26 Верасень, серада

Вы тут

Як атрымаць шэнгенскую візу


У кошце замежнай паездкі даволі адчувальная сума - консульскі збор за адкрыццё шэнгенскай візы. Мы раскажам пра ўсе магчымыя спосабы атрымання турыстычнай візы, перавагах пры звароце непасрэдна ў пасольства і дадатковыя выдаткі, а таксама рызыкі пры звароце да пасрэднікаў.


Фота: american-visa.info

Ідзём у пасольства

Вызначыўшыся, у якую краіну вырашылі з'ездзіць, трэба вывучыць сайт пасольства, у прыватнасці раздзел, які датычыцца афармлення віз і правілаў бяспекі пры наведванні візавага аддзела. Гэта важна! Напрыклад, пры наведванні пасольстваў Літвы, Латвіі і Эстоніі патрабуецца адключыць мабільны тэлефон, а ў візавы аддзел нямецкага дыпламатычнага прадстаўніцтва праносіць мабільныя тэлефоны зусім забаронена.

Запісацца на наведванне візавага аддзела можна на сайтах пасольстваў. Трэба так падабраць дату, каб былі гатовыя дакументы, неабходныя для хадайніцтва аб візе. Класічны набор такі: пашпарт, анкета, фатаграфія, медстрахоўка, даведка з месца працы, дакументы, якія пацвярджаюць наяўнасць фінансавых сродкаў на час паездкі. Між тым кожнае пасольства можа запатрабаваць дадатковыя дакументы, пра што сайты дыпламатычных устаноў папярэджваюць заяўнікаў.

Не варта збіраць дакументы загадзя, напрыклад, выпіска з банка аб руху/наяўнасці грашовых сродкаў сапраўдная на працягу 5 дзён. Заява-анкета запаўняецца на сайце пасольства — сістэма вельмі разумная, бо, калі ёсць памылка, аб гэтым будзе напісана, і толькі правільна запоўненую анкету можна захаваць, раздрукаваць і падпісаць.

Трэба звярнуць увагу, за які максімальны і мінімальны перыяд да паездкі пасольства выдае візу. Напрыклад, у літоўскім пасольстве візу афармляюць на працягу тыдня, у нямецкім на гэтую працэдуру адводзіць 14 дзён. На сайтах дыпламатычных устаноў шмат карыснай інфармацыі для наведвальнікаў, трэба толькі ўважліва чытаць. Напрыклад, некаторыя пішуць пра тое, што не прымаюць купюры 500 еўра для аплаты консульскага збору, а ў іншых разлічыцца можна толькі карткай або па безнаяўным разліку.

Калі хадайнічаеш аб візе непасрэдна ў пасольстве, аплачваць трэба толькі консульскі збор.

Пасольствы краін ЕС кіруюцца агульнымі візавымі правіламі. У прыватнасці, ад платы за турыстычныя візы вызваляюцца дзеці да 6 гадоў. Плата за візы для 6 -12-гадовых дзяцей складае 35 еўра. Пасольствы некаторых краін даюць больш ільгот у аплаце турыстычных віз для дзяцей.

Консульскі збор у пасольствах розных краін у залежнасці ад узросту заяўніка:

Краіна

Дзеці да 6 гадоў

Дзеці ад 6 да 12 гадоў

Дарослыя

Літва

0

0

60

Эстонія

0

35

60

Латвія

0

35

60

Польшча

0

0

60

Чэхія

0

0

60

Іспанія

0

35

60

Італія

0

0

60

Германія

0

0

60

 

Візавы цэнтр

У Беларусі працуюць візавыя цэнтры некаторых краін Шэнгенскага пагаднення і Вялікабрытаніі. Адкрыццё візавых цэнтраў дазваляе прыняць больш наведвальнікаў, якiя хадайнiчаюць аб адкрыцці візы, дарэчы, і чэргі практычна зніклі. Акрамя таго, жыхарам розных рэгіёнаў цяпер не трэба ехаць у Мінск у пасольствы, таму што візавыя цэнтры адкрыты ў абласных і некаторых раённых цэнтрах.

Таксама ў візавым цэнтры можна атрымаць дадатковыя паслугі: зрабіць фота, аформіць медстрахоўку, а пры неабходнасці спецыяліст запоўніць анкету заяўніка. Адзіны мінус візавых цэнтраў - аплата сэрвіснага збору.

Кожны візавы цэнтр мае афіцыйны сайт, на якім можна выбраць зручны для візіту час. Пры наведванні візавага цэнтра, напрыклад, Літвы наведвальніку выдаецца памятка, у якім парадку трэба скласці дакументы. Калі ўсё гатова, трэба атрымаць талончык у электронную чаргу. Спецыяліст прымае дакументы, візіцёр падпісвае агенцкі дагавор. Усе дакументы на візу пакуюцца ў пластыкавую папку. Затым трэба аплаціць консульскі збор і паслугі сэрвіснага цэнтра, на кожную суму выдаюць асобны чэк.

Калі неабходна здаць біяметрычныя даныя, прасцей кажучы, адбіткі пальцаў, то ў некаторых візавых цэнтрах прыйдзецца даплаціць 2 еўра ў эквіваленце. Біяметрычныя даныя здаюцца раз на пяць гадоў асобамі, старэйшымі за 12 гадоў.

Кошт сэрвіснага збору ў некаторых візавых цэнтрах і пералік асоб, якія вызваляюцца ад яго выплаты:

Візавы цэнтр

Сэрвісны збор (еўра)

Хто вызваляецца

Літва

18

дзеці да 12 гадоў і асобныя катэгорыі грамадзян па гуманітарных меркаваннях

Латвія

18,36

ніхто

Іспанія

18,36

ніхто

Італія

19

ніхто

Польшча

15

Дзеці да 6 гадоў

Зварот праз візавы цэнтр не вядзе да павелічэння тэрміну разгляду хадайніцтва. Дарэчы, на сайце візавага цэнтра можна адсочваць статус заявы. Пашпарт з візай заяўніку выдаюць у канверце, у якім таксама знаходзіцца квітанцыя аб атрыманні пасольствам 60 еўра, а на канверце надрукаваны напамін, што трэба праверыць на бланку візы: тэрмін дзеяння, колькасць выездаў, колькасць дзён знаходжання, правільнае напісанне імя і прозвішча, серыю і нумар пашпарта, наяўнасць пячаткі консульства.

Як і ў пасольствах, у візавых цэнтрах дзейнічаюць правілы бяспекі, якія апублікаваныя на сайтах. Як ні дзіўна, самая вялікая праблема для некаторых заяўнікаў — гэта наведванне без “групы падтрымкі”, таму што і ў візавы цэнтр нельга прыходзіць з сябрамі ці сваякамі, за выключэннем выпадкаў, калі прысутнасць суправаджаючай асобы неабходна.

Цэнтр візавай падтрымкі

Варта звярнуць увагу: не ўсім цэнтрам візавай падтрымкі, якія абяцаюць дапамагчы ў атрыманні шэнгенскай візы, можна давяраць. Апошні, але далёка не першы, крымінальны скандал з такой установай адзначаны ў міліцэйскіх зводках ў снежні мінулага года. Супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС Беларусі затрымалі кіраўніка і супрацоўнікаў сталічнай камерцыйнай структуры, якія займаліся вырабам і падробкай дакументаў візавай падтрымкі грамадзян для атрымання шэнгенскіх віз і “карты паляка”.

 Што ж прапануюць нядобрасумленныя канторы сваім кліентам? Кажуць, што поўны пакет паслуг, пачынаючы ад запаўнення анкеты да ўсякага роду даведак. Таксама яны прапануюць аформіць “дзелавыя” або “культурныя” візы, падрыхтаваўшы для іх пакет дакументаў. Варта адзначыць, што дакументы яны рыхтуюць досыць “высокай якасці” — візуальна да іх не прычэпішся. Тым не менш, яны падробленыя па сваім змесце. Фальшыўкі выяўляюць супрацоўнікі консульскіх аддзелаў, і тады ў іх ёсць усе падставы адмовіць у выдачы візы і нават уключыць заяўніка ў “чорны спіс”. Калі ж удалося атрымаць візу па падробленых дакументах, то яна можа быць пазней анулявана. Напрыклад, у Польшчы сотні нашых суайчыннікаў паўсталі перад судамі і былі аштрафаваныя за тое, што атрымалі візы падманным шляхам.

Набраўшы ў пошукавіку “цэнтр візавай падтрымкі”, зайшла на сайт фірмы ў Мінску з офісам у цэнтры горада і філіяламі ў рэгіёнах. А зараз аб яе расцэнках: запаўненне анкеты — 32 рублі (у афіцыйным візавым цэнтры гэтая паслуга каштуе 9 руб.), рэгістрацыя часу для наведвання пасольствы / візавага цэнтра — 32 рублі. За комплекс гэтых паслуг возьмуць 53 рублі. За гадавую мультывізу, аформленую праз візавы цэнтр Літвы, “фірмачы” просяць 149 рублёў (можна ў растэрміноўку на тры месяцы) і тлумачаць, што “Літва павінна быць першай краінай уезду або выезду. Віза ставіцца пад запытаныя калідоры. Акрамя гэтай сумы, выплачваецца консульскі збор 60 еўра, сэрвісны збор 20 еўра і кошт страхавога поліса 65 - 100 руб. Аплата праводзіцца ў беларускіх рублях па курсе Нацыянальнага банка”.

Такім чынам, віза праз пасрэднікаў абыдзецца ў 202 рублі плюс консульскі і сэрвісны збор — яшчэ 80 еўра. Такога кшталту фірмы ў сваіх дагаворах звычайна пішуць, што аказваюць інфармацыйна-кансультацыйныя паслугі. І калі кліент не атрымае візу, ніхто яму грошай за “паслугі” не верне: абяцалі ж кансультацыю, а не візу.

Кансультацыі зводзяцца прыкладна да таго, што “ў вас павінна быць на картцы не менш за 1000 еўра, калі хочаце гадавы “мульцік”. Памятаецца, апошні раз пры візіце ў пасольства Літвы ў мяне на картцы было толькі 130 еўра, але візу, як і запытвала, атрымала шматразовую на год. На сайце напісана, што пры хадайніцтве аб шматразовай візе дастаткова грашовых сродкаў на першы візіт, у маім выпадку ён планаваўся на два дні. Дарэчы, у кожнаго пасольства свае патрабаванні аб наяўнасці грашовых сродкаў на адны суткі знаходжання ў краіне. Напрыклад, для паездкі ў Літву — 40 еўра на суткі, для паездкі ў Польшчу трэба 300 злотых (ці эквівалент у СКВ), калі тэрмін знаходжання не перавышае 4 дзён. На літоўскай мяжы ні разу не цікавіліся наяўнасцю грошай, а пры перасячэнні польскай лепш за ўсё мець гэтую суму наяўнымі, паколькі часам польскія памежнікі просяць прад'явіць грошы.

Вырашыўшы хадайнічаць аб візе, трэба дакладна разумець: рашэнне аб выдачы візы прымае консул, а ўсе абяцанні пасрэднікаў — гэта латарэя: пашанцуе - не пашанцуе.

Між тым, консульскія аддзелы некаторых пасольстваў праз свае сайты папярэджваюць, што афармленне дакументаў нядобрасумленным шляхам трэцімі асобамі або пасрэдніцкімі кампаніямі, якія прапануюць свае паслугі за дадатковую аплату, можа нанесці шкоду перш за ўсё самому заяўніку.

Карысна ведаць:

1. Пацвярджэнне запісу ў амбасаду ці візавы цэнтр прыходзіць на электронную пошту заяўніка, калі яго няма, значыць, дапушчана памылка і трэба паўтарыць спробу.

2. У пасольствах консульскі збор аплачваецца ў еўра.

3. У візавых цэнтрах консульскі збор аплачваецца ў беларускіх рублях па бягучым курсе, усталяваным вызначаным банкам, а сэрвісны збор - па курсе Нацыянальнага банка.

4. Пры адмове ў выдачы візы консульскі збор не вяртаецца, таму што ён з'яўляецца кампенсацыяй кошту адміністрацыйнай працэдуры і аплачваецца незалежна ад прынятага па хадайніцтве рашэння.

5. Падаваць дакументы на атрыманне візы можна за тры месяцы да запланаванай паездкі.

Аксана ЯНОЎСКАЯ 

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

 «Толькі агульнымі намаганнямі мы зможам супрацьстаяць няпростым выклікам часу».

Грамадства

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

​Колішняя Беларуская ваенная акруга лічылася адной з самых магутных у СССР.

Грамадства

Шчырая размова з вядомым педагогам пра бацькоўскія сумненні і страхі

Шчырая размова з вядомым педагогам пра бацькоўскія сумненні і страхі

«Калі ў вас адкрыўся рот, каб накрычаць на дзіця, спыніцеся хоць на секунду…» 

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі.