25 Верасень, аўторак

Вы тут

У госці да дзядзькі Косці


Ці з'явіцца ў музея імя Канстанціна Заслонава, які застаўся без пастаяннага месца прапіскі, асобны будынак?

Наша газета ўжо пісала пра тое, што ліпеньскі ўраган, які нарабіў шмат шкоды на беларускай зямлі, пакінуў без даху і Мемарыяльны музей Героя Савецкага Саюза Канстанціна Заслонава ў Оршы. Па аб'ектыўных прычынах рэстаўрацыі не адбылося — будынак увогуле знеслі. Але, як запэўнілі мясцовыя ўлады і краязнаўцы, музей працягвае існаваць. Каб пераканацца ў гэтым, карэспандэнты «Звязды» выехалі ў Оршу.


Ды­рэк­тар Му­зей­на­га комп­лек­су гіс­то­рыі і куль­ту­ры Ар­шан­шчы­ны Ула­дзі­мір КУ­ЗУ­БАЎ: «Ня­гле­дзя­чы  на не­вя­лі­кія зме­ны ў кан­цэп­цыі, му­зей па-ра­ней­ша­му бу­дзе на­сіць імя Кан­стан­ці­на За­сло­на­ва».

На месцы адзінага ў свеце музея, прысвечанага Герою Савецкага Саюза, — цяпер пустка, акуратна пасыпаная пяском, які выразна акрэслівае перыметр былога будынка. Драўляная хата, дзе больш як 60 гадоў знаходзіўся музей Заслонава, была пабудавана непадалёк ад чыгуначнага вакзала яшчэ да рэвалюцыі. Упершыню будынак згадваецца ў 1913 годзе як дом мясцовага святара, які жыў побач з вакзалам — там знаходзілася царква. Затым тут была бібліятэка. Экспазіцыя Мемарыяльнага музея імя Заслонава «пераехала» сюды ў красавіку 1952 года. Дагэтуль яна (згодна з рашэннем Савета Міністраў БССР музей быў створаны 1 жніўня 1948 года) размяшчалася ў Доме культуры чыгуначнікаў імя Кірава.

— Спецыялісты, да якіх мы звярнуліся пасля ўрагану, правялі аналіз будынка і выдалі дакумент, які сведчыць аб тым, што далейшая яго эксплуатацыя небяспечная, — гаворыць дырэктар Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны Уладзімір КУЗУБАЎ. — У кароткі час была арганізавана эвакуацыя экспанатаў. Ніводны музейны прадмет не быў пашкоджаны ўраганам, не страцілі нічога і падчас пераезду. Будынак было вырашана знесці.

Экспазіцыя былога музея цяпер размяшчаецца за кіламетр-два адсюль. Аршанскі музей гісторыі і культуры горада, які, як і музей Заслонава, з'яўляецца філіялам Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны, выдзеліў пад экспанаты асобную экспазіцыйную залу. Тое, што не ўдалося змясціць у часовую экспазіцыю, захоўваецца ў фондасховішчы.

Ча­со­вая экс­па­зі­цыя зай­мае адзін па­кой.  Ас­тат­нія музейныя прадметы — у фон­дас­хо­ві­шчы.

Як заверылі музейныя супрацоўнікі, у адным пакоі немагчыма размясціць усе экспанаты, якія раней займалі пяць залаў.
У часовай экспазіцыі прадстаўлены найбольш значныя музейныя прадметы, звязаныя з лёсам героя Вялікай Айчынай вайны. Але для першага знаёмства з дзядзькам Косцям, як называлі Заслонава партызаны, а таксама з подзвігамі заслонаўцаў дастаткова і гэтага.

Праўда, ёсць тут цікавае і для не навічкоў. З вуснаў старшага навуковага супрацоўніка Мемарыяльнага музея Заслонава Ганны САСНОЎСКАЙ у падрабязнасцях давялося даведацца, як рабіліся славутыя вугальныя міны, якімі заслонаўцы падарвалі 93 нямецкія паравозы. Аказалася, што падчас работы ў аршанскім дэпо ў гады вайны на будучага Героя, як на здрадніка, двойчы здзяйснялі замахі свае (вось гэта была канспірацыя!). Цікавасць выклікае інфармацыя, што немцы доўгі час не ведалі, што 14 лістапада 1942 года з групай партызан паў і іх адважны камандзір. Іначай як яшчэ растлумачыць той факт, што нават пасля гібелі Заслонава не здымалася ўзнагарода за яго галаву? Адным словам, часовая экспазіцыя створана не проста дзеля таго, каб быць. Толькі іншая справа, калі яна займае цэлы будынак...

Му­зей За­сло­на­ва мо­жа ад­на­віць сваю дзей­насць у бу­дын­ку,  што ў цэнт­ры Ор­шы...

...або зноў­ку бу­дзе па­бу­да­ва­ны перад гэтым палацам,  дзе зна­хо­дзіў­ся апош­нія больш як 60 га­доў.

Мясцовыя ўлады, якія з'яўляюцца заснавальнікамі музейнага комплексу, а значыць, і музея Заслонава, бачаць пакуль два варыянты вырашэння сітуацыі. Па-першае, музей можа з'явіцца на тым жа месцы, дзе ён знаходзіўся апошнія гады. Безумоўна, гэта патрабуе вялікіх матэрыяльных выдаткаў. Але ёсць прапанова аднавіць яго дзейнасць у цэнтры горада, па вуліцы Міра, у будынку, які знаходзіцца на балансе Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны. У розны час у ім змяшчаліся жаночае рэальнае вучылішча, настаўніцкі інстытут імя Янкі Купалы і Аршанскі педагагічны каледж. Вялікі двухпавярховы дом плошчай амаль
2500 квадратных метраў, які цяпер пустуе, здольны змясціць не адну экспазіцыю.

— Канцэпцыя будучага музея ўжо існуе, — расказвае дырэктар Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны. — Хутчэй за ўсё, гэта будзе ваенна-гістарычны музей імя Канстанціна Заслонава, прысвечаны не толькі подзвігам брыгады дзядзькі Косці, а і ўвогуле гісторыі падпольнага і партызанскага рухаў у нашым рэгіёне. Акрамя таго, новая экспазіцыя, магчыма, ахопіць падзеі войнаў XX стагоддзя, якія агнём і болем прайшлі праз аршанскую зямлю і ў якіх прымалі ўдзел аршанцы. У любым выпадку канчатковае рашэнне па экспазіцыі будзе прымацца з улікам пажаданняў нашчадкаў Героя Савецкага Саюза, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, жыхароў раёна і неабыякавых да сваёй гісторыі грамадзян. Нягледзячы на невялікія змены ў канцэпцыі, музей па-ранейшаму будзе насіць імя Канстанціна Заслонава.

Якім быць найстарэйшаму музею Оршы і адной з найстарэйшых музейных устаноў краіны, мы пагаворым падчас круглага стала, што ў хуткім часе адбудзецца ў рэдакцыі газеты «Звязда». Калі ў вас ёсць канкрэтныя прапановы ці пажаданні, пішыце на рэдакцыйную пошту (220013, г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10а; іnfo@zvіazda.by).

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі. 

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.