Вы тут

77 магчымасцяў знаёмства


Выдатна. Значныя для нас людзі застаюцца побач нават пасля таго, як пакідаюць мітуслівае зямное жыццё. Так і імя паэта Юрыя Сапажкова, колішняга супрацоўніка «Нёмана», не знікае са старонак часопіса.


У сакавіку Юрыю Міхайлавічу магло б споўніцца 77 гадоў — і з гэтай нагоды Зінаіда Краснеўская прапануе ўвазе чытачоў 77 цытат з тэкстаў спадара Юрыя — «цудоўнага чалавека, разумнага, зацікаўленага суразмоўцы і глыбокага, сапраўды таленавітага паэта». Цытаты ўзятыя з твораў розных жанраў — вершаў, эсэ, крытычных артыкулаў і нават зборніка дзіцячых вершаў «Павук-канатаходзец». У публікацыі «Семдзесят сем» шмат трапных думак пра жыццё і літаратуру, шмат вершаваных радкоў, у якіх ёсць «яснасць выяўлення, прыгажосць і думка». Дванаццаць старонак цытат — магчымасць дастаткова глыбокага знаёмства з творцам, і абраны Зінаідай Краснеўскай спосаб нагадаць пра калегу і добрага сябра падаецца добрай знаходкай, якую часам варта браць на ўзбраенне.

Сумніўна. У аповесці Максіма Іванова «Саната жніўня» галоўныя героі — людзі, якія знайшлі сябе ў прафесіі, сталі бацькамі, але пачуваюцца расчараванымі: жыццё нецікавае і аднастайнае, нешта важнае аказалася няздзейсненым... Жнівень — яшчэ не восень жыцця, але вясна засталася далёка, пакрысе надыходзіць час успамінаў. Адпаведна, кожная з трох частак аповесці — гэта ўспамін, унутраны маналог героя, у якім шмат увагі надаецца настрою, пачуццям, адчуванням. У сюжэтным плане гэтыя псіхалагічныя эцюды нічым не звязаныя, хаця паміж героямі ёсць нямала агульнага. І паколькі Максім Іваноў мае філалагічную адукацыю, крыху дзіўна, што ён не паспрабаваў «скрыжаваць» біяграфіі праз гісторыю, агульную для галоўных персанажаў. Было б таксама выдатна, каб у творы меліся ідэі, якія выяўляюцца праз падтэкст, праз спалучэнне сэнсаў і становяцца для чытача ўласным адкрыццём, тым самым інсайтам, дзякуючы якому на многія гады запамінаюцца мастацкія творы і іх аўтары. Пакуль Максім Іваноў вельмі канкрэтны і рэалістычны (натуралізм — яшчэ адзін магчымы кірунак?..), але яго аповесць чытаецца з вялікай цікавасцю. Напэўна, галоўнае пажаданне аўтару ў гэтым выпадку — больш свабодна пачувацца ў творчасці, а чытачам (як мараль з аповесці) — вучыцца перамагаць меланхолію і дэпрэсіі, каб не абсалютызаваць праблемы і заўважаць светлыя і радасныя імгненні.

На суд чытача. На паэтычных старонках «Нёмана» прадстаўлены вершы Уладзіміра Мазго, Георгія Кісялёва і Наталлі Кучмель. Публікацыі выглядаюць вельмі годна — у тым ліку дзякуючы перакладчыкам Анатолю Аўруціну і Юрыю Мацюшку. Светлыя вершы адкрытага, рамантычнага Уладзіміра Мазго, лірыка Наталлі Кучмель, дзе тонка прамаляваны розныя грані кахання, «мужчынскія», сур’ёзныя гісторыі Георгія Кісялёва з марскім штормам, тундрай, сопкамі і іншай небеларускай экзотыкай... Калі вам імпануюць амплуа лірычных герояў, паэзія гэтага нумара будзе да густу!

***

Выдатна, калі паэт сталага веку не засядае ў мінулым, не аддаецца песням-жальбам пра спачылую маладосць і застаецца сучасным — не ва ўжыванні навамодных слоўцаў, але па самапачуванні. Усё гэта справядліва датычна паэзіі Віктара Гардзея, якая прадстаўленая ў сакавіцкім «Полымі» падборкай «Час ляціць, як перапёлка ў жыта...». Пасля таго, як назва падборкі агучаная, чытач можа абурыцца: вы толькі што сказалі, што Гардзей не хварэе на старэчую настальгію, а тут — «час ляціць». Так, але ў тым і цымус, што, канстатуючы ісціны, быць можа, невясёлыя, сам аўтар застаецца бадзёрым, а лепей нават сказаць — стаічна-аптымістычным. Паэзію Гардзея найперш адрознівае ўласна мова, глыбока паэтычная. Такая мова ператварае любую дробязь у мастацтва. Прыкладам, як увесці ў лірычную карціну камбайн? Гучыць камічна, ці не так? Можаце не паверыць, аднак у Гардзея камбайн «гучыць» не менш рамантычна за які-небудзь лятучы галандзец. Пра непадробную арыгінальнасць паэта гэтаксама кажа абсалютная адсутнасць штампаў. Падаецца, гэта адна з вызначальных рысаў літаратуры: калі чытач не ведае, пра што пойдзе размова ў наступным радку і як гэтая размова будзе весціся.

Сумніўнымі падаюцца асобныя радкі ў паэтычных нізках Святланы Быкавай і Алеся Камароўскага. Напрыклад, «вясна шыбуе па прасторах» гучыць даволі супярэчліва, ці «як на цымбалах, грае ў голлі», ці вобраз вады, якая наталяе «аскому губ». Увогуле трэба сказаць, што вершы гэтыя маюць паэтычную (неграфаманскую) прыроду, аднак да слова варта ставіцца больш уважліва, калі вы, вядома, чакаеце, што нехта вас усё ж прачытае.

На суд чытача мы пакінем празаічную публікацыю Аляксандра Вашчанкі. Гэта якраз той выпадак, калі неасцярожна падабранае слова можа папсаваць някепскую справу. Так, спадар Аляксандр апублікаваў шэраг маленькіх празаічных замалёвак з гістарычнай спадчыны свету, не толькі Беларусі, якія займелі назву «Каралі, світа і просты люд...» і падзагаловак, які якраз і ўносіць невялічкую смуту: «Павучальныя гісторыі часоў Грунвальдскай бітвы». З тым, што пісьменнікі павучаюць дзяцей, мы ўжо неяк звыкліся (хоць гэта й няправільна, вядома). Але да каго звяртае свае павучанні Вашчанка?.. Можна меркаваць, вядома, што гэта такая гумарыстычная форма, павучанне з іроніяй, аднак у такім разе іранічны складнік варта было б узмацніць.

***

Выдатна. І ў сакавіцкай «Маладосці» гэтаксама найлепшай мастацкай публікацыяй аказваецца паэтычная нізка. Маргарыта Латышкевіч добра ўтрымлівае раўнавагу паміж сантыментам і працай над словам. Пачуццё не скажае форму верша, тэхнічная выверанасць не забівае жыццё слова. Назва нізкі «Па лесвіцы з месяцовых промняў» быццам бы падказвае: тут — рамантыка, тут — фантазіі, тут — дзявочае вершаванне... Падказка няправільная. Насамрэч, заўжды не пакідае адчуванне, што ўсе светлыя эцюды ў вершах спадарыні Маргарыты — толькі супрацьвага той цемры, якую аўтарка не выносіць на суд чытача. Ідзе нябачнае змаганне, і чытач бачыць толькі яго плён — святло паэзіі. Іншае — за кадрам, і, відаць, так і павінна быць. Асаблівую ўвагу звяртае на сябе верш пра «кніжных дзяцей», эпіграфам якому служыць радок з вядомага верша-песні Уладзіміра Высоцкага. Гэты верш немінуча мусіць увайсці аднойчы ў зборнік вершаў М. Латышкевіч.

...Нам забыцца на Слова —

горш, чым пазбыцца жыцця:

я паходжу са сціплага племені «кніжных дзяцей».

І, узняўшы да неба свой папяровы сцяг,

я шукаю вачыма дарогі былой працяг,

я працягваю рукі да тых,

хто за мной ідзе.

Сумніўна, што пасля радкоў, якімі адкрываецца падборка вершаў Анатоля Зэкава («Неўтаймаваны мой характар — / яго наўрад ці зацугляць, / калі я сам, нібыта трактар, / гатовы ўсё наўсцяж араць...»), чытач знойдзе ў сабе сілы надалей пазнаёміцца з творчым светам аўтара.

На суд чытача. Адкрыем Амерыку, калі скажам: ёсць такая рыса ў «маладой» паэзіі — нагрувашчванне слоў ды сэнсаў без пэўнай мэты. Гульня з моваю захоплівае маладых аўтараў, яны безаглядна аддаюцца ёй, і гэта дае цікавы плён: нечаканыя спалучэнні — як яркія выбліскі ў цемры; непаўторнасць, бо імправізацыя і стыхія — непаўторныя па сваёй сутнасці; шчырасць — яшчэ не гарант добрага твора, але неад’емны яго складнік — неаспрэчна. Усё гэта ёсць, але варта задацца пытаннем: навошта?.. Этап гульні са словам неабходны, яго праходзяць як этап фарміравання асобы, творцы, стылю. Поўнае разбурэнне правілаў дае магчымасць стварыць свае творчыя «догмы», не паўтараючы досвед (а значыць, і памылкі) папярэднікаў, якімі б мудрымі яны ні былі. Паэты сакавіцкай «Маладосці», пэўна, якраз на гэтым этапе самавызначэння і знаходзяцца (за выняткам згаданай вышэй Маргарыты Латышкевіч). Тут найперш маем на ўвазе публікацыі Марыі Бадзей і Дзяніса Шпіронка. Крыху іншага характару творчыя спробы Бажэны Мацюк — класічная форма, рыфма і г. д. Але й тут пачуццё пераважае. Для разумення аўтараў новага пакалення можна прывесці радкі спадара Дзяніса:

Ты калісьці быў проста дзіцём,

Што плыло паслухмяна

Па моры глыбокіх эмоцый.

Па гэтым самым моры нашыя аўтары плывуць дасюль. У гэтым плаванні замест ветразя можа паслужыць запавет Максіма Багдановіча: «Трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш, / Абрабіць яго трэба з цярпеннем». Гэтаксама раім чытачу звярнуць увагу на апавяданні Аляксандры Хамянок, асабліва на «Сябра».

Алеся ЛАПІЦКАЯ, Наста ГРЫШЧУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».