Вы тут

Ініцыятыва людзей — галоўны «козыр» зялёных праектаў


Сёння ва ўсім свеце вялікую ўвагу ўдзяляюць магчымасці выкарыстання аднаўляльнай, экалагічна чыстай «зялёнай» энергетыкі, а таксама новым тэхналогіям энергазберажэння. У нашай краіне ёсць усе магчымасці для выкарыстання сучасных тэхналогій вытворчасці энергіі (ветра-, гідра-, сонечных установак). Таксама мы здольныя рэалізаваць падпісаныя палажэнні Парыжскага пагаднення па клімаце праз зніжэнне шкодных выкідаў у атмасферу, перакананы выканаўчы дырэктар асацыяцыі «Аднаўляльная энергетыка», доктар філасофіі МАІТ у галіне інфармацыйных тэхналогій Уладзімір НІСЦЮК.


Дасягненні і перспектывы

— Беларускія эксперты ў сферы аднаўляльнай энергетыкі выступаюць за далейшае развіццё гэтай галіны і за рацыянальнае выкарыстанне другасных рэсурсаў, — гаворыць Уладзімір Пятровіч. — Наша арганізацыя з'явілася ў 2009 годзе, за гэты час мы дасягнулі значных вынікаў. Мы маем кантакты з замежнымі партнёрамі, у якіх вялікі вопыт у «зялёнай» энергетыцы. Членамі нашай асацыяцыі з'яўляюцца Дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі, Міжнародны экалагічны інстытут імя А. Д. Сахарава БДУ, ААТ «Гроднагазбудізаляцыя», нават адно з абаронных прадпрыемстваў.

Можна сказаць, што энергія вады — традыцыйная для Беларусі крыніца: яшчэ ў 1950-я гады ў краіне налічвалася каля 150 малых ГЭС (з-за таннасці іншых відаў энергіі іх пазней закрылі).

Сёння «Аднаўляльная энергетыка» зноў уводзіць у эксплуатацыю малыя ГЭС, але таксама надае ўвагу сучасным распрацоўкам. Паводле звестак, атрыманых на пачатак 2017 года, сёння ў краіне налічваецца 17 міні-ЦЭЦ на драўняным паліве магутнасцю 79,6 МВт, 17 біягазавых установак, 72 ветраэнергетычныя ўстаноўкі, 40 фотаэлектрычных станцый, а таксама 50 ГЭС. Каля 80% такіх аб'ектаў былі спраектаваны, зманціраваны, а таксама абслугоўваюцца і эксплуатуюцца спецыялістамі гэтай арганізацыі. У агульным энергабалансе краіны доля электраэнергіі, атрыманай з аднаўляльных крыніц, склала 0,8%.

Асацыяцыя займаецца і падрыхтоўкай кадраў, «зялёных» энергетыкаў, бо новай галіне патрэбны прафесіяналы.
Міжнародны экалагічны інстытут імя А. Д. Сахарава БДУ штогод выпускае 25 спецыялістаў — гэта недастатковае напаўненне кадрамі. Кіраўніцтва асацыяцыі падавала заяўкі ва ўсе рэгіёны краіны з пытаннем, колькі спецыялістаў сярэдняга звяна (тэхнікі, рабочыя, якія будуць абслугоўваць аб'екты, і інш.) спатрэбіцца для аб'ектаў альтэр-
натыўнай энергетыкі да 2020 года? Акрамя Віцебскай вобласці, усе адказалі, што патрэбы ў такіх спецыялістах няма, дастаткова прайсці дадатковы курс электрыкам...

Анатоль СМІРНОЎ, кандыдат тэхнічных навук, дырэктар кампаніі НВТАА «Малая энергетыка», даў каментарый аб дзеючых у Беларусі высокіх каэфіцыентах для аднаўляльных крыніц энергіі пры продажы ў сістэму «Белэнерга».

— Павышаныя тарыфы на «зялёную» энергію — гэта своеасаблівыя прывілеі для інвестараў, якія дапамагаюць хутчэй вярнуць свае капіталаўкладанні. Пасля гэтага кошт ацяплення ў халодны перыяд і электраэнергіі ў цэлым будзе значна ніжэйшы. Вопыт Германіі прадэманстраваў гэта на практыцы.

Беларусам патрэбна «экаталака»

Сёння ў нашай краіне налічваецца каля 200 буйных і больш за 1,7 тыс. малых палігонаў па складзіраванні цвёрдых бытавых адходаў.

Віталь ШАБЛОЎ, дырэктар ТАА «Завод аэраэнергапрам», расказаў, што спецыялістамі яго прадпрыемства была распрацавана новая экалагічна чыстая тэхналогія ўтылізацыі цвёрдых бытавых адходаў, якая добра зарэкамендавала сябе за мяжой (была набытая еўрапейскімі інвестарамі). Дырэктар адзначыў, што 25 млн тон адходаў, якія штогод утвараюцца ў Беларусі, — гэта выдатны энергетычны, а таксама паліўны рэсурс, які можна паспяхова выкарыстоўваць. Паводле яго слоў, ужо распрацаваны праекты мабільных установак, якія здольныя працаваць на палігонах адходаў у невялікіх гарадах. Аднак ёсць праблемы фінансавання такіх праектаў.

— Існуе добрая магчымасць фінансавання прыватнымі кампаніямі, а таксама простымі дольшчыкамі. Так была пабудавана Нацыянальная бібліятэка ў Мінску, так будуюцца храмы ў нашай краіне.

Эксперт міністэрства энергетыкі і эканомікі Германіі Клаус ЯКАБІ дадаў, што сваю «зялёную» энергетыку немцы стварылі самі. Для гэтага дастаткова арганізаваць фонд, у які паступяць сродкі ад насельніцтва, падрыхтаваць адпаведную дакументацыю і ажыццявіць праект. Ініцыятыва людзей — галоўны козыр «зялёных» праектаў, людзі ўкладаюць грошы ў чыстую энергетыку, у сваю будучыню.

Сёння Еўропа цвёрдымі крокамі ідзе па шляху адмовы ад выкапнёвага паліва («энергетычны паварот») да «зялёнай» энергіі. А ў Беларусі ёсць не толькі наглядны прыклад, але і патэнцыйны партнёр у пытаннях чыстай энергетыкі.

А як у іх...

Урад зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія (Германія) мае намер перарабіць каменнавугальную шахту Праспэр-Ханіэль у 200-мегаватную гідраакумулюючую станцыю. Такая «батарэя» зможа забяспечыць электраэнергіяй каля 400 000 дамоў.

Падобнае выкарыстанне шахтаў дапаможа палепшыць эканоміку малых гарадоў, забяспечыць рэгіёны новымі працоўнымі месцамі. Гідраакумулюючая станцыя здольная даваць электраэнергію пры адсутнасці ветру і сонечнага святла.

Мясцовыя ўлады запланавалі да 2025 года давесці долю аднаўляльнай энергіі ў балансе зямлі да 30%, таму будуць перабудаваныя і іншыя шахты.

Стабільна нізкія цэны на аптовым рынку электрычнай энергіі паскараюць закрыццё старых электрастанцый Германіі, якія належаць камунальным прадпрыемствам. Ужо зроблены заяўкі на закрыццё 27 старых вугальных і газавых электрастанцый (6,6 ГВт), якія забяспечвалі энергіяй 13 млн дамоў.

Вольга ПРАЛЮК

рrаlуuk@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Чыстая энергія

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».