Вы тут

Як разбіць агарод у цэнтры сталіцы


Ідэя пабудаваць «ідэальны хмарачос» прыйшла да Ільі Катлярскага і Настассі Лемяшонак, студэнтаў пятага курса спецыяльнасці «Архітэктура» БНТУ. Іх куратар Георгій Заборскі падтрымаў яе і прапанаваў выбраць пляцоўку для будучай інсталяцыі амаль у цэнтры сталіцы — на вуліцы Кастрычніцкай, у рамках правядзення фестывалю Vulіса Brаsіl. Неўзабаве гараджане ўбачаць гэты незвычайны праект у поўным памеры — ён мае вышыню шэсць метраў.


— Новыя шматпавярховыя будынкі, якія з'явіліся ў сталіцы, разбураюць водна-зялёны дыяметр Мінска. А ён, наадварот, павінен стаць брэндам горада. Толькі нашы архітэктары здагадаліся спраектаваць сталіцу такім чынам, каб яна ачышчалася ад забруджванняў. Але хмарачосы, якія з'явіліся ў апошнія гады, замінаюць паветру спакойна гуляць па Мінску, — лічаць Настасся і Ілья.

Менавіта таму многія архітэктары задумваюцца, як зрабіць «ідэальны хмарачос», які будзе, з аднаго боку, экалагічна спрыяльным, а з другога, — функцыянальным. Інсталяцыя, створаная маладымі людзьмі, уключае і першае, і другое. Ілья раскрывае сутнасць праекта:

— Элементы «ідэальнага хмарачоса» — энергаэфектыўныя тэхналогіі, аднаўляльныя крыніцы энергіі і экалагічна чыстыя матэрыялы. Мы хочам зрабіць такое месца, куды людзі будуць прыходзіць проста таму, што ў іх ёсць вольны час...

І сапраўды — у «хмарачосе» прадугледжана шмат функцый. Па-першае, там ёсць барная зона, дзе будзе прадавацца вулічны фаст-фуд. Каб прасунуць ідэю гарадскога агарода, маладыя архітэктары пераўтвораць барную стойку знутры ў парнік для вырошчвання зеляніны. Яе можна будзе сарваць, памыць і з'есці. Прадугледжаны месцы для сядзення, арэлі і сцэна. Дарэчы, адна са сталічных школ танцаў ужо зацікавілася гэтай прасторай і плануе зладзіць там перфоманс. Акрамя гэтага, будзе арганізаваны абмен рэчамі: на спецыяльных паліцах можна будзе іх пакінуць ці ўзяць неабходныя. Гэта як буккросінг, але больш маштабны. Сюрпрыз будзе і для тых, каму не хапае сонечнага святла.

— Мы хочам спраектаваць такі фокус — «вяртанне сонца», — расказвае Ілья. — Калі яно ўвечары заходзіць за цэх, які стаіць насупраць, на вуліцы ўжо цень. Але мы паставім люстэрка, якое перанаправіць прамяні ўнутр нашага збудавання.

— А на другім паверсе першапачаткова задумвалася галерэя, — дадае Настасся. — Ёсць спецыяльныя лесвіцы, якія апускаюцца толькі тады, калі ты можаш да іх дастаць і пацягнуць. А для гэтага трэба быць высокім, таму дзеці туды без нагляду не залезуць. Кожны модуль зверху можа з'яўляцца аправай карціны або чаго-небудзь іншага, — гэта і стварае галерэю. Вялікую ролю адыгрываюць эмоцыі, якія хочам выклікаць у гараджан. Мы паспрабуем стварыць магію. Над зонай, дзе размесцяцца сцэна, сядзенні і арэлі, будзе вітраж, які пераламляе прамяні і фільтруе іх. Гэта светлавое абмежаванне прасторы. Ты знаходзішся ў іншым святле і па адчуваннях, як у іншым памяшканні, хоць ніякіх сцен няма.

«Хмарачос» — вельмі «самастойная» пабудова. Зарадка для тэлефонаў працуе ад сонечных батарэй, ад іх жа ідзе энергія для кропельнага паліву раслін. Гэта сістэма, у сваю чаргу, бярэ ваду з бака, куды кроплі скатваюцца з навеса падчас дажджу. Начная падсветка таксама працуе на «самаакупнасці».

— Мы запісалі відэа, намалявалі схемы, каб усім было зразумела, што плануем рабіць. У нас ёсць падарункі для тых, хто адгукнецца і захоча дапамагчы. Мы дорым паштоўкі, постары з работамі мастакоў Vulіса Brаsіl, але самая цікавая прапанова — імянны модуль. Наш «хмарачос» складаецца з 66 модуляў, таму ён можа перасоўвацца ў іншае месца. Кожны спонсар, які ахвяруе грошы менавіта на адну з гэтых частак, можа напісаць на ім сваё імя ці тое, што ён пажадае. Мы збіраем грошы толькі на каркас, бо спонсараў, з якімі дамаўляемся наконт сонечных батарэй і іншага напаўнення, ужо знайшлі.

Надзея АНІСОВІЧ

anisovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Ідэальны хмарачос»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.