Вы тут

Што было найбольш важным для самога Скарыны?


500 гадоў таму Францыск Скарына першы надрукаваў кнігу на нашых землях. Ці можна лічыць выпадковым той факт, што гэта была менавіта Біблія? Што было першасным у яго справе — распачаць кнігадрук або ўсё-такі данесці да большай колькасці людзей Святое Пісанне? І, зрэшты, ці было тое, што ён выдаў, перакладам? Сваімі думкамі на гэту тэму за круглым сталом у Тэалагічным інстытуце дзяліліся даследчыкі і прадстаўнікі грамадскасці.


Разважаннямі пра тое, наколькі важнай была мова, якую выкарыстаў Скарына, падзяліўся гісторык Юрась БАЧЫШЧА:

— У прадмове Скарына пісаў, што «загадаў «Псалтыр» ціснуці рускімі словамі славянскае мовы... І асабліва з тае прычыны, што «мяне літасцівы Бог з гэтай мовы на свет пусціў». Скарына атаясамліваў мову, на якой ён друкаваў кнігі Бібліі, з той мовай, якой навучаўся ў Полацку са сваімі бацькамі. Верагодна, гэта была простая мова, гутарковая, а не мова высокай навукі. Але ў гэтым, мажліва, і заслуга Скарыны — ён адным з першых адаптаваў (ці пераклаў) для простых людзей царкоўнаславянскія тэксты. І выкарыстаў тую мову, якую лічыў роднай... Гэта менавіта тая мова, якая праз паўстагоддзя, у творах Цяпінскага і Буднага атрымае развіццё. І тады ўжо стане лепш заўважная яе беларускасць.

Вялікую асабістую працу па асэнсаванні Бібліі зрабіў пастар царквы «Ян Прадвеснік» Антоній БОКУН. У 2016 годзе выйшаў зроблены ім пераклад на беларускую мову Новага Завету і кнігі Прыпавесцяў. Ён падзяліўся думкамі адносна подзвігу першадрукара, які, безумоўна, яго натхніў:

— Па-першае, істотна тое, што сам Скарына называў сваю працу «Бібліяй Рускай» — у сучасным разуменні, «Бібліяй Беларускай». А па-другое, было б дзіўна ад першага вопыту перакладу чакаць моцнага адыходжання ад царкоўнаславянскай асновы. У кніжнай культуры таго часу існавала імкненне не аддаліць, а наадварот максімальна захаваць пераемнасць моў. Важнае і тое, што гэта першы датаваны пераклад Бібліі. Спробы перакладаць Святое Пісанне рабіліся і раней, але, на жаль, перакладчыкі не пазначалі дату. А Скарына ўказаў час. Таму можна казаць, што гэта пачатак перакладаў.

Пазнейшыя аўтары таксама звярталіся да Скарыны і яго тэкст разглядалі не як царкоўнаславянскі, а менавіта як пераклад. Яго выданне адрозніваюць ад класічнага царкоўнаславянскага тэксту.

Рэктар Тэалагічнага інстытута Сяргей ПАДНЮК выказаў меркаванне, што праца Скарыны не была цалкам перакладам, бо ён і не ставіў перад сабой такіх мэт. Імкнуўся найперш выкарыстаць лексіку, прынятую ў тагачасным грамадстве, — устойлівыя выразы, характэрныя для рэлігійнай мовы. Нават калі Біблія перакладаецца ў наш час, словы з іншых моў часам наўмысна пакідаюць. Дарэчы, тагачасныя рэлігійныя дзеячы працу Скарыны не прызналі, бо яна была занадта наватарскай.

Вялікую ўвагу моўным нюансам надае і культуролаг Ігар КЛІМАЎ:

— Скарына арыентаваўся на чэшскі пераклад Бібліі, які рабіўся з лацінскай мовы. Першадрукар спрашчаў царкоўнаславянскую мову, прыбіраючы малазразумелыя словы, канструкцыі. Дарэчы, у розных кнігах, выдадзеных ім, былі розныя суадносіны царкоўнаславянскай і ўсходнеславянскіх лексік. Важна, што ўсе тагачасныя выданні Бібліі адрасаваліся пераважна царкоўнікам. А наватарства Скарыны палягае ў тым, што Біблію ён адрасаваў свецкім чытачам. Гэта было незвычайна ў тагачасных умовах. Да Рэфармацыі Пісанне было нечым прыналежным да сферы духавенства і епархіі. Цікава і тое супадзенне, што Скарына надрукаваў Біблію, а Марцін Лютар літаральна месяцам пазней абнародаваў тэзісы. З гэтага ўсё і пайшло...

На жаль, у нашым грамадстве не ўсе ўсведамляюць, што ж зрабіў першадрукар? Калі запытацца ў шараговага грамадзяніна, хто такі Скарына, не ўсе дадуць дакладны адказ.

— Што ж мы святкуем? Многія людзі не атаясамліваюць дзейнасць Скарыны з выданнем Бібліі. Хтосьці ведае, што ён першадрукар, хтосьці лічыць, што гэта быў пісьменнік, які ствараў казкі ці Буквар, — адзначае Юрась Бачышча. — А я задаюся пытаннем, калі б Скарына жыў у наш час, як бы ён хацеў, каб успрымалася яго дзейнасць, як адзначалася гэтае свята?.. Каб яго прадстаўлялі як першадрукара ці як лекара, бізнесмена?.. Калі мы зазіраем у словы яго прадмоў, дзе чытаем, дзеля чаго ён гэтым займаўся — каб даць Слова Божае простай мовай звычайным людзям, каб людзі яго чыталі і каб «лекі для душы і для цела» адтуль бралі. Бо ў Бібліі змешчана і найлепшае навучанне паводзінам, і самыя розныя навукі выкладзены. Я перакананы, што першасным для Скарыны было не надрукаваць кнігу — стаць першадрукаром, распачаць гэту справу на нашых землях. Для яго было найбольш важным выданне менавіта Бібліі, а друкарскі станок выкарыстоўваўся як інструмент — найбольш дасканалае прыстасаванне. У яго фокусе было — надрукаваць Біблію і даць яе свайму народу.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Першаснае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка.

Грамадства

Як Брэст рыхтуецца да святкавання свайго 1000-годдзя

Як Брэст рыхтуецца да святкавання свайго 1000-годдзя

Афіцыйныя святкаванні і асноўныя мерапрыемствы гарадскога Міленіума пройдуць 6—8 верасня.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ляльку з секс-шопа, галубоў на ігрушы і дзяўчынку, якая схавала пашпарты.