Вы тут

Валанцёрскі атрад «Адкрытыя сэрцы» зладзіў акцыю «Дары дабро»


Валанцёрскі атрад «Адкрытыя сэрцы» пярвічнай арганізацыі БРСМ ААТ «Гомсельмаш» вось ужо трынаццаць гадоў дорыць дабро, шчасце і любоў тым, хто мае ў іх патрэбу найбольш за ўсіх. Атрад аб'ядноўвае больш як 60 актывістаў, якія працуюць на прадпрыемстве пераважна ў цэху рэжучых барабанаў. Валанцёры не толькі прымаюць удзел ва ўсіх гарадскіх і рэспубліканскіх акцыях, але і самі арганізуюць іх.


На адрас прадпрыемства штогод прыходзяць удзячныя лісты ад адміністрацыі Гомельскага абласнога дома дзіцяці для дзяцей з паражэннем цэнтральнай нервовай сістэмы і парушэннямі псіхікі, а таксама ад тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Чыгуначнага раёна абласнога цэнтра. Варта адзначыць, што валанцёрскі атрад з моманту свайго існавання рэгулярна ўдзяляе ўвагу маленькім насельнікам дома дзіцяці. Напрыклад, калі апошні мяняў адрас знаходжання, актывісты дапамагалі пры транспарціроўцы, літаральна пераносячы на руках выхаванцаў дзіцячага ўзросту. Мужчынскія моцныя рукі заўсёды патрэбныя дому дзіцяці: валанцёры слясараць, выконваюць ролю рознарабочых. Члены атрада заўсёды адзначаюць з хлопчыкамі і дзяўчаткамі ўсе галоўныя святы, рыхтуюць ім падарункі, дораць масу станоўчых эмоцый і ўражанняў. І гэта далёка не адзіны кірунак дзейнасці «Адкрытых сэрцаў».

Так, сіламі атрада аказваецца дапамога Гомельскаму гарадскому музею гісторыі ў прыборцы прылеглай тэрыторыі. Валанцёры пастаянна ўдзельнічаюць у гарадскіх спаборніцтвах добраахвотных пажарных дружын і другі год запар займаюць першае месца. Не засталася без іх увагі і дабрачынная акцыя для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра з удзелам легендаў гомельскага футбола. Для дзяцей, пазбаўленых бацькоўскай апекі, нядаўна ў фотастудыі прайшла кранальная акцыя «Дары дабро», падчас якой валанцёры падарылі выхаванцам сацыяльна-педагагічнага цэнтра незабыўную фотасесію. «Адкрытыя сэрцы» зноў жа нядаўна аказалі дапамогу бабулі, якая выхоўвае малалетняга ўнука-інваліда. Валанцёры набылі для яго сродкі асабістай гігіены, дзіцячае харчаванне, памперсы. І ўсё гэта пад дэвізам «Тварыць дабро лёгка, варта толькі паспрабаваць!»

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: Гатовыя насіць дзетак на руках

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?