Вы тут

Як сучасныя распрацоўкі дапамагаюць сачыць за радыяцыйным становішчам?


Зусім хутка наша краіна адзначыць чарговую, 31-ю гадавіну з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Што за гэты час адбылося з забруджанымі землямі і якіх змен у свядомасці беларусаў патрабуе сучаснасць, расказала першы намеснік начальніка Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Марыя ГЕРМЯНЧУК.


Небяспечная «спадчына»

На стацыянарнай даследчай станцыі «Масаны» Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка вядзецца пастаяннае назіранне і радыяцыйны маніторынг расліннага і жывёльнага свету, вады і грунтаў.

Аналіз шматгадовай дзейнасці сістэмы кантролю і маніторынгу радыеактыўнага забруджвання навакольнага асяроддзя сёння дазваляе гаварыць, што паступова небяспека памяншаецца. Ідзе радыеактыўны распад цэзію-137 і стронцыю-90, спецыялісты пастаянна кантралююць дозы апраменьвання насельніцтва на радыяцыйна забруджаных тэрыторыях, на належным узроўні падтрымліваюцца меры радыяцыйнай аховы ў сельскай, лясной гаспадарцы.

Калі ў 1986 годзе плошча радыеактыўнага забруджвання склала 23% ад усёй тэрыторыі краіны, то, па разліках спецыялістаў, да 2046 года забруджанымі застануцца не больш за 10%. Выключэннем з'яўляецца тэрыторыя Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Менавіта тут паступова ўзрастае колькасць такога небяспечнага прадукту распаду плутонію-241, як амерыцыю-241, і ў 2058 годзе яго актыўнасць дасягне максімуму. Пры гэтым забруджванне амерыцыем не выклікае пагрозы для асноўнай масы насельніцтва — па даных маніторынгу, сур'ёзную шкоду патэнцыйна нанесці ён можа толькі на тэрыторыі запаведніка, якая закрытая для наведвання. Людзі там пастаянна не пражываюць, на гэтай зямлі вядуцца толькі навуковыя і суправаджальныя работы.

Разам з тым сусветная практыка паказвае, што мы ўжо выйшлі з сітуацыі, якую Міжнародная камісія па радыяцыйнай ахове характарызуе як «сітуацыю аварыйнага апраменьвання». Сёння мы жывём у «сітуацыі існуючага апраменьвання», і нам давядзецца суіснаваць з радыеактыўным забруджваннем гады і дзесяцігоддзі.

Гэты пераход патрабуе перагляду нарматыўна-заканадаўчай базы, адыходу ад паняцця «зона забруджвання», уводу новай класіфікацыі гэтых тэрыторый і, што важна, змен у псіхалогіі людзей. Нам трэба адысці ад сіндрому чарнобыльскай ахвяры і ўсвядоміць, што гэтыя тэрыторыі — проста тэрыторыі з асаблівым статусам, дзе можна жыць і працаваць. Канешне, з абавязковым выкананнем мер радыяцыйнай бяспекі ў сельскай і лясной гаспадарцы, аздараўленнем дзяцей, высакаякасным медыцынскім абслугоўваннем насельніцтва.

Сачыць за мірным атамам

Горкі вопыт, які мы атрымалі «дзякуючы» Чарнобыльскай катастрофе, патрабуе эфектыўнай работы сістэмы кантролю і маніторынгу радыяцыйнага становішча вакол патэнцыйна небяспечных ядзерных аб'ектаў, адным з якіх з'яўляецца і будучая Беларуская АЭС. На работу спецыялістаў Гідрамета ў гэтым кірунку звяртаюць увагу многія замежныя эксперты. Многія з іх прыдзірліва, часам нават прадузята адносяцца да таго, як вакол БелАЭС праводзіцца радыяцыйна-экалагічны маніторынг навакольнага асяроддзя.

Аўтаматызаваная сістэма кантролю радыяцыйнага становішча (АСКРС), што сёння дзейнічае ў краіне, створана на аснове беларускіх распрацовак, якія адпавядаюць еўрапейскаму ўзроўню. У рэжыме рэальнага часу ўся інфармацыя з аўтаматычных пунктаў вымярэнняў паступае ў Мінск, апрацоўваецца і аналізуецца. Збор даных яшчэ да ўводу ў эксплуатацыю атамнай станцыі дазволіць стварыць аснову, «нулявую кропку», каб потым заўважыць нават самыя нязначныя магчымыя ўздзеянні на навакольнае асяроддзе.

Сістэма таксама здольная выяўляць момант узнікнення аварыйнай сітуацыі — калі раптам у паветры з'явяцца «свежыя» прадукты дзялення, перш за ўсё, радыеактыўныя ізатопы ёду. Падчас чарнобыльскай катастрофы менавіта іх уздзеянне на шчытападобную залозу дзяцей і падлеткаў стала самай вялікай праблемай у медыцынскім плане. На аўтаматычных пунктах вымярэння ўстаноўлена абсталяванне вытворчасці беларускага навукова-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Атамтэх», якое дазваляе ў рэальным часе вызначаць наяўнасць у атмасферным паветры «свежых» прадуктаў дзялення.

Новыя пагрозы

Калі Беларуская АЭС толькі будуецца, то ў краінах-суседках многія атамныя станцыі ўжо маюць працяглы стаж работы. І праз некаторы час, калі выпрацуюць свой рэсурс, яны будуць выводзіцца з эксплуатацыі. Гэты перыяд дзейнасці АЭС спецыялісты называюць адным з самых небяспечных для насельніцтва і навакольнага асяроддзя.

Найбольшая рызыка, паводле класіфікацыі МАГАТЭ, існуе падчас разгрузкі актыўнай зоны рэактара і перавозкі апрамененага паліва: сістэмы працуюць не ў звычайным рэжыме, можа адбыцца ДТЗ ці іншы надзвычайны выпадак. Акрамя таго, у гэты перыяд становіцца больш уразлівай фізічная ахова аб'екта, што дае магчымасці для дзейнасці радыелагічных тэрарыстаў. Сёння пытанні, на жаль, рэальнай пагрозы радыелагічнага тэрарызму абмяркоўваюцца на высокіх узроўнях у многіх краінах свету.

Калі ішла гаворка пра ваенныя дзеянні на тэрыторыі Украіны, беларуская гідраметэаралагічная служба ўважліва назірала за сітуацыяй на Запарожскай АЭС — пры ўзнікненні радыяцыйнай пагрозы паветраныя масы маглі данесці ў Беларусь магчымае забруджванне. Цяпер гэта небяспека знізілася, тым не менш мы працягваем назіраць за сітуацыяй, каб пры неабходнасці хутка адрэагаваць на пагрозу.

Аварыя на АЭС Фукусіма-1 (Японія, 2011 год) і пажар на АЭС Фламанвіль (Францыя, 2017 год) паказалі, што беларускія сістэмы маніторынгу выдатна рэагуюць на радыеактыўнае забруджванне навакольнага асяроддзя, якое можа адбыцца далёка ад нашай краіны. І нават калі ў апошнім выпадку выкідаў радыеактыўнасці не было, разам з калегамі з Расіі беларускія спецыялісты адразу склалі карты прагнозных траекторый пераносу патэнцыйнага забруджвання і ацанілі ступень патэнцыйнай небяспекі для нашых краін.

З 2015 года Беларусь з'яўляецца добраахвотным удзельнікам еўрапейскай сістэмы абмену радыелагічнымі данымі нацыянальных сетак маніторынгу EURDEP, у якой супрацоўнічаюць больш за 30 краін Еўропы.

За дзесяцігоддзі работы па праблемах чарнобыльскага забруджвання ў краіне склалася навуковая школа беларускай радыеэкалогіі. Разам з еўрапейскімі калегамі нашы спецыялісты падрыхтавалі Атлас радыеактыўнага забруджвання Еўропы цэзіем-137, стварылі Атлас сучасных і прагнозных аспектаў наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС на пацярпелых тэрыторыях Расіі і Беларусі. Сярод іх — Вольга Жукава, Марына Падгайская, Генадзь Анцыпаў, Вольга Лугаўская, Іосіф Баўдзевіч, я, Марыя Гермянчук, і многія іншыя. Як адзін з кіраўнікоў гідраметэаралагічнай службы Беларусі, я выказваю шчырую ўдзячнасць за выкананую імі работу, за самаадданасць, найвышэйшы прафесіяналізм і вернасць сваёй справе, сваёй краіне.

Вераніка КОЛАСАВА

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Паступова небяспека памяншаецца...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?