Вы тут

Прэзідэнт даў інтэрв'ю тэлеканалу «Мір»


Тэрарызм, абарона, беларуска-расійскае супрацоўніцтва, развіццё Саюзнай дзяржавы і рэфармаванне СНД — па ўсіх гэтых тэмах выказаў сваё меркаванне Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас інтэрв'ю тэлеканалу «Мір».


Гэты тыдзень пачаўся з трагедыі ў метро Санкт-Пецярбурга... Тэрарызм усё часцей напамінае пра сябе і, на жаль, усё бліжэй да нашых меж. Краіны постсавецкай прасторы, нават наша дзяржава, ужо не могуць адчуваць сябе цалкам у бяспецы ў гэтым плане. Натуральна, што першае пытанне Прэзідэнту было прысвечана менавіта нядаўнім падзеям.

— Безумоўна, мы рыхтаваліся, — прызнаўся Аляксандр Лукашэнка, кажучы пра перагаворы з расійскім калегам, запланаваныя на панядзелак, трэцяга красавіка. — Вы ведаеце, што былі многія супярэчнасці, праблемы ў адносінах Беларусі і Расіі па пэўных пытаннях, і гэта напружвала і мяне, і Прэзідэнта Пуціна... Усё гэта было непрыемна, тым больш паміж нашымі дзяржавамі. І мы рыхтаваліся да гэтай сустрэчы. І вось мы ідзём на гэтую сустрэчу — і якраз паралельна ў гэты ж момант адбываецца тэрарыстычны акт. І ўсе вось гэтыя праблемы, якімі мы жылі, можа быць, некалькі месяцаў да нашай сустрэчы (мы былі поўныя рашучасці, паспрачаўшыся недзе, разрубіць гэты гордзіеў вузел), — усе яны адышлі на задні план. Мы зразумелі ісцінную каштоўнасць у гэтым жыцці. Ну што такое спрэчкі па нафце, па газе і іншае, калі нечакана ў цябе пад носам адбываецца тэрарыстычны акт і гінуць людзі, якіх мы павінны абараніць? Пытанні бяспекі — яны і былі запланаваны як асноўныя, пытанні абароны — яны таксама былі як асноўныя запланаваны да перагавораў з Пуціным, — яны выйшлі на першы план. Усё астатняе, жыцейскае, адышло на задні план, і мы тым не менш прысвяцілі час урэгуляванню гэтых пытанняў. Мы звярнулі ўвагу перш за ўсё на гэта. Вось гэта ўрок быў нам у тую хвіліну, і гэта павінна паслужыць урокам усім.

«Мір» знаёміць сваіх гледачоў з сучасным жыццём і гісторыяй краін постсавецкай прасторы, тэлерадыёкампанія была створана 25 гадоў таму для асвятлення палітычнага, эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Таму не дзіўна, што значная частка пытанняў падчас інтэрв'ю была прысвечана інтэграцыйнаму складальніку.

Прэзідэнт заявіў, што пляцоўку СНД губляць нельга, але ўдзел у арганізацыі павінен быць цікавы ўсім дзяржавам.

— Мы падпісалі дагавор аб зоне свабоднага гандлю, пайшлі на больш сур'ёзнае супрацоўніцтва. Зараз мы павінны падпісаць дагавор аб свабодным перамяшчэнні паслуг, скажам так. Гэта значыць тое, што мы ўжо зрабілі збольшага ў ЕўрАзЭС, а болей у Саюзнай дзяржаве. Вопыт інтэграцый рознага ўзроўню спатрэбіўся. Трэба, каб была зацікаўленасць у гэтых дзяржаў, якія ўваходзяць у СНД, — перакананы Прэзідэнт.

Кіраўнік Беларусі звярнуў увагу, што кожная краіна, калі ўдзельнічае ў якіх-небудзь інтэграцыйных аб'яднаннях, шукае для сябе карысць. Аднак да гэтага дзяржавы павінны падыходзіць асцярожна.

— Выгада не павінна быць за кошт твайго суседа. Табе выгадна дзесьці, яму таксама дзесьці выгадна, недзе ты саступаеш, дзесьці ён. Але выгада — гэта абавязкова. Калі гэта нявыгадна, як бы гэта меркантыльна ні гучала, каму патрэбны нейкі саюз і нейкія крокі ў гэтым кірунку? — падкрэсліў ён. — Расія сваю выгаду шукае, беларусы і казахі сваю... Але мы знайшлі тыя пытанні, дзе гэта будзе выгадна. Гэта перш за ўсё эканоміка. Эканоміка звязвае так, што потым нікуды не пойдзеш. Гэта ў рамках СНД.

У тэму

Радзік Батыршын, старшыня міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір»:

— Апошні раз мы сустракаліся з Аляксандрам Рыгоравічам у рамках інтэрв'ю тэлеканалу «Мір» — гэта было пяць гадоў таму. Сёння мы не змаглі абысці галоўную гарачую тэму гэтага тыдня — тэму тэракта ў Санкт-Пецярбургу. Перш за ўсё Прэзідэнт сказаў пра тое, што ў той момант, калі ім паведамілі пра гэтую трагедыю, усе супярэчнасці, якія здаваліся складанымі, адышлі на другі план. Стала ясна, што галоўнае — гэта бяспека нашых дзяржаў, нашых грамадзян. Таму вось гэты эмацыянальны складальнік, што ўсё-такі важнейшага за жыццё людзей нічога не бывае, — бадай, гэта стала лейтматывам нашай размовы з Прэзідэнтам.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Бяспека і эканоміка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».