Вы тут

Што цікавага паглядзець па тэлебачанні на наступным тыдні


Што: «Ілюзія палявання»

Калі і дзе: «Беларусь 3», 10—13 красавіка

Чатырохсерыйны фільм Ігара Чацверыкова, зняты на «Беларусьфільме» 7 гадоў таму, акунае сучасных масквічоў у беларускую глыбінку, а гледача — у дэтэктыў з элементамі меладрамы і нават трылера.

Масквічка Вольга Падольская прыязджае ў беларускае Парэчча для сустрэчы з бацькам, які адпачывае тут, але выяўляецца, што той знік. Тым часам паляўнічыя знаходзяць у лесе знявечаны труп мясцовага браканьера, і міліцыя не можа адназначна сказаць, вінаваты ў гэтай смерці звер або чалавек.

Саму Вольгу пераследуюць бандыты, патрабуючы ў яе нейкі прадмет, аб якім тая і ўяўлення не мае. Дзяўчыне на дапамогу прыходзіць лейтэнант міліцыі Качура, але справа яшчэ больш заблытваецца — у лесе знаходзяць цела з дакументамі прафесара Падольскага, аднак Вольга ўпарта сцвярджае, што гэта не яе бацька, і поўная рашучасці дакапацца да праўды...


Што: «Чалавек у футарале, чалавек у паліто і чалавек у фраку»

Калі і дзе: СТБ, 14 красавіка ў 1.35 і 16 красавіка ў 11.40

Мажны спадар Белікаў — оперны спявак, толькі што з Масквы, а туды амаль толькі што з Італіі, прыязджае ў ціхі гарадок выкладаць спевы ў школе. А тут робяцца дзіўныя справы. На вакзале гандлюе марожаным... Антон Паўлавіч Чэхаў, які паміж справамі чытае томік Чэхава. Старшакласніца Кулькова настолькі ўлюбёная ў музыку, што нібыта зацяжарыла ад гэтага пачуцця. Дырэктрыса школы штодня праводзіць нарады на адну і тую ж тэму, а штовечар едзе дамоў на «хуткай», якую выклікае з прычыны... уласнай смерці.

Вы абураныя, у што ператварылі кіношнікі жыццяпіс «бацькі рускага педантызму» спадара Белікава — знакамітага «Чалавека ў футарале»? Не варта спяшацца з высновамі. Дэбютная камедыя Эліны Суні — не зусім экранізацыя Чэхава, а хутчэй імправізацыя на тэму творчасці класіка рускай літаратуры.


Што: «Жорсткія гульні»

Калі і дзе: TV1000, 15 красавіка ў 20.10 і 16 красавіка ў 15.45

У эпісталярнага рамана Шадэрло дэ Лакло «Небяспечныя сувязі» ажно 7 экранізацый — дзве французскія, тры галівудскія, карэйская і кітайска-карэйская. Гэтым разам гледзіце версію 1999 года ад рэжысёра Роджэра Крамбла — з перанясеннем дзеяння ў наш час, у асяроддзе студэнтаў амерыканскага каледжа.

Себасцьян Вальмонт і яго стрыечная сястра Кэтрын Мёртэй — прадстаўнікі «залатой моладзі», у якіх хапае грошай, магчымасцяў і цынізму, каб забаўляць сябе за кошт іншых людзей: Себасцьян калекцыянуе разбітыя дзявочыя сэрцы, апісваючы свае пахаджэнні ў дзённіку, Кэтрын захапляецца інтрыгамі, аднак у каледжы захоўвае рэпутацыю «правільнай дзяўчыны». Іх чарговай ахвярай робіцца дачка дырэктара каледжа Анет, чыя цнатлівасць робіцца прадметам закладу. Аднак жорсткія намеры вяртаюцца бумерангам...

Загаловак у газеце: Усё не так, як здаецца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?