26 Верасень, серада

Вы тут

Кацярына Захарэвіч: «Бярозка» перамен не баіцца!


Галоўны рэдактар газеты ці часопіса адразу ж уяўляецца сур'ёзным чалавекам з багатым прафесійным і жыццёвым досведам. А вось выданням для школьнікаў і студэнтаў пойдзе на карысць не толькі вопыт, але і маладосць, смеласць, рызыкоўнасць. Таму і навіну пра тое, што новым галоўным рэдактарам часопіса «Бярозка» стала 22-гадовая Кацярына Захарэвіч, многія ўспрынялі пазітыўна. Маўляў, маладой актыўнай дзяўчыне, якая сама піша прозу і вершы, лягчэй будзе знайсці агульную мову з чытачамі, пераважна школьнікамі. Сёння мы гутарым з Кацярынай пра тое, якія змены чакаюць «Бярозку» ў хуткім часе і якіх аўтараў заўсёды рады вітаць у рэдакцыі.


— Адчуваеце адказнасць перад чытачом. Магчыма, страшна?

— Не магу сказаць, што пачуццё адказнасці вырасла — я прывыкла да думкі, што хтосьці, магчыма, чытае мае тэксты, і гатовая адказаць за свае словы. Што сапраўды страшна, дык гэта падвесці калег ці пазаштатных аўтараў: няправільна зразумець іх, сапсаваць працу лішняй праўкай. Баюся стаць рэдактарам, які перашкаджае выданню.

— Якія тэмы на старонках часопіса выклікаюць найбольшы рэзананс, становяцца самымі чытанымі?

— Мне здаецца, прайшлі тыя часы, калі матэрыялы друкаваных СМІ горача абмяркоўваліся, аспрэчваліся ці ўхваляліся. Прынамсі, наш патэнцыйны чытач, гартаючы выданне, прыслухоўваецца: ці адпавядае яно яго інтарэсам, ці будзе карысным, ці дапоўніць светапогляд. Калі адказ «не», то ніхто не напіша гнеўны ліст у рэдакцыю, а знойдзе іншую крыніцу інфармацыі, якая яго задаволіць. У гэтым ёсць праблема: мы ніколі не даведаемся дакладна, што трэба нашай мэтавай аўдыторыі. Але ёсць і добрая навіна: існуюць чытачы — і іх даволі шмат — з якімі мы супалі. Што датычыцца канкрэтных матэрыялаў, то са свайго пункту гледжання магу сказаць, што самымі выйгрышнымі здаюцца калумністыка, псіхалагічныя і сацыяльныя матэрыялы. І забаўляльныя артыкулы — куды ж без іх?

— Якім павінен быць тэкст, каб яго апублікавалі?

— Напісаны неабыякавым аўтарам. Зразумела, што далёка не ва ўсіх адразу атрымліваецца зрабіць добры матэрыял, але калі аўтару не ўсё адно, што пісаць і дзе друкавацца, то мы можам разам перапрацаваць тэкст некалькі разоў, пакуль ён не будзе дастаткова якасным.

— Хто вашы аўтары? Рэдакцыйная пошта вялікая?

— Большасць аўтараў «Бярозкі» — пазаштатнікі: вучні старшых класаў і студэнты. Калі часопіс толькі аднавіў самастойнасць, сабраць «рэдакцыйны партфель» было вельмі няпроста. Але цяпер, на шчасце, гэтай праблемы няма. З'явілася іншая — як змясціць максімум цікавых, карысных, важных тэкстаў на абмежаванай колькасці старонак. Мяне вельмі цешыць адчуванне, што праз «Бярозку» праходзіць пэўная плынь школьнікаў, захопленых журналістыкай і літаратурай. Яны пішуць нам, пэўны час «растуць» з намі, потым сыходзяць, а на іх месца прыходзяць наступныя.

— Ці працуеце ў сеціве? Атрымліваеце там водгукі ад чытачоў?

— Усе стасункі з аўтарамі і чытачамі падтрымліваю праз асабістыя старонкі ў сацыяльных сетках. Так кожны аўтар не застаецца проста іменем пад тэкстам, а бачыцца жывой асобай. І рэдактар — чалавек, да якога заўсёды можна звярнуцца з пытаннямі, папрацаваць разам. У прыват атрымліваю і водгукі на нумары — апошнім часам іх даволі шмат, абсалютная большасць — станоўчыя. Працуем, вядома, з суполкай «Бярозкі» «УКантакце». Я неймаверна ўдзячная Марыі Шкляр, нашай пастаяннай чытачцы і аўтарцы, бо яна ўзяла на сябе вялікую частку працы ў суполцы проста таму, што любіць часопіс. Яшчэ літаральна нядаўна стварылі свой канал на YouTube і пакрысе здымаем ролікі, каб напаўняць яго.

— Не так даўно часопіс крыху змяніў дызайн вокладкі, стаў больш сучасным па афармленні. І надалей плануеце эксперыментаваць з яго вонкавым выглядам?

— Змены ў дызайне звязаныя са зменамі ў змесце. Са снежня мінулага года мы пачалі аб'ядноўваць матэрыялы кожнага нумара тэмай, дастаткова шырокай, каб можна было раскрыць яе максімальна разнастайна, і ў той жа
час выразнай, каб яна «трымала» нумар. Напачатку я ўнутрана супраціўлялася гэтай ідэі, але, на шчасце, мяне ніхто не падтрымаў. Цяпер мы і па змесце, і па дызайне набліжаемся да той «Бярозкі», якую трымаем за ідэал. Эксперыментаў не баімся, і калі зноў адчуем патрэбу ў зменах, то чаму б і не?

— Што плануеце змяніць у «Бярозцы», а што — пакінуць традыцыйным, звыклым для чытачоў?

— Мне здаецца, што галоўная традыцыя часопіса — пастаянна мяняцца. І напрамак гэтых змяненняў кожным сваім тэкстам вызначаюць аўтары, кожным водгукам — чытачы, і кожным працоўным днём — рэдактары. Галоўная мая задача — сабраць гэта ў сістэму, не прыціскаючы сваім бачаннем.

— Вы і самі актыўна пішаце паэзію і прозу. У якім жанры падабаецца працаваць найбольш?

— Не назвала б сваё «пісьменніцтва» актыўным — пішу толькі тады, калі зусім няма чым апраўдаць непісанне. Мне заўсёды трэба мець абгрунтаванне, навошта я пішу, і гэтае абгрунтаванне ніхто так не руйнуе, як я сама, — ці то з-за звышпатрабавальнасці, ці то з-за звышляноты. Больш падабаецца пісаць вершы — у гэтым працэсе найменш працы. Як бы ні было смешна чуць, што вершы аднекуль прыходзяць, са мной гэта адбываецца менавіта так. Мне здаецца, што ў паэзіі больш складана ў нечым незаўважна памыліцца. І ў той жа час любая памылка ў вершы больш вартая даравання, чым у прозе, таму што не ў поўнай меры залежыць ад аўтара.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі. 

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.