Вы тут

«...Бо дзверы ў пекла на гэты час зачыняюцца»


Вялікдзень — самае вялікае, самае адметнае з усіх праваслаўных свят, да яго рыхтуюцца загадзя. А вось як? Шмат чаго мне расказалі бацькі, шмат — старажылы вёскі.


Многія павер'і звязаны з чыстым чацвяргом, у які, да вечара, трэба было вымыць і вычысціць дом, прыбраць яго галінкамі вярбы ці вішні, паставіць букецікі першацветаў. Вымыцца трэба і самім, інакш, лічылася, увесь год пройдзе ў брудзе ды сварках.

Некалі ў чысты чацвер першы раз пастрыгалі маленькіх дзетак. Не лішне было, каб палепшыць здароўе, выстрыгчы асобныя пасмачкі і ў старэйшых сямейнікаў.

Ахоўную сілу нашы продкі надавалі і солі. Для гэтага вечарам серады яе насыпалі ў сподачкі і да заходу сонца ставілі на вуліцы або на балконе. Назаўтра раніцай яе ўносілі ў дом і захоўвалі як абярэг.

У чысты чацвер фарбавалі яйкі. У нас казалі, што яны, знесеныя курамі ў гэты дзень і з'едзеныя на свята, будуць засцерагаць ад хвароб, што іх шалупайкі (змолатыя ў парашок або стоўчаныя) можна пакрысе дадаваць у ежу цяжарным жанчынам альбо настоем адпойваць хворых людзей і жывёлу.

Нават памерлым, лічылася, можна паспрыяць з дапамогай велікодных яек! Каб зрабіць гэта, іх на Радаўніцу трэба пакласці на магілы: для птушак, якія потым папросяць у Бога даравання грахоў.

А яшчэ людзі кажуць, што той, хто памрэ на Вялікдзень ці ў час усяго Велікоднага тыдня, трапіць у рай, бо дзверы ў пекла на гэты час зачыняюцца.

У свята — і абавязкова — трэба радавацца і частаваць кожнага чалавека, які зойдзе ў хату, бо існуе павер'е, што за добрыя ўчынкі ў гэтыя дні Гасподзь даруе грахі.

Апроч таго, прыкмячалі, што калі на першы дзень Вялікадня мароз альбо гром, то год будзе ўраджайным і якое надвор'е на Вялікдзень, такое — на ўсю вясну.

Соф'я Кабарыха, в. Паланечка, Баранавіцкі раён

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.