Вы тут

Невядомая біяграфія Вячаслава Нікіфарава


Днямі раздаўся доўгачаканы званок. У рэдакцыю тэлефанавала Людміла Бярозкіна. Здавалася б, звычайная размова з чытачом, але каб не адна дэталь... Людміла Леанідаўна — пляменніца Вячаслава Нікіфарава, аднаго з рэдактараў падпольнай «Звязды».


Пля­мен­ні­ца Вя­ча­сла­ва Ні­кі­фа­ра­ва ў рэ­дак­цыі га­зе­ты «Звяз­да»,  дзе за­хоў­ва­ец­ца па­мяць аб яе дзядзь­ку, ін­шых лю­дзях,  якія вы­да­ва­лі га­зе­ту ў ня­прос­тыя для кра­і­ны ча­сі­ны.

Каб расказаць пра сям'ю свайго знакамітага дзядзькі, неўзабаве яна прыехала ў рэдакцыю. Тое, што не ўвайшло ў афіцыйную біяграфію мінскага падпольшчыка і засталося па-за архіўнымі звесткамі, больш чым праз 70 гадоў давялося даведацца з першых вуснаў.

— Нарадзіўся Вячаслаў Нікіфараў у 1909 годзе ў горадзе Бахмач, што ў Чарнігаўскай вобласці, — расказвае Людміла Бярозкіна. — Мой дзед, Кандрат Пракоф'евіч, быў чыгуначнікам: у свой час скончыў Гомельскае чыгуначнае вучылішча. Любоў да чыгункі па спадчыне перадалася амаль усім яго сынам.

А іх у Кандрата і Яўгеніі Нікіфаравых было пяць. Акрамя таго, у сям'і выхоўваліся дзве дачкі, адна з якіх, Марыя, была прыёмнай.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, усе Нікіфаравы жылі ў Мінску — вярнуліся на гістарычную радзіму. Як толькі Вячаслаў уключыўся ў падпольную барацьбу з ворагам (а было гэта ў першыя дні акупацыі), іх кватэра па Чэрвеньскім тракце стала явачнай. Тут захоўвалася забароненая літаратура і зброя, не аднойчы збіраліся патрыёты, якія па ініцыятыве Ваціка, як называлі Нікіфарава спачатку ў сям'і, а потым і ў падполлі, стварылі групу «Нафтавікоў».

Разам з Вацікам у падпольнай рабоце ўдзельнічаў і яго брат. Аляксандр Нікіфараў працаваў у аўтарамонтных майстэрнях і часта выконваў заданні Вячаслава: збіраў і захоўваў зброю, распаўсюджваў лістоўкі, супрацоўнічаў з партызанамі. Аднойчы разам з падпольшчыкам Іванам Сёміным яны вывезлі з Мінскага мясакамбіната 4 аўтамашыны мясакаўбасных вырабаў, а з Мінскага хлебазавода — больш як 20 тон хлеба. Шура быў павешаны падчас аднаго з публічных пакаранняў. Па словах нашчадкаў, было гэта 9 мая 1942 года на цяперашняй плошчы Свабоды. Гітлераўцы прынялі яго за Ваціка...

Дабраліся гітлераўцы і да Вячаслава. Праўда, перш разам з іншымі падпольшчыкамі ён паспеў выпусціць тры нумары «Звязды».

— Найбольш папулярная версія, што ён загінуў у Трасцянцы, — гаворыць пляменніца Нікіфарава. — Але ў свой час з маімі сваякамі сустракалася жанчына, якая ў 1943 годзе каля стадыёна «Дынама» бачыла сярод дзесяці павешаных падпольшчыкаў Ваціка.

Вядома, што Вячаслава Нікіфарава арыштавалі 25 верасня 1942 года: ён якраз здабываў апошнюю інфармацыю для пятага нумара падпольнай газеты, які так і не ўбачыў свет. Па афіцыйных звестках, пасля закатаванняў у СД 8 снежня яго перавезлі ў мінскую турму. Пасля зноў — у СД, дзе пад чарговай порцыяй жудасных здзекаў яго прымушалі адмовіцца ад камуністычнай партыі. Далейшы лёс Вячаслава Нікіфарава невядомы.

Вялікая Айчынная адабрала ў бацькоў і трэцяга сына. Старэйшы Барыс, які прызваўся ў Чырвоную Армію ў 1939-м, загінуў у першыя дні вайны пры адступленні. Доўгі час ён лічыўся зніклым без вестак. Не так даўно нашчадкі даведаліся, што жыццё Барыса Нікіфарава абарвалася 24—25 чэрвеня 1941 года ў населеным пункце Васількава, што за 47 кіламетраў ад Беластока.

Невядомая магіла і прыёмнай дачкі Нікіфаравых. Марыя рана выйшла замуж. За яўрэя. Калі пачалася вайна, дачцэ Клары было 16 гадоў, сыну Карлу — 9.

— Паліцыя была частым госцем у кватэры бабулі і дзядулі, — расказвае Людміла Леанідаўна. — Марыя з дзецьмі жыла не разам з імі, але часта прыходзіла ў госці. Там Клара і трапіла на вочы гітлераўцам. Не дзіва, чорненькая, цёмненькая — відавочна, што яўрэечка. Дзяўчынку спрабавалі забраць. Маці заступілася і таксама трапіла пад падазрэнне. Разам з імі павезлі і малога Карла. Больш пра іх нічога не вядома. Хутчэй за ўсё, Марыю з дзецьмі спасціг такі ж лёс, як і многіх яўрэяў Мінска.

Іншым Нікіфаравым пашчасціла больш. Усевалада, які па заканчэнні Аршанскага чыгуначнага тэхнікума працаваў на магілёўскай чыгунцы, у 1937 годзе прызвалі ў Чырвоную Армію. Пасля службы ў Гомелі яму наканавана было прайсці дзве вайны: спачатку савецка-фінляндскую, затым Вялікую Айчынную. У складзе 1-га Беларускага фронту дайшоў да Берліна. У сямейным архіве і дагэтуль захоўваецца фотаздымак на фоне разгромленага рэйхстага.

Яшчэ адзін з братоў Нікіфаравых — Леанід, бацька Людмілы, — набліжаў Перамогу ў тыле. Яго вопыт спатрэбіўся на казанскай чыгунцы.

— Бацькава сястра Алена перад вайной выйшла замуж, — кажа пляменніца Вячаслава Нікіфарава. — З двума дзецьмі яна жыла ў бацькоў. Разам з імі двухпавярховы домік у раёне Нямігі, куды яны перасяліліся з-за частых вобыскаў і праследаванняў, дзяліў сын Усевалада (яшчэ двое дзяцей былі разам з жонкай у эвакуацыі). Усе тры гады акупацыі мае бабуля і дзядуля жылі ў атмасферы надзвычайнай асцярогі і неспакою. І не толькі таму, што ў падполлі знаходзіліся два іх сыны. Яны неслі адказнасць за малых дзяцей, сваіх унукаў, якія былі побач.

Штодзённае хваляванне і маральнае напружанне не прайшліо дарма. Гібель чатырох дзяцей увогуле падкасіла Нікіфаравых. Глава сям'і, Кандрат Пракоф'евіч, усяго 10 дзён не дажыў да вызвалення Мінска...

Маці Вячаслава Нікіфарава, якую пасля вайны замучылі допытамі ўжо свае, дажывала век у Горкім, куды з мужам-франтавіком з'ехала дачка Алена. Яўгеніі Сямёнаўне выпала шчасце дажыць да таго моманту, калі сына прызналі адным з герояў падпольнага руху, даведацца аб тым, што яе Вацік пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені. Але галоўная ўзнагарода для маці, каб дзеці былі жывыя...

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».