — тлумачыць дзяўчына. — На аб'ект уздзейнічаюць газавымі кампанентамі, якія ўзнікаюць у паветры падчас разраду: мона- і дыяксід азоту, азоцістая кіслата і азон. Думаю, многія чулі пра так званыя NO-тэрапію і азанаванне, гэта нешта падобнае.

Стэрылізацыя інструментаў і паверхняў, прадуктаў харчавання і ўпаковак для іх, зажыўленне хранічных і гнойных ран — з усімі гэтымі праблемамі паспяхова спраўляецца распрацоўка маладога вучонага. Акрамя таго, плазма дапамагае хутчэй залечваць невялікія свежыя раны і драпіны — монааксід азоту з'яўляецца своеасаблівым «маркерам» для лейкацытаў, які «падказвае» месца пашкоджання. Аляксандра не хавае, што выпрабоўвала ўстаноўку на сабе, і сцвярджае, што пасля апрацоўкі плазменным струменем зажыўленне праходзіць у разы хутчэй. Яшчэ адзін паддоследны — сабака дзяўчыны, які хварэе на хранічны атыт. Пасля некалькіх працэдур сімптомы зніклі.

Калі большасць плазменных установак сілкуецца ад крыніц магутнасцю ў дзясяткі кілавольт, то распрацоўка Аляксандры патрабуе не больш за адзін кВ. Акрамя гэтага, многія аналагі патрабуюць імпульснага току — разрад зноў і зноў праскоквае паміж электродамі, з-за чаго метал, фактычна, «выпарваецца». У праекце дзяўчыны выкарыстоўваецца пастаянны ток — разрад адбываецца адзін раз, а потым толькі падтрымліваецца, што дапамагае захаваць электроды і пазбегнуць металізацыі тканак.

— Доследная ўстаноўка створана, — расказвае Аляксандра, — далей да работы павінны прыступіць біёлагі і эканамісты. Я ж вазьмуся за нешта новае, фізіка плазмы мяне па-ранейшаму цікавіць. Акрамя таго, буду працягваць займацца фундаментальнай навукай. У мяне ўжо выйшлі 34 публікацыі і нават артыкул у калектыўнай манаграфіі. Цяпер працую над кандыдацкай дысертацыяй.

Тэм­пе­ра­ту­ра раз­ра­ду ў плаз­ме мо­жа да­ся­гаць дзвюх ты­сяч гра­ду­саў Кель­ві­на.

У пошуках неардынарнага

— Мой бацька — электрык, пэўна, ад яго ўсё і пайшло, — прыгадвае дзяўчына. — У дзяцінстве любіла круціць і разбіраць усё запар. Неяк дапамагала мяняць разеткі — устроіла феерверк. Але ўсё абышлося. Увогуле, без лішняй сціпласці, я была здольным дзіцем: пачала размаўляць і хадзіць у восем месяцаў, першыя словы прачытала ў паўтарагадовым узросце. Падчас паступлення іншыя ВНУ, акрамя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, нават не разглядала. Выбірала толькі паміж факультэтамі: фізічным і прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. Хадзіла на дні адкрытых дзвярэй, кірмашы факультэтаў. Схілілася ў бок першага, бо мяне пераканалі ў тым, што там даюць добрую базу і па матэматыцы, і па фізіцы, і па праграміраванні.

Пасля паступлення Аляксандра абрала навукова-даследчую дзейнасць — яшчэ з шостага класа марыла працаваць у Акадэміі навук. Дзяўчына запэўнівае: пра свой выбар не пашкадавала, хоць на малодшых курсах часам праводзіла ва ўніверсітэце дні напралёт. На яе думку, фізічны факультэт БДУ вылучаецца тым, што студэнтаў вучаць не канкрэтным алгарытмам дзеянняў для рашэння задач, а творчаму і неардынарнаму падыходу да любой праблемы. Менавіта таму многія выпускнікі ідуць у навуку — сферу, дзе супрацоўнікі самі шукаюць для сябе неардынарныя задачы.

Мара пра Акадэмію навук спраўдзілася яшчэ на трэцім курсе — на кафедры атамнай фізікі, дзе вучылася дзяўчына, гэта стандартная практыка: студэнтаў заахвочваюць працаваць у навуковых установах, з якімі супрацоўнічае факультэт.

— Выдатна памятаю сваю гутарку з загадчыкам лабараторыі, калі прыйшла сюды, — смяецца Аляксандра. — Ён мне кажа: «Ты хочаш тут працаваць? Але ў нас трэба свідраваць». Я адказваю: «Умею свідраваць». Загадчык зноўку: «У нас трэба паяць». Кажу: «А ў мяне ёсць уласны паяльнік». Можа, гэта і стала вырашальным фактарам? Хаця, думаю, па мне было відаць, што матывацыя — бязмежная. Дарэчы, паяльнік быў падарункам ад аднагрупнікаў на дзень нараджэння.

Пер­шым вы­пра­ба­валь­ні­кам уста­ноў­кі, як гэ­та ня­рэд­ка бы­вае, ста­ла са­ма вы­на­ход­ні­ца.

Рознагалоссі — абгрунтаваныя!

— Адзін з галоўных плюсоў маёй работы — магчымасць паўдзельнічаць у канферэнцыях, — сцвярджае аспірантка. — Я ніколі столькі не падарожнічала, як пасля прыходу ў інстытут! Пэўна, найбольш запомнілася паездка ў Сербію — туды мяне «саслалі» на двухтыднёвую стажыроўку ў адну з лабараторый Бялградскага ўніверсітэта, з якім мы цесна супрацоўнічаем. Задачай было правесці даследаванні свайго струменя на іх абсталяванні і ўбачыць плазменны струмень, які атрымалі сербскія навукоўцы. Гэта быў вельмі карысны досвед. Вядома, уразіў і сам горад, дастаткова сказаць, што ў Бялградзе знаходзіцца музей легендарнага фізіка Ніколы Тэслы. Яшчэ была ў Бельгіі, Славакіі, Расіі...

Нягледзячы на такую любоў да навукі, часу на асабістае жыццё аспірантцы таксама хапае — нядаўна яна выйшла замуж. Выбраннікам Аляксандры, што не дзіўна, стаў фізік — хлопец, што вучыўся на старшым курсе фізфака. Цяпер ён працуе літаральна цераз дарогу — у РУП «Геаінфармацыйныя сістэмы», дзе кіруюць дзейнасцю першага беларускага спадарожніка. Па словах дзяўчыны, агульная любоў да навукі сямейнаму жыццю не замінае. Хутчэй наадварот: канфліктаў паміж двума фізікамі практычна не бывае, усе рознагалоссі вырашаюцца простым патрабаваннем: «Абгрунтуй!»

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: «Маркер» для лейкацытаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?