Вы тут

Падстава для цуду


Чым вабіць опера на беларускай мове?


Адметна, што сярод адзначаных cёлета на высокім дзяржаўным узроўні — працы ў музычных тэатрах ці асобы, якія паспрыялі іх развіццю. Кожнага з лаўрэатаў мы прадставім паасобку. Сёння звяртаемся да оперы «Сівая легенда»: варта зразумець, чым асаблівая пастаноўка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі? Нядаўна паслухала яе чарговы раз. І адчуванні — як у першы: некаторыя моманты з пастановачнай часткі так уражваюць, што хочацца тут жа перачытаць Караткевіча: а як жа гэта ў яго? Ад жадання ўсё вымяраць праз літаратурную першааснову не пазбавіцца: магчыма, таму, што кампазітар Дзмітрый Смольскі ствараў «Сівую легенду» ў цесным супрацоўніцтве з пісьменнікам.

Уладзімір Караткевіч умеў распавядаць неверагодныя гісторыі. Яны здаваліся неверагоднымі, але калі пачынаў аналізаваць, то ўсё неяк лагічна сутыкалася, усё вынікала адно з другога, падавалася абгрунтаваным і абсалютна рэальным. Таму яго гістарычная проза захапляла. І яшчэ, можа, таму, што для Караткевіча не існавала дробязяў, ён прадумваў сюжэт так, каб не было да чаго прычапіцца, каб беларуская гісторыя ў свядомасці чалавека ажывала, няхай і ў рамантычным варыянце, але падобным да праўды. Ён імкнуўся выклікаць цікавасць да рэальнай беларускай гісторыі і тады, калі паводле твораў ствараліся фільмы ці спектаклі, у тым ліку оперныя, і калі ў іх нібыта галоўнай была лінія кахання.

Як у аповесці «Сівая легенда», што прыйшла да чытачоў на пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Аповесць мела поспех, жыццё яе герояў працягвалася і ў іншых мастацтвах. У 1978 годзе да твора звярнуўся кампазітар Дзмітрый Смольскі: атрымалася опера, лібрэта да якой напісаў сам аўтар. Хто, як не ён, лепш за іншых мог выціснуць з сюжэта найбольш значныя і сутнасныя эпізоды, вызначыць сэнсавыя задачы кожнага з герояў. Але галоўнае — прамовіць іх словамі ўласныя думкі. Тым больш што ў тэатры іх можа пачуць адначасова мноства людзей. Як тады, калі быў жывы аўтар аповесці, так і цяпер, ужо ў ХХ стагоддзі, калі тэатр звярнуўся да твора зноў.

Пастаноўка новай рэдакцыі з’явілася ў рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі: гэтай прэм’ерай распачаўся 80-ы сезон тэатра ў 2012 годзе. А ўжо ў студзені 2013-га калектыў Вялікага тэатра менавіта за пастаноўку оперы «Сівая легенда» кампазітара Дзмітрыя Смольскага атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтваў — за значныя дасягненні ў развіцці беларускага тэатральнага і музычнага мастацтва. Цяпер чарговая высокая адзнака. Цікава, што не за сам твор (аўтар музыкі Дзмітрый Смольскі), а ў большай ступені за працу калектыву тэатра, які ажыццявіў задуму рэжысёра Міхаіла Панджавідзэ: ён прычытаў Караткевіча па-свойму.

У ХХІ стагоддзе опера прыйшла з некаторымі зменамі. Маштабнасць дэкарацый, вонкавага афармлення (мастак-пастаноўшчык А. Касцючэнка) дае адсылку да гісторыі. Хоць вобраз гістарычнай Беларусі ўсё ж тут умоўны. Усё дзеля даніны цяперашняму стагоддзю, у якім галоўнае — зачапіць слухача, пазабаўляць яго, распаліць уяўленне: праз пачуццёвасць, бойкі з халоднай зброяй і іншыя спецэфекты, нават трукі (о, гэтага сучаснага слухача даводзіцца «браць» рознымі сродкамі). І так, даводзіцца сачыць за інтрыгай, закладзенай аўтарам.

Герой оперы «Сівая легенда» Раман служыў каханню — зямному, чалавечаму, вельмі страснаму. За яго гатовы быў ісці ў паўстанне разам з сялянамі, ваяваць, праліваць кроў. За адну дзяўчыну, сялянку, хоць сам шляхціц. Супраць сябра меч узняў, народны бунт узначаліў — у нейкім сэнсе падпарадкаваў яго сваім памкненням. І сам жа пакутаваў моцна, што ідзе да сваёй каханай праз кроў, што, ратуючы адну, ахвяруе многімі жыццямі і мірам на роднай зямлі, якую імкнуцца расцягнуць па інтарэсах — саслоўных, кланавых, рэлігійных… Але адна справа — за веру ваяваць, сапраўднага Бога абараняць. Бог у развагах Рамана таксама прысутнічае: ён, праваслаўны, дакарае Кізгайлу, які перайшоў у каталіцтва. Але іншая справа — пакараць здрадніка: гэта ён робіць у большай ступені праз каханую Ірыну…

Святыя айцы царквы кажуць: дзе пануе асабістая страсць, дабра не будзе. Будзе, будзе — нібыта спрачаюцца айцы спектакля, імкнучыся зарадзіць слухачоў оперы аптымізмам. І вось на нашых вачах па іх волі драма ператвараецца ў казку, у якой галоўныя героі праходзяць праз агонь, ваду і медныя трубы. Каханне перамагае, як і добрыя бяруць верх над злымі. І нават замест адсечаных рук… тут жа вырастаюць новыя! Цуд, ды і толькі. Каханне здольнае тварыць цуды. Альбо Бог?.. Закатаваная пара злучаецца і на нашых вачах паўстае ў арэоле святасці: над ёй блішчаць залатыя аклады абразоў…

Калі пачытаць Караткевіча, то ў яго падстава для цуду зусім у іншым. Сваіх герояў ён усё ж не зрабіў узорнымі ці бездакорнымі — ён не пісаў жыццяпіс святых. Яго героі дзейнічаюць як жывыя людзі, якія трапляюць у складаныя абставіны, памыляюцца, пакутуюць праз гэта, бываюць пакараныя — кожны за свае грахі. І ў кожнага яны ёсць — грахі і страсці. Кожнаму можна дараваць. Дараванне трэба заслужыць, каб атрымаць збавенне і палёгку — і тады, так, ад адчування Боскай спагады могуць вырасці крылы нават у самай безнадзейнай, нечалавечай сітуацыі: яна аслеплена, ён знявечаны, але яны жывыя і разам. Непераможаныя, нескароныя, больш моцныя. Героі, якімі хочацца захапляцца, як гэта робіць аўтар у самым апошнім радку аповесці: «Божа, злітуйся над зямлёю, што нараджае такіх дзяцей». Не дзіва, што гісторыя стала натхняльнай.

Таму твор літаратуры, дзе раскрываюцца вельмі заблытаныя перыпетыі ўзаемаадносін герояў, а праз іх паказана неадназначная гісторыя «зямлі пад белымі крыламі», дзе асабістае знітоўвалася з грамадскім, а грамадскае станавілася асабістым, нарадзіў у кампазітара Дзмітрыя Смольскага музыку. Яна дае адчуванне сапраўднай легенды: прыгожай і таямнічай, якая дайшла з глыбінь, але інтрыгуе сёння. Гэта адчуваеш ужо з уверцюры: праз музычную плынь ідзе няўлоўны подых спрадвечнароднага, глыбока-ўдумлівага, таго, што абуджаецца на генным узроўні і ўключае асаблівую пачуццёвасць. Такую музыку можна слухаць і з заплюшчанымі вачыма — і ўзнікаюць вобразы, і выцягваюць усё, што ты мог ведаць пра часы Льва Сапегі. А потым прыходзяць героі — праз арыі, праз вельмі глыбокія і прыгожыя дуэты. Пачуццёвасць перадаюць артысты, якія спяваюць галоўных герояў (адзначана выкананне партыі Любкі Аксанай Волкавай, Ірыны — Настассяй Масквіной, Кізгайлы — Станіславам Трыфанавым, Рамана — Сяргеем Франкоўскім). Вялікую працу робіць хор, які ўвасабляе народ. Усё гучыць на беларускай мове. У нас у тэатры цяпер такіх опер… Няшмат. Кожны паказ — свята нацыянальнай опернай музыкі, якая сцвярджалася з часоў Манюшкі, а закладвалася як музычная з’ява яшчэ раней (калі лічыць дзейнасць палацавых тэатраў, таго ж Нясвіжскага). Ды і за савецкім часам кампазітары пісалі, а тэатр ставіў оперы паводле беларускіх сюжэтаў і твораў. Опера — гэта не толькі прызнаныя і пазнавальныя творы Вердзі, Расіні, Пучыні… Ёсць айчынная оперная класіка, на якую неабходна звярнуць увагу нашага гледача: народ, якія мае творы такога мастацтва, — высокакультурны.

Пастаноўку «Сівой легенды» ў ХХІ стагоддзі можна лічыць гістарычнай падзеяй, да таго ж прыгожая, разумная музыка заўсёды актуальная. І не дзіва, што, пачуўшы музыку Дзмітрыя Смольскага, Караткевіч пагадзіўся стварыць з ім оперу. Атрымаўся арганічны твор, напоўнены думкамі, развагамі, драматызмам, раствораным у гуках. Паколькі оперы на сцэне могуць жыць доўга, магчыма, гэта не апошні варыянт пастаноўкі, таму што ў кожнага пакалення можа быць сваё ўяўленне пра гэты твор Смольскага з яго глыбокім філасофскім светаадчуваннем. І свой Караткевіч з яго разуменнем шчыра-боскага ў чалавеку, калі не забітае сумленне і калі не забыты родны край: разам з драмай персанажаў адчуваеш, які драматычны шлях праходзіў наш народ дзеля сцвярджэння сваёй праўды. Пра гэта хочацца даведвацца глыбей, у Караткевіча, у іншых. Самая вялікая каштоўнасць гэтага спектакля ў тым, што пасля вельмі цягне да кніг…

Ларыса ЦІМОШЫК

Адзнакі за знакавасць

Стала вядома, хто ўганараваны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь 2016 года.

У галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры прэмія прысуджана калектыву супрацоўнікаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі ў асобе Аксаны Волкавай, Анастасіі Масквіной, Станіслава Трыфанава, Сяргея Франкоўскага, Ніны Ламановіч, Аляксандра Касцючэнкі за значныя творчыя дасягненні ў развіцці музычнага мастацтва, прапаганду духоўных каштоўнасцей і значны асабісты ўклад у пастаноўку опернага спектакля на музыку Дзмітрыя Смольскага «Сівая легенда» паводле твора Уладзіміра Караткевіча.

За значныя дасягненні ў галіне тэатральнага і музычнага мастацтва, стварэнне музыкі да балета «Мефіста», мюзіклаў «Шклянка вады», «Джулія», «Соф’я Гальшанская», «Байкер» прэміяй таксама ўганараваны кампазітар Уладзімір Кандрусевіч.

Дзяржаўная прэмія ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры прысуджаецца грамадзянам Рэспублікі Беларусь за глыбокія па змесце і адметныя па форме выдатныя работы (творы літаратуры, мастацтва і архітэктуры, дасягненні выканаўчага майстэрства), якія істотна ўзбагацілі нацыянальную і сусветную культуру, якія спрыяюць сцвярджэнню агульначалавечых каштоўнасцяў і ідэй гуманізму. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь прысуджае адзін раз на два гады (кожны цотны год) тры Дзяржаўныя прэміі ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.