Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра чарговыя перамогі айчынных тэнісістаў, «бронзавы» поспех валейбалістак і пра вынікі другога тура чэмпіянату краіны па футболе.


1. Каманда Прэзідэнта Беларусі восьмы раз перамагла ў Рэспубліканскіх спаборніцтвах па хакеі з шайбай сярод аматараў на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. У другім фінальным матчы турніру, які праводзіцца дзясяты раз, хакейная дружына кіраўніка дзяржавы на лядовай пляцоўцы «Чыжоўка-Арэны» абыграла каманду Мінскай вобласці з лікам 9:4.


2. Беларускія тэнісісты працягнуць барацьбу за выхад у сусветную групу Кубка Дэвіса. У матчы другога раўнда І групы Еўра-Афрыканскай зоны супраць аўстрыйцаў, які прайшоў на выхадных, яны атрымалі перамогу з лікам 3:1. Нагадаем, у стартавым паядынку 7 красавіка Ягор Герасімаў быў мацнейшым за Геральда Мельцэра (6:3, 6:3, 6:3), а пазней Ілья Івашка перайграў Юргена Мельцэра — 7:6, 3:6, 6:3, 6:1. У суботу беларускі дуэт Максім Мірны/Яраслаў Шыла саступіў аўстрыйскай пары Юліян Ноўл/Юрген Мельцэр (4:6, 6:7, 7:6, 4:6). Трэцяе ачко заваяваў Ілья Івашка, перайграўшы Геральда Мельцэра — 7:6, 3:6, 6:3, 6:1.

— Гэтая каманда не ведае кансервацыі — яна ўвесь час развіваецца і расце. Мы з Максам 4 гады спрабавалі ўварвацца ў Сусветную групу, а хлопцы робяць усё нашмат хутчэй, — адзначыў капітан беларускай каманды Уладзімір ВАЛЧКОЎ. — Разам з добрым вынікам відавочны вельмі вялікі патэнцыял каманды. Па-першае, і Ілья, і Ягор, і Яраслаў маюць выдатныя магчымасці для развіцця. А Максіму Мікалаевічу і зусім расці няма куды, яму галоўнае як мага даўжэй застацца на тым жа ўзроўні.

Пяты матч згуляны не быў. Згодна з правіламі, калі адна з камандаў перамагае з лікам 3:1 і пры гэтым чацвёрты матч чатырохсэтавы, фінальная адзіночная сустрэча не праводзіцца.

У плэй-оф за выхад у Сусветную групу акрамя зборнай Беларусі згуляюць тэнісісты Аўстраліі, Бельгіі, Францыі і Сербіі.


3. Беларускія валейбалісткі заваявалі бронзавыя ўзнагароды чэмпіянату Еўропы (U-18), які завяршыўся ў галандскім Арнэме. У матчы за трэцяе месца нашы дзяўчаты перамаглі каманду Сербіі — 3:2. Адзначым, што беларускія валейбалісткі заваявалі ўзнагароды еўрапейскага першынства для гульцоў да 18 гадоў упершыню з 2001 года.


4. У Брэсце завяршыўся фінал чатырох SEHA-лігі, перамогу ў турніры святкавалі гандбалісты македонскага «Вардара». У фінальным паядынку яны перайгралі «Веспрэм» з лікам 26:21. Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова заваяваў бронзавыя ўзнагароды, абыграўшы харвацкі «Заграб» — 23:19.

Тым часам мінскі СКА стаў бронзавым прызёрам Балтыйскай лігі. У Эстонскай Пыльве, дзе прайшла завяршальная стадыя турніру, падапечныя Ігара Папругі ў сустрэчы за выхад у фінал саступілі фінскаму «Рыіхімякі». А ў матчы за «бронзу» абыгралі мясцовую «Пыльву» 26:23. Залатыя ўзнагароды заваявалі гандбалісты «Рыіхімякі», у складзе якога, адзначым, гэтак жа ёсць беларусы — Аляксандр Цітоў і Аляксандр Бачко.

Нагадаем, у мінулым годзе мінскія «армейцы» былі сярэбранымі прызёрамі Балтыйскай лігі.


5. На выхадных прайшоў другі круг чэмпіянату краіны па футболе. Дзеючыя пераможцы футбалісты барысаўскага БАТЭ дабіліся першай вікторыі ў новым першынстве, абыграўшы «Мінск» з лікам 1:0. «Гомель», які вярнуўся ў вышэйшую лігу, згуляў у нічыю з «Шахцёрам» — 0:0. Нічыя была зафіксавана таксама і ў матчы «Крумкачоў» з брэсцкім «Дынама» — 1:1. Футбалісты мінскага «Дынама» атрымалі перамогу над наваполацкім «Нафтанам» — 1:0. Магілёўскі «Дняпро» перайграў футбалістаў «Віцебска» — 4:0. Дзве сустрэчы завяршыліся з аднолькавым вынікам 1:0 — гродзенскі «Нёман» адолеў у гасцях «Іслач», а мазырская «Славія» ў сябе дома ўзяла верх над «Гарадзеяй». У панядзелак другі тур 27-га чэмпіянату Беларусі ў вышэйшай лізе завяршыўся матчам «Слуцк» — «Тарпеда-БелАЗ».

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Сусветная група ўсё бліжэй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?