Вы тут

Б’е толькі сэрца




Б’е толькі сэрца

«Lorsque j’avais six ans j’ai vu, une fois, une magnifique image, dans un livre sur la Forêt Vierge qui s’appelait «Histoires Vécues». Ca représentait un serpent boa qui avalait un fauve». Так пачынаецца адна з самых добрых казак. Адна з самых сапраўдных кніг. «Маленькі прынц». Дзіцячы твор, напісаны дарослым для дарослага. Твор, які нечым цёплым разліваецца ў табе і застаецца назаўсёды. Цытатамі і малюнкамі. Удавамі і ружамі. Лётчыкамі і прынцамі.

Каля паўгода таму мы з каханай паглядзелі новы французскі мульцік. Працяг гісторыі Антуана дэ Сэнт-Экзюперы. Яна сказала, што было б добра, калі б усе «дарослыя» свету гэта паглядзелі. А я адказаў, што нічога б не змянілася, бо яны такія «дарослыя». Бо яны жывуць у іншай рэальнасці. У той, дзе лісы не могуць сябраваць з маленькімі хлопчыкамі. У той, дзе ружы прыгожыя, толькі калі іх зарэзаць і паставіць у шклянку. У той, дзе б’е — значыць, любіць.

Я думаю, у краіне дарослых не знайшлося б месца і гурту Sigur Rós. Гурту з далёкай Ісландыі, якая здаецца часам такой казачнай, як Нарнія. Казачнай, як эльфы, гномы, драконы. Казачнай, як Хогварц і хатка на курыных ножках. Немагчыма казачнай. Як музыка Sigur Rós. Як голас Ёўна Тоўра Біргісана.

Гісторыя беларускай літаратуры. Мележ. Палеская хроніка. Стасункі Яўхіма і Ганны.

— Б’е — значыць, любіць, — кажа выкладчыца. Усе ківаюць. Працуюць далей. Аналізуюць. Складаюць характарыстыкі. А я гляджу ў вочы аднагрупніцы Таццяны і лаўлю там такую ж роспач, якая захапіла пасля гэтых слоў мяне. Хочацца перапытаць, ці правільна я пачуў. Але ж упэўнены, што правільна. Што жанчына сарака гадоў растлумачвае гвалт над жонкай як акт любові. Проста бярэ і кажа, што сінякі, крывапацёкі, зламаныя рэбры і страх — гэта часткі кахання. Каханне — гэта бясконцы ціск, пастаянная небяспека. Вось зараз. Ён жа кахае. Зараз ён падыме над галавой сякеру ці малаток, ці зэдлік, ці проста кулак, і яго духоўная платанічная любоў атрымае фізічную рэальнасць. Гэта вялікае каханне зробіць меншай колькасць зубоў.

Не магу. Не хачу гэта пісаць. Хачу ў казку. На маленькую планету. Сесці і глядзець на захад сонца, а не на заняпад сонца. Слухаць. Хвалі музычных цел, неіснуючых і такіх істотных запаўняюць мяне, а я зноў і зноў гляджу на захад, бо мая планета такая маленькая. І так не хочацца сыходзіць з яе. Туды. Дзе магчыма пачуць такія размовы.

— Як ты яго церпіш, ён жа цябе б’е? — пытае адна студэнтка.

— Але ж ён мне купляе дарагія рэчы, — адказвае сяброўка. — Ды і не моцна ён б’е, і не часта. Я лепш пацярплю, але ж атрымаю што-небудзь.

Не моцна і не часта, то і нічога. Пасля шлюбу, магчыма, будзе больш і часцей, але ж гэта ўжо пасля шлюбу. Калі ён нікуды не дзенецца, калі ўжо будзе навечна побач. На адлегласці выцягнутай рукі. На адлегласці кулака.

«Les grandes personnes aiment les chiffres. Quand vous leur parlez d’un nouvel ami, elles ne vous questionnent jamais sur l’essentiel. Elles ne vous disent jamais: «Quel est le son de sa voix? Quels sont les jeux qu’il préfère? Est-ce qu’il collectionne les papillons?» Elles vous demandent: «Quel âge a-t-il? Combien a-t-il de frères? Combien pèse-t-il? Combien gagne son père?» Alors seulement elles croient le connaître».

Можа, і мне, як даросламу, а я,  згодна з узростам, дарослы, зацікавіцца лічбамі, разлікамі, формуламі? З якой сілай трэба біць, калі любіш? Колькі разоў на дзень? Па якіх частках цела? Колькі алкаголю перад гэтым выпіць? Ці наадварот трымаць сябе ў цвярозасці, каб быць больш шчырым? Ці лічыцца здрадай біць чужую жанчыну, ці чужога мужчыну, ці дзіця?

Перастаўляю зэдлік. Гляджу на захад сонца. Не заняпад. Захад. Яно кладзецца спаць. Яму патрэбна адпачыць. Яно такое стомленае.

Сонца — гэта пастаянны выбух. Сонца — гэта сімвал вашай любові. А я слухаю Sigur Rós, каб забыць вас і не ўспамінаць. Каб выкінуць з галавы гэтыя роздумы, бо хто я такі. Якое я маю права вучыць каго-небудзь, што ёсць праяўленне любові, а што — не. Тым больш зусім нядаўна ў адной еўрапейскай краіне прынялі папраўкі ў Крымінальны кодэкс. Папраўкі прынятыя з мэтай зрабіць сем’і больш моцнымі. Абмежаваць умяшанне дзяржавы ў жыццё сям’і. Ну, напэўна, асобы, якія прымалі тыя папраўкі, больш адукаваныя, чым я. Іх духоўны свет больш развіты, чым мой. Стрававальная сістэма працуе лепш. Іх не цягне ванітаваць, калі яны чытаюць словы: Депутаты во втором чтении проголосовали за поправки о декриминализации побоев в семье. Документ исключает тюремное наказание за побои близких родственников, «причинившие физическую боль, но не повлекшие последствий».

Перастаўляю зэдлік. Гляджу на захад сонца. Перастаўляю зэдлік. Гляджу на захад сонца. А дрэвы-паразіты разрываюць каранямі маю планету. Беражыся баабабаў. Хацелася б уберагчыся. Толькі нават самыя чароўныя казкі і самая чарадзейная музыка не могуць заплюшчыць мае вочы, закрыць мае вушы.

Жонка сябра скардзілася, што ён яе ўдарыў. Я быў здзіўлены. Як такое магчыма? Ён і камара не заб’е. Калі толькі выпадкова ў прыступе шалёнай радасці. А тут ударыў. Чаму? Што гэта выклікала? Можа, яе паводзіны? Можа, яго пачуцці? А можа, іх не існуе, гэтых пачуццяў? Можа, людзі, якія заключаюць шлюб, — проста заключаюць шлюб. Гэта ж патрэбна. Грамадству, бацькам, ненароджаным дзецям. Патрэбна, каб чалавек заключыў шлюб з чалавекам. А пачуцці? Пачуцці прыкладуцца. Далонню ў вуха. Кулаком у сківіцу. Нагой у жывот.

«C’est une question de discipline, me disait plus tard le petit prince. Quand on a terminé sa toilette du matin, il faut faire soigneusement la toilette de la planète. Il faut s’astreindre réguliérement à arracher les baobabs dès qu’on les distingue d’avec les rosiers auxquels ils se rassemblent beaucoup quand ils sont très jeunes. C’est un travail très ennuyeux, mais très facile».

Я спрабую кожную раніцу прыбіраць сваю маленькую планету. Прыбіраць яе кожны вечар. Часам гэта калонка здаецца сметніцай, якую я штомесячна выношу з дому. Пад уважлівымі позіркамі чужых людзей. А што ён там нясе? Бяду-гора? Не. Любоў нясу. Каханне выношу. Выношу тыя ўдары, якія не магу вынесці. Адзін за адным.

Перастаўляю зэдлік. Гляджу на заняпад сонца. Гляджу на заняпад сонца. Ці маю я права каго-небудзь вучыць, што такое каханне. Усе ведаюць гэта і так. Ведаюць, але саромеюцца сказаць. Саромеюцца прыняць. Каханне — гэта калі яна дапамагае табе пераставіць зэдлік, калі яна ўмее бачыць захад сонца тваімі вачыма. Каханне — гэта калі б’е толькі сэрца. Яе сэрца б’е цябе ў рэбры, а тваё — яе.

«Et aucune grande personne ne comprendra jamais que ça a tellement d’importance!»

__

Sigur Rós (з ісл. ружа перамогі) — ісландскі пост-рок-гурт, а згодна з аматарамі — «ісландскі цуд». Замест тлумачэнняў прапаную два радкі з адной старажытнай сагі. Гэтыя радкі нашмат лепш, чым дзясяткі слоў, адлюстроўваюць сутнасць дадзенай з’явы.

Аднойчы я ішоў праз лес;

Ля вогнішча грэўся цуд.

Дзмітрый Шулюк

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.