Вы тут

На «кірмашы вакансій» у Гродне прапаноўвалі работу на будаўніцтве АЭС


Самым буйным наймальнікам стала прадпрыемства «Белэнергабуд», філіял якога ўзводзіць Беларускую АЭС. Будаўніцтва пашыраецца, і цяпер сюды патрэбны каля 200 рабочых: муляраў, бетоншчыкаў, мантажнікаў, тынкоўшчыкаў, зваршчыкаў. Начальнік аддзела кадраў галаўнога прадпрыемства Наталля Кулак пабывала ўжо ў дзесяці рэгіёнах краіны і лічыць, што гродзенская кампанія — адна з найбольш паспяховых. За некалькі гадзін прыёму звярнулася больш за 30 чалавек.


Гродзенец Дзмітрый расказаў, што ўжо працаваў на будаўніцтве атамнай электрастанцыі ад расійскай арганізацыі, але наймальнікі пакінулі яго без зарплаты. Цяпер ён хоча ўладкавацца на беларускім прадпрыемстве бетоншчыкам. Гэта магчыма, але пасля таго, як Дзмітрый пройдзе перападрыхтоўку.

— У нас шмат рабочых, якія маюць стаж работы бетоншчыкам і арматуршчыкам, але не маюць адпаведнай кваліфікацыі. Раней гэта не патрабавалася, таму па гэтых дзвюх спецыяльнасцях у нас наладжана перападрыхтоўка, — кажа Наталля Кулак. — Зараз без кваліфікацыі мы наогул нікога не бяром.

Прыём дакументаў не азначае, што саіскальніка ўзялі на работу. Кожны кандыдат павінен прайсці спецыяльную праверку па лініі дзяржбяспекі. Ігар, які мае 12 гадоў стажу зваршчыкам, не адразу прызнаўся, што яго звольнілі за парушэнне працоўнай дысцыпліны. Пры вынясенні канчатковага рашэння, камісія, вядома, будзе ўлічваць гэты факт, зазначыла Наталля Кулак.

Усяго на «кірмаш вакансій» прыйшлі 250 чалавек. У асноўным мужчыны, бо сустрэча была арганізавана для прадстаўнікоў будаўнічага профілю. Акрамя гродзенскіх наймальнікаў, прысутнічалі прадстаўнікі Брэста, Пінска, Мінска.

— Свае кадры шукалі ў нас 14 наймальнікаў, але самая вялікая чарга ўтварылася да прадпрыемства атамшчыкаў. Некаторых кандыдатаў адзначалі на перспектыву, бо на АЭС работа вядзецца вахтавым метадам, і варта стварыць рэзерв кадраў, — растлумачыла намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага гарвыканкама Аксана Флёрка.

Яна паведаміла, што ў Цэнтры занятасці тэматычныя кірмашы вакансій сталі традыцыйнымі. Да гэтага мэтавыя аўдыторыі збіралі наймальнікі з прамысловых прадпрыемстваў, сферы гандлю, аховы здароўя, адукацыі.

— З пачатку года 140 гродзенцаў атрымалі новую кваліфікацыю, што дае ім магчымасць канкурыраваць на рынку працы, — зазначыла Аксана Флёрка. — Некаторыя атрымліваюць некалькі смежных прафесій, напрыклад тынкоўшчык-маляр-абліцоўшчык. Бывае, што чалавек доўгі час працаваў, напрыклад, прадаўцом, але дакументаў, якія гэта пацвярджаюць, не мае. Пасля вучобы рынак працы значна пашыраецца.

Некаторыя беспрацоўныя скарысталіся магчымасцю атрымаць сродкі на ўласную справу. Летась у Гродне было выдадзена 73 субсідыі, за тры месяцы гэтага года яшчэ 19. Многія адкрываюць прыватныя майстэрні, займаюцца рамяством, продажам сувенірнай прадукцыі.

У тэму:

На 1 красавіка ў Гродзенскім гарадскім цэнтры занятасці зарэгістравана амаль 2 тысячы беспрацоўных, з якіх 75% складаюць мужчыны, пераважна рабочых прафесій. Вакансій горад можа прапанаваць крыху больш за паўтары тысячы. Значную іх частку складаюць сферы адукацыі, аховы здароўя, гандлю.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Фота Віталя ДЗЯРНЕЙКІ

Загаловак у газеце: Аб'ект патрабуе кадраў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.