Вы тут

Прыёмная кампанія стартавала ў Ліцэі БДУ


У Ліцэі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта распачаўся прыём дакументаў ад ахвотных стаць на бліжэйшыя два гады ўладальнікамі ганаровага звання “ліцэіст”. Яны будуць прымацца да 6 мая ўключна.


Фота: shkolazhizni.ru

Новаўвядзеннем сёлетняй прыёмнай кампаніі стане прыём дакументаў у анлайн-рэжыме праз “асабісты кабінет абітурыента”. З дапамогай гэтага электроннага рэсурсу старшакласнікі змогуць зарэгістравацца для ўдзелу ва ўступных выпрабаваннях, азнаёміцца ​​з раскладам экзаменаў, а таксама даведацца пра іх вынікі. Ну а для абітурыентаў з аддаленых рэгіёнаў краіны гэта яшчэ і цудоўная магчымасць падаць дакументы, не выходзячы з дома.

Залічэнне ў 10 класы ліцэя будзе ажыццяўляецца па выніках двух пісьмовых уступных іспытаў, якія пройдуць 14 і 21 мая. Рэзервовы дзень — 27 мая.

Усяго ў 2017/2018 навучальным годзе ў ліцэі плануецца сфарміраваць 12 класаў па 22 чалавекі: па два — матэматычных, фізічных, біялагічных, філалагічных, гісторыка-грамадазнаўчых і па аднаму — хімічнаму і інфарматыка-матэматычнаму.

Без уступных іспытаў у Ліцэй БДУ залічваюцца пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды (уладальнікі дыпломаў I, II або III ступені) па фізіцы, матэматыцы, інфарматыцы, хіміі, біялогіі, гісторыі, грамадазнаўстве, рускай мове і літаратуры, беларускай мове і літаратуры і англійскай мове.

У папярэдні год агульны конкурс у Ліцэй БДУ склаў 7 чалавек на месца. Самы высокі конкурс (11,8 чалавека на месца) утварыўся на рускім філалагічным кірунку. А найбольшая колькасць заяў ад абітурыентаў паступіла на хіміка-біялагічны профіль — 363. На адно месца тут было зарэгістравана 9,4 прэтэндэнта.

Прахадны бал на філалагічны кірунак (руская—англійская мова) склаў 123, на хіміка-матэматычны і фізічны — 132, хіміка-біялагічны — 131, філалагічны (беларуская мова) — 125, прыкладная інфарматыка — 130, матэматычны — 119, гісторыка-грамадазнаўчы — 114. Акрамя таго стаць ліцэістамі пажадалі 32 пераможцы рэспубліканскіх прадметных алімпіяд.

Між іншым, да канца красавіка на серверы дыстанцыйнага навучання для абітурыентаў Ліцэя БДУ арганізаваны бясплатныя рэпетыцыйныя экзамены.

Надзея НІКАЛАЕВА

nikalaeva@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?