Вы тут

Чаму расце колькасць бацькоў, якія ўхіляюцца ад аплаты аліментаў?


Пракуратура Брэсцкай вобласці забіла трывогу. Колькасць неплацельшчыкаў аліментаў апошнім часам расце такімі тэмпамі, што правапарушэнні, звязаныя з ухіленнем ад утрымання дзяцей, занялі другую пазіцыю пасля крадзяжоў. Кожны дзясяты правапарушальнік Брэсцкай вобласці — гэта неплацельшчык грошай на патрэбы ўласных дзяцей. На адной з апошніх каардынацыйных нарад праваахоўных органаў з кіраўніцтвам вобласці абмяркоўвалі гэту праблему. Але знайсці адназначныя адказы на пытанні, якія ўзнікалі ў ходзе нарады, часам было зусім не проста.


У лічбах сітуацыя выглядае так: летась на Брэстчыне пацярпела 1,3 тысячы дзяцей, якім бацькі не цалкам або з затрымкай плацілі грошы. 500 дзяцей не атрымлівалі дапамогу зусім. Адсюль, як правіла, вынікаюць матэрыяльныя, сацыяльныя, а то і крымінальныя праблемы.

Асабліва красамоўным сведчаннем таму можа быць гісторыя грамадзяніна В. Яшчэ ў 2002 годзе суд абавязаў яго да выплаты аліментаў на ўтрыманне малалетняга сына. Калі спачатку згаданы бацька сяк-так пералічваў грошы, то ў 2014—2015 гадах праваахоўнымі органамі зафіксаваны факт ухілення ад аплаты аліментаў. Грамадзянін не працаваў і нічым не дапамагаў сям'і. У гэты час яго 14-гадовы сын разам з таварышамі здзейсніў серыю крадзяжоў з аўтамашын. Падлетка паставілі на ўлік у інспекцыі па справах непаўналетніх. Маці хлопчыка прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за невыкананне бацькоўскіх абавязкаў. Так уся сям'я за кароткі час аказалася крымінальнай. Магчыма, што да крадзяжу гэтага школьніка падштурхнулі менавіта матэрыяльныя праблемы. Ён пастаўлены на ўлік, з ім праводзіцца пэўная прафілактычная работа. Але ці ёсць падставы чакаць, што сённяшні падлетак некалі стане добрым бацькам для ўласнай сям'і і не будзе ўхіляцца ад утрымання сваіх дзяцей? Хацелася б спадзявацца. У гэтай сітуацыі многае залежыць цяпер ад маці. Калі яна здолее ўтрымаць дзіця ад далейшага маральнага падзення, можа, толк і будзе. Бацька для яго дакладна прыкладам ніколі не стане.

Як і жыхар Століна, які забыўся пра свой бацькоўскі абавязак. Гісторыю гэтага грамадзяніна расказала яго былая цешча кіраўніку вобласці на прамой лініі. Пасля разводу малады мужчына нідзе не працуе і, адпаведна, дзецям не дапамагае. Больш за тое, за названае правапарушэнне ён ужо адседзеў пэўны тэрмін, выйшаў на волю і працягвае ў тым жа стылі. У міліцыі былой жонцы сказалі, што нядбайнага бацьку хутка зноў накіруюць у месцы пазбаўлення волі. «Але ж нам не трэба, каб ён сядзеў, сям'і трэба, каб працаваў і плаціў», — горача даводзіла жанчына. А як гэтага дабіцца на справе?

Праведзены пракуратурай аналіз сведчыць, што асноўная прычына нявыплаты аліментаў — адсутнасць работы і пастаяннай крыніцы даходаў. Летась на момант вынясення прысуду 79 працэнтаў неплацельшчыкаў не працавалі, кожны трэці не працаваў больш за два гады, значыць, сам з'яўляўся ўтрыманцам. Больш за тое, кожны трэці з такіх бацькоў вёў асацыяльны лад жыцця, кожны чацвёрты стаяў на ўліку ў нарколага. Вось такі сацыяльны партрэт неплацельшчыка вымалёўваецца па выніках адной пракурорскай праверкі. Тут, вядома, паўплывалі змены на рынку працы — пагаршэнне матэрыяльнага дабрабыту. Але ж нельга закрываць вочы і на агульнае падзенне нораваў, якому, несумненна, спрыяе п'янства пэўнай катэгорыі суайчыннікаў.

Пракурор Брэсцкай вобласці Віктар КЛІМАЎ сказаў, што памяняць сітуацыю да лепшага можна не карнымі, а, найперш, ідэалагічнымі метадамі. Паводле меркавання пракурора, трэба вакол гэтых асоб стварыць атмасферу нецярпімасці, а таксама стымуляваць іх працаўладкаванне. Усё правільна. Толькі як гэта зрабіць на практыцы, дакладна не ведае ніхто. Як дастукацца да сумлення людзей, якім фактычна ўсё «да лямпачкі»? Цяперашнія бацькі-ўхілісты — людзі з пакалення канца СССР. Іх светапогляд фарміраваўся на зломе эпох, калі старыя ідэалы адышлі, новыя не з'явіліся, а іх месца паступова займала прывабная карцінка грамадства спажывання. Гэта пакаленне пачатку экранных баевікоў, інтэрнэту, даступнага алкаголю, адноснай свабоды. Людзі, якіх у сям'і не навучылі ўсведамляць свой абавязак перад блізкімі, грамадствам, рэшткі сумлення адключаюць гарэлкай. Яны жывуць толькі сённяшнім днём. Тая жанчына са Століна расказвала, што яе былы зяць, калі з ім спрабавалі гаварыць, заяўляў: «А я не збіраюся ісці на работу. Ну і што, што адседжу нейкі час, потым зноў вярнуся».

Цяжка вакол такога чалавека стварыць атмасферу нецярпімасці, калі ў яго застаўся фактычна адзін жыццёвы клопат: выпіць і паесці. Але ж і ўпускаць выхаваўчую работу недапушчальна. Трэба спрабаваць дастукацца да тых, хто яшчэ можа паддавацца ўплыву.

У адным з сельсаветаў расказвалі сумна-кур'ёзную гісторыю неплацельшчыка. Даволі яшчэ малады бацька пакінуў сям'ю, а былой жонцы сказаў, што едзе на заработкі. Потым спраўна слаў sms-кі, у якіх паведамляў, што знаходзіцца на будоўлях Расіі, на сельгасплантацыях Польшчы, і дабаўляў звычайна: «Грошы прышлю потым» альбо «Заплачу пазней». Яна і чакала, спадзявалася, нават у міліцыю не звярталася, каб ладзілі вышук неплацельшчыка. Але ж дзеці хочуць есці кожны дзень, і маці стала пакрысе наводзіць даведкі. І трэба ж, нехта з аднавяскоўцаў яго выпадкова ўбачыў літаральна за 15 кіламетраў, у вёсцы суседняга раёна. Нядбайны бацька жыў у тамтэйшай удавы, як той казаў, на поўным забеспячэнні. На работу не хадзіў, хіба толькі дапамагаў гаспадыні на агародзе. Але як толькі да яго прыехалі і сказалі, што за ўхіленне ад аплаты аліментаў ён можа нават атрымаць тэрмін пазбаўлення волі, вясковы гастралёр спалохаўся. Пайшоў прасіцца ў мясцовы калгас, і цяпер грошы на дзяцей былой жонцы прыходзяць рэгулярна. На жаль, не заўсёды так бывае, каб адна прафілактычная гутарка падзейнічала.

На каардынацыйнай нарадзе адзначалі, што праблема нявыплаты аліментаў на ўтрыманне дзяцей цесна звязаная з дрэнным сацыяльным і сямейным становішчам. Дзеці і так растуць у няпоўных сем'ях, да таго ж яны не маюць матэрыяльнага дастатку, і як вынік, не наведваюць спартыўныя секцыі, музычныя, мастацкія студыі, больш уразлівыя псіхалагічна, часцей за іншых дапускаюць правапарушэнні, праяўляюць схільнасць да суіцыду. Вось доказ: за два гады колькасць дзяцей, якія стаяць на ўліку ў ІСН, чые бацькі ўхіляюцца ад аплаты аліментаў, вырасла ў тры разы, а тых, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, стала ў паўтара раза больш.

Так што да неплацельшчыкаў трэба прымаць усе магчымыя меры: і выхаваннем, і прымусам дабівацца ад бацькоў удзелу ў справе ўтрымання дзяцей. І думаць, як выхоўваць будучых сямейнікаў з самага ранняга ўзросту.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Дзіця хоча есці кожны дзень

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?