Вы тут

Памяць пра «звяздоўца»


Уладзіміра Марука добра ведае айчынны чытач, хоць і друкаваўся ён няшмат. Мо таму і памятаюць, што кожны яго вершаваны радок вывераны і, як бы гэта патэтычна ні гучала, выпакутаваны.


Гэта датычыцца яго кніг «Зоркі ў кронах», «Ліст рабіне», «Інкрустацыя голасам». Ураджэнец палескай вёскі Гута, ён пражыў не такі і доўгі век. Нарадзіўся ў 1954 годзе, 6 студзеня, а не стала Уладзіміра Антонавіча 23 студзеня 2010 года. Дакладней — ён застаўся з намі. Вершамі, памяццю пра работу ў «Звяздзе», дзе працаваў карэспандэнтам, загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва. Для газеты шмат што напісаў у публіцыстычным фармаце, шмат падрыхтаваў чужых матэрыялаў, у якіх таксама імкнуўся давесці да пэўных вышынь красу і фарбы роднага слова.

І кніга «Яршы плялі кашы», якую толькі што выпусцілі ў «Мастацкай літаратуры» — сведчанне яшчэ і яго таленту як дзіцячага пісьменніка. Уладзімір Марук стараўся размаўляць з юным чытачом ясна, зразумела, лаканічна. Кніга кароткіх вершаў уражвае, захапляе, просіцца для чытання дзецьмі і іх бацькамі.

А выдалі ў «Мастацкай» яе адмыслова, выкарыстаўшы для афармлення малюнкі Анастасіі Сакалоўскай і навучэнцаў студыі «АртДэпо». Назавём усіх рупліўцаў, магчыма, у будучым добрых кніжных графікаў — Дар'я Сікорская, Ганна Вайшэвіч, Ілья Шульган, Ганна Стаселька, Стася Белавусава, Паліна Савінава, Лера Чатырко, Віка Чатырко, Ксенія Пахолкава, Федзя Храпко, Соня Піваварава. Дзякуй юным талентам! І дзякуй выдавецтву «Мастацкая літаратура», што ў стагадовы юбілей «Звязды» з'явілася добрая кніга добрага журналіста і добрага паэта, а яшчэ — добрага і шчырага, светлага чалавека Уладзіміра Марука.

Дарэчы, адзін з першых надрукаваных вершаў Уладзіміра Антонавіча — «Беларусі». І надрукаваны ён быў у «Магілёўскай праўдзе», калі будучы «звяздовец» яшчэ вучыўся ў бібліятэчным тэхнікуме.

Сяргей Шычко

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.