Вы тут

Прэзідэнт паставіў задачу прывесці ў парадак мясцовыя дарогі


Дарогі — у многім вітрына, нават твар краіны. Тым больш што Беларусь — транзітная дзяржава, а з нядаўняга часу яшчэ і важнае звяно праекта новага Шаўковага шляху. Нагадаем і той факт, што ў сілу нядаўна ўступіў пяцідзённы безвізавы рэжым для грамадзян 80 краін. Роля дарог высокая, як ніколі. І калі наконт якасці рэспубліканскіх магістраляў пытанняў амаль не ўзнікае, то з невялікімі рэгіянальнымі ўсё не так проста. Развіццё мясцовых аўтамабільных дарог абмяркоўвалася ўчора на нарадзе ў Палацы Незалежнасці. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу прывесці іх у прымальны стан да 2020 года.


— У снежні мінулага года падчас адкрыцця другой кальцавой дарогі вакол Мінска мы дамаўляліся, што ў пачатку бягучага года разгледзім, дэтальна прааналізуем праблемныя аспекты развіцця аўтамабільных дарог, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Пытанне не проста наспела, яно пераспела — у сілу пэўных прычын.

Як адзначыў Прэзідэнт, апошнім часам удзяляецца вялікая ўвага развіццю сеткі рэспубліканскіх аўтамагістраляў краіны — і гэта натуральна:

— У нейкай ступені пытанні мясцовых дарог адышлі на другі план. Гэта прывяло да з'яўлення справядлівых нараканняў з боку насельніцтва на стан дарожнай сеткі ў рэгіёнах. Па розных ацэнках, ад шасці да дзесяці тысяч кіламетраў дарог патрабуюць неадкладнага рамонту. Трэба мець на ўвазе, што людзі нашы не прывыклі перамяшчацца па дрэнных дарогах.

Мясцовыя органы ўлады, якія кантралююць сетку мясцовых аўтамабільных дарог, спасылаюцца на недахоп сродкаў. У той жа час уявіць сітуацыю, калі літаральна на ўсё будзе дастаткова грошай, амаль немагчыма — не толькі ў нашай краіне, але і ў дзяржавах з самым вялікім у свеце ВУП.

— У гэтай сувязі хачу адразу вас папярэдзіць: сродкаў заўсёды не хапала, нават у савецкія часы, — заявіў Прэзідэнт. — У свой час для вырашэння пытанняў фінансавання дарожных работ урад у дапаўненне да таго, што выдзяляецца з мясцовых бюджэтаў, увёў дзяржаўную пошліну за допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. Безумоўна, гэта мізэрныя сродкі ў параўнанні з тымі, якія патрэбны сёння для аднаўлення і рамонту дарог мясцовага значэння.

Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу выявіць падчас нарады факты, якія прывялі да нездавальняючага стану мясцовых дарог, і знайсці шляхі вырашэння тых праблем, якія ёсць:

— Тэхналогій — больш, чым дастаткова... Прытым трэба мець на ўвазе, што дарогі мы дамовіліся зрабіць з бетонным пакрыццём. Калі гэта сёння па-ранейшаму актуальна і выгадна — прынамсі, мне пакуль ні адзін спецыяліст не далажыў, што гэта нявыгадна, — значыць, трэба зрабіць гэтыя дарогі максімальна з бетонным пакрыццём. Дзе гэта немагчыма, значыць, з асфальта-бетонным... Жалезны кантроль за губернатарамі.


У тэму

Анатоль СІВАК, міністр транспарту і камунікацый:

— Рамонтныя работы мясцовай транспартнай сеткі будуць прадугледжаны адпаведнай дзеючай дзяржпраграмай на пяцігодку. Да гэтага моманту ў нас у праграме былі толькі рэспубліканскія дарогі. Праект праграмы ўжо падрыхтаваны, і тут будуць прапісаны задачы па мясцовых дарогах. Раней мясцовыя дарогі распрацоўваліся рэгіянальнымі праграмамі. Яшчэ ў канцы мінулага года Прэзідэнтам была пастаўлена задача Мінтрансу распрацаваць рашэнні для розных тыпаў дарог і розных відаў рамонту. Такія канструкцыйныя тыпавыя рашэнні распрацаваны. Праз праграму яны будуць узаконены, і прымяненне гэтых рашэнняў дазволіць эфектыўна расходаваць сродкі.

Уладзімір АМАРЫН, міністр фінансаў:

— На правядзенне капітальнага рамонту і прывядзенне ў парадак мясцовых аўтамабільных дарог у перыяд з 2017 па 2020 год будзе накіравана каля 900 мільёнаў беларускіх рублёў. Гэта сродкі рэспубліканскага дарожнага фонду і мясцовых бюджэтаў. У першую чаргу будуць накіроўвацца сродкі дзяржаўнай пошліны, якая спаганяецца за допуск аўтатранспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. Сродкі, якія паступаюць ад збірання дзяржпошліны, складуць прыкладна 40% бюджэту, які выдзяляецца на рамонт дарог.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Да канца пяцігодкі

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.