Вы тут

Як адрэагуе Захад?


Можна казаць, што сустрэча ў мінулы панядзелак двух Прэзідэнтаў — Беларусі і Расіі — дазволіла вырашыць усе праблемы ў двухбаковых адносінах. Дасягнуты дамоўленасці па цэнах на газ і змяненні газавай формулы, неўзабаве будуць адноўлены пастаўкі нафты ў ранейшым аб'ёме для нафтаперапрацоўчай галіны Беларусі. Ёсць сур'ёзны шанц на тое, што ў 2018—2019 гадах газавая праблема не будзе больш бударажыць адносіны дзвюх краін, паколькі цана стане нашмат больш разумнай для беларускіх спажыўцоў.


Сітуацыя нагадвае тую, што была ў 2010 годзе. На працягу некалькіх гадоў перад гэтым нарастаў клубок супярэчнасцяў. Глыбока трывожылі цукровыя і малочныя войны, а пачатак 2010 года адзначыўся для Беларусі такімі высокімі цэнамі на нафту, што яны не дазволілі купіць чвэрць звыклага аб'ёму расійскай нафты з-за адсутнасці рэнтабельнасці ў яе перапрацоўцы. Але затым, па ініцыятыве расійскага боку, 9—10 снежня адбыліся перагаворы ў Маскве, па выніках якіх два Прэзідэнты вырашылі ўсе спрэчныя пытанні.

У той раз рэзкае паляпшэнне адносін з Расіяй азначала для Беларусі рэзкае пагаршэнне адносін з Захадам, які быў вельмі расчараваны ўмацаваннем беларуска-расійскіх адносін. Падзеі 19 снежня былі выкарыстаны для дэманізацыі беларускага кіраўніцтва, увядзення санкцый і жорсткіх заяў у адрас Беларусі па ўсіх франтах. Як будуць развівацца падзеі гэтым разам?

Імавернасць чарговага жорсткага сцэнарыя ў адносінах з Захадам не выключана. Занадта ўжо вялікі напал жарсцяў у дачыненні да Расіі з-за ўкраінскага крызісу і паспяховай ролі Расіі ў сірыйскім урэгуляванні, якая парушае планы асобных заходніх краін па адхіленні Асада ад улады. Расію на Захадзе многія ўспрымаюць у якасці заклятага ворага, і гэта стаўленне можа быць распаўсюджана на тыя краіны, якія дэманструюць з ёй цёплыя адносіны.

У той жа час не ўсё так безнадзейна, як было ў 2010 годзе. Ёсць новыя фактары, якія могуць не дапусціць адкату адносін Беларусі з заходнімі краінамі па сцэнарыі 2010 года.

Першы з іх — дзіўныя адносіны ЗША з ЕС. Калі ў 2010 годзе заходні свет быў згуртаваны, а многія еўрапейскія лідары душы не чулі ў Бараку Абаме, які адказваў ім узаемнасцю, то ў 2017 годзе ўсё інакш. Прыход да ўлады Дональда Трампа ў ЗША зблытаў усе звыклыя фарматы адносін амерыканцаў з ЕС. Мноства заяў Трампа як у перыяд выбарчай кампаніі, так і ў першыя месяцы прэзідэнцтва дастаткова непрыемныя як для ЕС, так і для перспектыў цеснага супрацоўніцтва ЗША з ЕС у найбліжэйшыя гады. Чаго вартая хоць бы апошняя сварка з прычыны захапленняў Трампа ў дачыненні да брэксіту, выражаных у заяве прэс-сакратара Белага дома ЗША Шона Спайсера, які падкрэсліў, што Трамп «у свой час узначаліў заклік да правядзення брэксіту і цалкам паважае волю брытанскага народа». У адказ на падобныя заявы старшыня Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер заявіў: «Новы прэзідэнт ЗША радаваўся такой падзеі, як брэксіт, і пераконвае іншыя краіны пайсці па тым жа шляху. Што ж, калі ён працягне ў тым жа духу, я сам буду прасоўваць незалежнасць, напрыклад, штата Агая або Тэхас». Дзіўныя адносіны ЗША з ЕС азначаюць для Беларусі значна меншую магчымасць скаардынаванасці ў жаданні пакараць Мінск за цёплыя адносіны з Масквой.

Другім фактарам з'яўляецца зацягнуты працэс урэгулявання ўкраінскага крызісу. Ваенныя дзеянні ў Данбасе то ўспыхваюць зноў, то заціхаюць, але ўкраінскі фактар ніхто не гатовы скідваць з рахункаў. Таму фактар Беларусі застаецца важным для спроб урэгуляваць украінскую сітуацыю адразу па двух параметрах. Першы з іх — неабходнасць праводзіць пастаянныя перагаворы ў Мінску, якія ўжо даказалі сваю выніковасць у мінулыя гады. Пошук новых фарматаў можа абярнуцца павелічэннем наяўных праблем, у чым многія на Захадзе не зацікаўленыя. Другім параметрам з'яўляецца статус беларускай тэрыторыі, якая мяжуе з Украінай. Цяпер яна з'яўляецца нейтральнай пляцоўкай, адкуль няма ніякіх пагроз для суверэнітэту Украіны. У інтарэсах Захаду захаванне такой сітуацыі, а гэта азначае, што нельга занадта ўскладняць адносіны з Мінскам.

Трэці фактар просты — у снежні 2010 года Захад згуляў у гульню па рэзкім пагаршэнні адносін з Беларуссю. На некалькі гадоў пагоршыўшы адносіны з Мінскам, ніякіх пераваг для сябе ў выніку ён не атрымаў. Ці ёсць сэнс гуляць у гульні, у якіх твае намаганні не апраўдваюцца?

Гэтыя фактары даюць надзею на тое, што ў новай сітуацыі паляпшэння расійска-беларускіх адносін расчараваны Захад абмяжуецца славеснай рыторыкай і не стане рабіць тыя рэзкія крокі, якія здзейсніў у снежні 2010 — студзені 2011 года.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.