Вы тут

Навука перш за ўсё павінна быць практыка-арыентаванай


Чаго не хапае ў распрацоўках айчынных навукоўцаў? Як максімальна зблізіць навуку і галіны гаспадаркі дзяржавы? Гэтыя пытанні падняў учора ў Нацыянальнай акадэміі навук Прэзідэнт падчас нарады аб праблемах і перспектывах развіцця беларускай навукі.


Яна атрымалася даволі працяглай, але назваць яе фармальнай ніяк нельга. Ва ўступным слове кіраўнік краіны папрасіў удзельнікаў нарады гаварыць шчыра і выказваць сваю асабістую пазіцыю. Літаральна з кожным дакладчыкам у кіраўніка дзяржавы атрымаўся змястоўны дыялог пра сучаснасць і будучыню беларускай навукі.

— Мы павінны выкрышталізаваць тыя праблемы, на якія вы павінны звярнуць маю ўвагу для прыняцця рашэння. Мы ўсе ў гэтым зацікаўленыя, і вы перш за ўсё, — заявіў Прэзідэнт. — Я вельмі хачу, каб мы, сустрэўшыся чарговы раз, прынялі тыя рашэнні, якія сёння неабходныя для навукі. Для таго, каб навука рухалася наперад і развівалася.

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб праблемы не замоўчваліся, каб абмяркоўваліся адкрыта. Ён звярнуў увагу, што навуковую галіну рэфармаваць не трэба, увогуле, слова «рэформы» тут не вельмі да месца, размова павінна ісці пра ўдасканаленне таго, што маем.

Апаратура паветранай радыяцыйнай разведкі мясцовасці БАРК-АТ102, навукова-вытворчае ўнітарнае  прадпрыемства «АТОМТЕХ».

Гаворачы на тэму дзяржаўнага кіравання навуковай сферай, Прэзідэнт агучыў праблемы, якія сёння ў ёй ёсць. Гэта раз'яднанасць органаў дзяржаўнага кіравання, саперніцтва акадэмічнага, галіновага сектараў навукі і сектара ВНУ замест узаемавыгаднага партнёрскага супрацоўніцтва.

Аляксандр Лукашэнка выказаўся і пра ролю НАН у стратэгічным планаванні і кіраванні ўсёй навукай у краіне. Сёння гэту функцыю Акадэмія навук выконвае не вельмі добра. Яшчэ адзін момант — нізкі ўзровень навукаёмістасці ВУП (частка ВУП, якая накіроўваецца на правядзенне навуковых даследаванняў і на распрацоўку інавацый) — усяго 0,5%.

— Расходаванне сродкаў інавацыйных фондаў — нерацыянальнае, яны, як правіла, накіроўваліся не на фінансаванне інавацыйных праектаў і навуковых распрацовак, а на падтрыманне дзейнасці падведамасных арганізацый, — канстатаваў Прэзідэнт. — Я прыняў рашэнне, што сродкі, якія фарміруюцца для інавацый, не павінны траціцца ні на што іншае. Пасля я ад гэтага адыходзіў. Прычына перш за ўсё была ў тым, што гэтыя грошы проста не расходаваліся. Калі больш жорстка ўзялі пад кантроль расходаванне гэтых грошай на вашы навуковыя распрацоўкі, яны проста перасталі асвойвацца. Таму мне прыйшлося на паўнавуковыя праекты накіроўваць гэтыя сродкі. А нядаўна мэр Мінска папрасіў мяне, каб інавацыйныя сродкі, што засталіся за два гады, я накіраваў на будаўніцтва метро.

Не ўсё добра і з інавацыйным развіццём эканомікі, кадравым патэнцыялам навуковай сферы.

— Дасягненні навукі не ў поўнай меры працуюць на вытворчую і сацыяльную сферы, не з'яўляюцца ключавым фактарам эканамічнага росту краіны, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Шэраг праблем, паднятых на нарадзе ў 2014 годзе з вядучымі навукоўцамі па пытаннях і перспектывах развіцця навукі ў Беларусі, да цяперашняга часу не вырашаны. Асобныя з іх набылі хранічны характар. Па выніках названай нарады былі дадзены выразныя даручэнні, якія атрымалі ўхваленне навуковай супольнасці. Аднак падыход да выканання некаторых з іх насіў фармальны характар.

3D-сканавальны  лазерны  Раманаўскі  спектрометр  Confotec MR350,  ТАА «Сол інструментс».

Увогуле, учарашняя размова была хутчэй падрыхтоўкай да таго, каб выпрацаваць пэўныя стратэгічныя задачы для айчыннай навукі на перспектыву. Кіраўніку краіны прапаноўвалі розныя варыянты рашэння кадравых, эканамічных пытанняў навуковай галіны, выказвалася шмат розных меркаванняў — часам даволі крытычных.

— Я не гатовы сёння выступаць з пастаноўкай нейкіх стратэгічных задач перад навукай. Больш за тое, я нават баюся сёння выказаць нейкае меркаванне наконт цяперашняга стану навукі. Таму што да прэзідэнцкіх слоў заўсёды прыслухоўваюцца, вельмі ацэньваюць іх, робяць адпаведныя вывады... Гэта жыццё, гэта настрой людзей, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Але размова гэтая была вельмі важная. З улікам вось гэтай размовы я вам абяцаю, што прыму рашэнні па ўсіх актуальных пытаннях, якія былі абазначаны.

Прэзідэнт прапанаваў працягнуць размову праз некалькі месяцаў — напрыклад, у верасні.

— І я абяцаю вам, што я падрыхтуюся сур'ёзна, прааналізую сітуацыю разам з вамі. І падрыхтую зварот да нашай навуковай супольнасці. Там будзе і ацэнка сітуацыі, і там будуць перспектывы. Мы павінны нарэшце паставіць кропку ва ўсіх спрэчных пытаннях.

* * *

Закранулі падчас нарады і нядаўнія перагаворы Аляксандра Лукашэнкі з расійскім Прэзідэнтам:

— Добра, што вы паднялі гэтае пытанне — наконт усялякага роду інсінуацый, асабліва з боку расійскіх чыноўнікаў. Вы ведаеце, відаць, ім не вельмі прыемны быў рэзультат нашых перамоў з Пуціным, таму што кожны бачыў там свае інтарэсы, а атрымалася трошкі не так, як яны хацелі. Не скажу, што нам удалося дабіцца тых вынікаў і прыйсці да той мэты, якую мы першапачаткова для сябе вызначылі. Гэта быў пэўны кампраміс — але для нас вельмі выгадны.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Не рэформы, а ўдасканаленне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».