Вы тут

Маёмасць у спадчыну ці падарунак


Падоранае цяжка вярнуць, а свабода завяшчання — абмежаваная

— Я жыву ў трохпакаёвай кватэры разам з унучкай. Маю дарослых сына і дачку, якая жыве ў іншым горадзе. У свой час мы значна дапамаглі сыну пры будаванні кватэры, падарылі яму садовы ўчастак і дом непадалёк ад горада. Хачу, каб трохпакаёўка дасталася ўнучцы. Падкажыце, як гэта лепш зрабіць, каб не ўзнікла ніякіх юрыдычных момантаў, якія можна было б трактаваць па-рознаму? Лепш падарыць кватэру ўнучцы ці завяшчаць? Чым гэтыя два дзеянні адрозніваюцца адно ад аднаго?

Агрыпіна Васілеўна,

г. Верхнядзвінск, Віцебская вобл


На пытанні адказвае Вольга КОЗЕЛ, кансультант упраўлення натарыята і загсаў Міністэрства юстыцыі Беларусі:

— Каб зрабіць правільны выбар, трэба ўсведамляць сутнасць і адрозненні дагавораў дарэння і завяшчання, кожны з якіх мае свае асаблівасці. Калі вы гатовы перастаць быць уласнікам кватэры і хочаце, каб гэтая маёмасць належала ўнучцы да дня вашай смерці, можна заключыць дагавор дарэння. Калі ж да дня смерці вы хочаце заставацца ўласнікам сваёй нерухомасці, лепш скласці завяшчанне. Пры гэтым неабходна памятаць пра правы спадчыннікаў на абавязковую долю ў спадчыне.

Дарыць так, каб не пашкадаваць

Дарэнне — гэта як мінімум двухбаковая здзелка. З аднаго боку — дарыльшчык з намерам падарыць, з другога — атрымальнік, які хоча прыняць падарунак. Да перадачы маёмасці атрымальнік мае права ў любы час адмовіцца ад нерухомасці, якую яму намерваюцца падарыць.

Дагавор дарэння і заснаваныя на ім правы (у тым ліку права ўласнасці атрымальніка дарэння на жылое памяшканне) падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі, пасля якой уласнікам маёмасці становіцца атрымальнік дарэння. Ён можа валодаць, карыстацца і распараджацца набытай нерухомасцю паводле свайго меркавання. Пры гэтым дарыльшчык і члены яго сям'і могуць толькі захаваць за сабой права валодання і карыстання, што трэба зазначыць у дагаворы.

Здараецца, што для дарэння неабходна згода пэўных асоб. Напрыклад, мужа ці жонкі (калі маёмасць знаходзіцца ў сумеснай уласнасці сужэнцаў), удзельнікаў прыватызацыі, асоб, якія пражываюць у жылым памяшканні па завяшчальным адпісанні.

Здараецца і так, што дарыльшчык шкадуе аб здзейсненым. Бывае, моцна пагаршаюцца адносіны з другім бокам дагавора, мяняецца матэрыяльнае або сямейнае становішча дарыльшчыка ці нават проста атрымальнік дарэння не клапоціцца пра падораную маёмасць так, як гэтага хацеў бы дарыльшчык. Пералічаныя выпадкі
(і не толькі гэтыя), на жаль, не з'яўляюцца прычынай для скасавання дагавора дарэння.

Артыкулам 549 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжаны наступныя падставы для адмены дарэння:

  • атрымальнік дарэння здзейсніў замах на жыццё дарыльшчыка, кагосьці з членаў яго сям'і ці блізкіх сваякоў або наўмысна прычыніў дарыльшчыку цялесныя пашкоджанні;
  • атрымальнік дарэння наўмысна пазбавіў дарыльшчыка жыцця (у дадзеным выпадку права адмены дарэння належыць спадчыннікам дарыльшчыка);
  • здзяйсненне індывідуальным прадпрымальнікам ці юрыдычнай асобай з парушэннем палажэнняў акта заканадаўства аб эканамічным банкруцтве за кошт сродкаў, звязаных з яго прадпрымальніцкай дзейнасцю, на працягу шасці месяцаў, якія папярэднічалі аб'яўленню такой асобы банкрутам.

Акрамя таго, дарэнне можа быць адменена, калі дарыльшчык перажыве атрымальніка дарэння, але гэта павінна быць агаворана непасрэдна ў дагаворы дарэння.

Завяшчаць асабіста і з умовамі

Завяшчаннем прызнаецца волевыяўленне грамадзяніна аб распараджэнні маёмасцю, якая яму належыць, на выпадак яго смерці. Пакуль чалавек жывы, ён з'яўляецца ўласнікам маёмасці і, нягледзячы на наяўнасць завяшчання, можа распараджацца ёю па сваім разуменні. Спадчыннікі набываюць права на гэтую маёмасць толькі пасля яго смерці.

Каб завяшчанне было прызнана сапраўдным, яно павінна быць складзена пісьмова і натарыяльна засведчана, інакш дакумент будзе лічыцца несапраўдным.

Скласці завяшчанне могуць толькі поўнасцю дзеяздольныя грамадзяне. Дзеці і недзеяздольныя не маюць права ствараць такі дакумент.

Завяшчанне мае строга асабісты характар і не можа складацца праз прадстаўніка.

Адпаведна беларускаму заканадаўству завяшчанне можа змяшчаць распараджэнні толькі адной асобы. Здзяйсненне аднаго завяшчання ад імя дзвюх ці большай колькасці асоб недапушчальна. Напрыклад, муж і жонка не могуць вызначыць лёс сумесна набытай падчас шлюбу кватэры ў сумесным завяшчанні. Кожнаму з сужэнцаў неабходна скласці ўласнае завяшчанне, дзе будуць змяшчацца распараджэнні адносна сваёй долі ў агульнай маёмасці.

Згодна з прынцыпам свабоды завяшчання завяшчальнік мае права:

  • завяшчаць усю сваю маёмасць ці яе частку адной або некалькім асобам, якія як уваходзяць, так і не ўваходзяць у кола нашчадкаў па законе;
  • пакінуць спадчыну Рэспубліцы Беларусь і яе адміністрацыйна-тэрытарыяльным адзінкам;
  • без тлумачэння прычын пазбавіць спадчыны аднаго, некалькіх або ўсіх наследнікаў па законе;
  • распарадзіцца ў завяшчанні любой маёмасцю, у тым ліку той, уласнікам якой завяшчальнік можа стаць на дзень адкрыцця спадчыны;
  • абумовіць атрыманне спадчыны пэўнай правамернай умовай адносна характару паводзін наследніка (напрыклад, абавязаць чалавека, якому адыходзіць кватэра, забяспечыць іншай асобе пажыццёвае карыстанне дадзеным жыллём або ўтрымліваць жывёл, якія належалі спадчынадаўцу).

Завяшчальнік у любы час мае права цалкам скасаваць зробленае ім завяшчанне або скасаваць, змяніць ці дапоўніць асобныя распараджэнні ў ім, склаўшы новы дакумент. Пры гэтым спадчынадавец не абавязаны называць ці паведамляць камусьці прычыны скасавання ці змянення ім завяшчання.

Разам з тым свабода завяшчання абмяжоўваецца некаторымі правіламі.

Незалежна ад зместу завяшчання непаўналетнія або недзеяздольныя дзеці спадчынадаўца, а таксама яго недзеяздольныя муж (жонка) і бацькі наследуюць не менш за палову долі, якая належала б ім пры наследаванні па законе (так званая абавязковая доля).

Не дапускаецца ўскладаць на асоб, прызначаных спадкаемцамі ў завяшчанні, абавязкі ў сваю чаргу распараджацца пэўным чынам маёмасцю, якая ім завешчана, на выпадак іх смерці. Акрамя таго, нельга ўключаць у завяшчанне супрацьпраўныя або невыканальныя для спадчынніка па аб'ектыўных прычынах умовы яго паводзін для атрымання спадчыны.

Шаноўныя чытачы, калі ў вас узніклі пытанні юрыдычнага характару, дасылайце іх на наш паштовы або электронны адрас sіdаrоk@zvіаzdа.bу. У «Прававой гасцёўні» разам са спецыялістамі Мінюста мы будзем шукаць на іх адказы.

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Магілёўскі прадпрымальнік — пра вытворчасць на перыферыі і адказнасць перад сабой і людзьмі

Магілёўскі прадпрымальнік — пра вытворчасць на перыферыі і адказнасць перад сабой і людзьмі

Сідаравічы — невялікі аграгарадок паміж Магілёвам і Быхавам. Менавіта тут знаходзіцца вядомая ў Магілёўскім раёне фермерская гаспадарка Сяргея Куцанава.

Грамадства

Ігар Карпенка: Адукацыя — гарант сацыяльнай стабільнасці ў грамадстве

Ігар Карпенка: Адукацыя — гарант сацыяльнай стабільнасці ў грамадстве

Аб прыярытэтах у адукацыі, вопыце работы ва ўмовах пандэміі каранавіруса і ідэалагічным складніку ў выхаванні мы задалі пытанні міністру адукацыі нашай краіны Ігару Карпенку.

Жыллё

Пажылыя людзі не могуць пераехаць з аварыйнага жылля у нармальнае. Чаму?

Пажылыя людзі не могуць пераехаць з аварыйнага жылля у нармальнае. Чаму?

Дом №76 па вул. Валгаградскай у Мінску быў прызнаны аварыйным яшчэ ў нулявых.

Грамадства

Cтаршыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Андрэй Бугроў пра тое, як будзе развівацца сталіца

Cтаршыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Андрэй Бугроў пра тое, як будзе развівацца сталіца

На VІ Усебеларускім народным сходзе тэме развіцця Мінска на наступныя пяць гадоў было аддадзена шмат увагі.