Вы тут

Які сорт бульбы самы смачны?


Ці ведалі вы, што ў бульбы ёсць пашпарт? Прычым інфармацыі ў ім на некалькі старонак — пра паходжанне сорту, яго ўстойлівасць да хвароб і экстрэмальных умоў, тэхналогіі вырошчвання і захоўвання і нават «кулінарныя» ўласцівасці.


Каб вывесці новы сорт бульбы, вучоным трэба 11—12 гадоў! Са ста тысяч сеянцаў селекцыянер адбірае адну расліну, з якой пачынае працаваць. Прычым падыходзіць да яе «нашчадкаў» даволі жорстка, вельмі шмат выбракоўваецца на кожным этапе. Раслінам давядзецца прайсці не адно выпрабаванне як у лабараторных, так і ў палявых умовах. Іх нават штучна будуць затопліваць і ствараць засуху, заражаць хваробамі. Вучоныя сочаць, як расліны пачуваюць сябе на розных глебах і ў розных рэгіёнах, правяраюць, як клубні пераносяць механізаваную ўборку. Карацей, стварэнне новага сорту — вялікая і складаная праца, да якой на ўсіх этапах падключаюцца спецыялісты розных лабараторый. У Інстытута бульбаводства Акадэміі навук поле для дзейнасці больш за 150 гектараў — гэта плошчы, на якіх вядзецца селекцыйная, насенняводчая работа, і адпрацоўваюцца тэхналагічныя пытанні, звязаныя са стварэннем агратэхнічных пашпартоў для новых сартоў бульбы. Ёсць і плёначныя цяпліцы, занятыя пад стварэнне новых гатункаў «другога хлеба». Бульба нават вырошчваецца праз прабірку.

— Гэта неад'емнае звяно ў вырошчванні бульбы, — тлумачыць загадчык лабараторыі тэхналогій вытворчасці і захоўвання бульбы Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве Дзмітрый ФІЦУРА. — Праз прабірку пасадачны матэрыял атрымліваецца чысты, без інфекцый — найперш без віруснай, што вельмі важна ў пачатку насенняводства, бо ў далейшым гэта можа адбівацца на ўраджаі і якасцях новага сорту.

— Якія хваробы людзі набываюць з няякасным насеннем?

— На першым месцы — вірусныя. У Расіі фіксаваліся завозы разам з насенным і харчовым таварам каранцінных хвароб, такіх як кальцавая, бурая гніль. У нас былі выпадкі завозу бульбы з паражэннем серабрыстай паршой — яна праяўляецца ў перыяд захоўвання, прычым плямы на сухіх клубнях можна і не заўважыць.

— Як не атрымаць сур'ёзную праблему, бо хваробы могуць «кватараваць» у зямлі не адзін год?

— Я раіў бы агароднікам набываць насенне ў правераных вытворцаў. Напрыклад, можна звяртацца на абласныя доследныя вопытныя станцыі, у спецыялізаваныя буйныя гаспадаркі, а таксама ў наш інстытут у Самахвалавічах.

Калі расліна слабаразвітая, прыгнечаная, у яе можа быць некалькі хвароб адначасова. Прымета дзеяння вірусаў — маршчыністасць, скручванне, мазаіка лісця, нехарактэрнае лісце і бацвінне для сорту.

Дарэчы, такім чынам расліна можа «заяўляць» і пра недахопы харчавання, пэўных элементаў. Але хваробы могуць быць не толькі на насенні, у глебе, але і дадавацца пры вырошчванні. Напрыклад, тлі пераносяць вірусную інфекцыю.

— Якая самая частая памылка агароднікаў?

— Памылкі розныя, напрыклад, вельмі ранняя пасадка. Саджаць бульбу можна, калі глеба прагрэлася на глыбіню 7—8 см. Аптымальныя тэрміны пасадкі для цэнтральнай часткі краіны — трэцяя дэкада красавіка — першая дэкада мая, у паўднёвай — 2-3-я дэкада красавіка. У першую дэкаду красавіка можна паспрабаваць пасадзіць бульбу толькі, калі ёсць мэта атрымаць раннюю прадукцыю. І тое ёсць рызыка вяртання халадоў. Калі пасадзіць бульбу вельмі рана, расткі могуць пашкоджвацца рызактаніёзам — усходы будуць зрэджаныя. У цёплае надвор'е гэта хвароба можа і не праявіцца. Перад пасадкай бульбу абавязкова трэба прагрэць і прарасціць. Калі яна пазелянеўшая, гэта добры задзел для атрымання дружных і здаровых усходаў.

— Ці трэба яе надразаць на 5—8 міліметраў?

— Аматары могуць паэксперыментаваць — так яны дадуць імпульс для прабуджэння ўсіх вочак на бульбіне. Важна пасля гэтага насенне падсушыць, каб рана зарубцавалася. Але ўсё ж я б не рэкамендаваў яе рэзаць, каб не занесці інфекцыю. А яшчэ насенне добра апрацаваць рэгулятарамі росту, мікраўгнаеннямі, асартымент такіх прэпаратаў даволі вялікі. Можна згадаць экасіл, паліком-бульба, камплімет-бульба, нанаплант і іншыя. А можна дзейнічаць прасцей: узяць агульнадаступныя прэпараты — борную кіслату, медны купарвас і марганцоўку. Гэта і абеззаражванне пасадачнага матэрыялу, і стымул для росту і развіцця бульбы. Пажадана праводзіць апрацоўкі раслін мікраэлементамі, мікраўгнаеннямі пачынаючы з фазы, калі бацвінне крыху сфарміравалася (вышыня — 20 см), далей — у пачатак бутанізацыі. Можна сумяшчаць падкормкі з фунгіцыднымі апрацоўкамі, толькі пры гэтым праверыць прэпараты на сумяшчальнасць. Калі расліна атрымлівае добрае харчаванне, яна моцная, нават дзеянне вірусаў будзе нівеліравана.

— А як атрымаць ураджай без «хіміі»?

— Мы праводзілі даследаванні па арганічнай тэхналогіі вырошчвання бульбы. Так, біялагічныя прэпараты бясшкодныя, але іх трэба прымяняць часцей, чым хімічныя. Такія ёсць і супраць шкоднікаў, у тым ліку каларадскага жука (бітаксібацылін, бацытурын, ксантрэл), фітафтарозу і альтанарыёза (ксантрэл, бактофіт, фітаспарын-М).

— Ці рэальна вырасціць бульбу без фітафторы?

— Трэба аддаваць перавагу ў вырошчванні бульбы ўстойлівым да гэтай хваробы сартам. Есць шэраг такіх, напрыклад, сярод ранніх — «Лілея», сярэдняпозніх і позніх: «Атлант», крахмалістыя сарты «Здабытак», «Рагнеда», «Акцэнт». Ёсць сарты, устойлівыя да паршы: «Скарб», «Брыз», «Журавінка», «Вектар». Важна прытрымлівацца севазвароту і выкарыстоўваць біялагічныя прэпараты. Заўважу, што ў сувязі з пацяпленнем клімату ўсё больш нарастае праблема з альтэрнарыёзам. Фітафтароз вы распазнаяце па мучністым налёце, альтэрнарыя — гэта канцэнтрычныя плямы карычневага колеру на лісце.

Альтэрнарыёз асабліва праяўляецца ў спякотныя, сухія гады — плямкі могуць з'явіцца нават у чэрвені. Прэпаратаў ад гэтай хваробы недастаткова. Часта яны малаэфектыўныя, бо з'яўляюцца новыя штамы, устойлівыя да іх.

— Спалучэнне бульбы з бабовымі можа быць прафілактыкай хвароб і нашэсця шкоднікаў?

— У прыватным сектары сапраўды можна выкарыстоўваць падбор культур, і не толькі бабовыя, але і мяту, кроп. Старыя спосабы працягваюць працаваць. Напрыклад, агароднікі абараняюць свае грады тымі ж адварамі цыбулі, часнаку, крапівы, хвашчу, сасны, палыну. Але куды прасцей карыстацца біяпрэпаратамі.

— Што трэба ведаць пра глыбіню пасадкі і акучванне?

— Глыбіня пасадкі на лёгкіх глебах да 10 см, а на суглінках — да 8. Высокае акучванне вельмі важнае. Пры фарміраванні высокай градкі вакол куста да 22—25 см ствараюцца добрыя ўмовы для атрымання таварнага ўраджаю. А яшчэ мы выратоўваем ўраджай бульбы ад пазелянення. Акрамя таго, лічыцца, што паражэнне клубняў фітафтарозам зніжаецца ў 2—5 разоў.

— На што трэба звярнуць увагу пры выбары сорту?

— У айчынным рэестры зараз 147 гатункаў, 48 — беларускай селекцыі (на гэты год зарэгістравалі ў дзяржрэестры сярэдняранні — «Палац» і сярэдняпозні — «Лель»). Кожны сорт мае свайго спажыўца, бо некаму трэба, каб бульба разварвалася, іншым — наадварот. Можна выбіраць з улікам формы і колеру лупіны і мякаці. Пажадана мець некалькі сартоў розных груп спеласці — гэта аснова для стабільнага атрымання ўраджаю, бо расліны па-рознаму рэагуюць на глебы, надвор'е, стрэсавыя ўмовы. Так, летась, здавалася, раннія сарты павінны быць больш ураджайнымі, але познія таксама далі добры ўраджай. Можна звяртаць увагу на ўмовы захоўвання: ёсць сарты з працяглым перыядам спакою, а ёсць тыя, што могуць рана «прачынацца».

Можна раіць многія сарты — «Зорачка», «Уладар», «Маніфест», «Крыніца», «Волат», «Лад», «Журавінка», цяпер па плошчах на першае месца выходзіць «Брыз». Адзін з новых высокаўраджайных сартоў — «Вектар» — устойлівы да засухі. «Маг» — адзін з найлепшых сартоў для перапрацоўкі на чыпсы.

— Ураджайнасць дасягаецца ў многім за кошт таго, што сарты ўстойлівыя да хвароб?

— Гэта адзін з важкіх фактараў. Яшчэ важна, як расліна рэагуе на ўгнаенні, плюс патэнцыяльныя магчымасці сорту, якія закладзены генетычна. Мы рэкамендуем праз 4—5 гадоў абнаўляць пасадачны матэрыял, бо некаторыя сарты з цягам часу губляюць свае ўласцівасці. Так, у першыя гады яны даюць добрыя ўраджаі, а пасля ўраджайнасць можа рэзка зніжацца. Але ёсць і такія гатункі, якія доўга стабільна сябе праяўляюць, — напрыклад, «Скарб».

— Ці быць нашай бульбе ў «Макдональдсах»?

— Тут трэба пэўная біяхімія бульбы, ёсць патрабаванні па сухім рэчыве, рэдуцыруючых цукрах, устойлівасці да пацямнення. У нас такія сарты ёсць, і трэба больш перапрацоўваць на бульбапрадукты. Неабходна развіваць свае брэнды — тыя ж дранікі. Дарэчы, у інстытута ёсць лабараторыя, дзе якраз вывучаецца прыдатнасць будучых сартоў да перапрацоўкі, на якія бульбапрадукты яны падыходзяць, у тым ліку фры, дранікі, і апошні кірунак — для вакуумавання, што цяпер запатрабавана.

— Ці ёсць сарты для дыетычнага харчавання?

— Мы працуем і ў гэтым кірунку. Многа дыскусій: якія павінны быць паказальнікі ў такога прадукту. Між іншым, у бульбе, акрамя крухмалу, ёсць якасны бялок, вялікае ўтрыманне калію, вітаміну С. За мяжой праводзіліся даследаванні, якія паказалі, што на бульбяной дыеце можна нават скідаць вагу.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

dzіadzіula@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Пашпарт для бульбы

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».