Вы тут

Як праходзяць будні сельскага доктара


Гарадзілава, Яхімоўшчына, Белыя, Літва, Журэвічы... Яшчэ паўгода таму гэтыя назвы нічога не значылі для 24-гадовай Дар'і Ількевіч. Сёння ўчастковы тэрапеўт Беразінскай амбулаторыі адказная за здароўе і жыццё кожнага жыхара гэтых вёсак.


Лячыць хворых Дар'я (на фота справа) марыла з дзяцінства.

«Была крышачку ў шоку...»

Да аграгарадка Беразінскае, што за 25 кіламетраў ад Маладзечна, можна даехаць за сорак хвілін на цягніку або на аўтобусе. У плыні людзей цяжка заблудзіць: большасць з іх накіроўваецца ў бок бальніцы. Метраў дваццаць да агароджы, яшчэ дзесяць да амбулаторыі, наперад па калідоры кабінет пад нумарам «восем» — і мы на тэрыторыі ўчастковага тэрапеўта Дар'і Ількевіч.

Лячыць хворых Дар'я марыла з дзяцінства — рабіла ўколы і ставіла кропельніцы лялькам. Сярод радні медыкаў няма, таму пра плюсы і мінусы прафесіі расказаць не было каму. Сёння мары дзяўчыны ператварыліся ў рэальнасць. Толькі лечыць яна ўжо не лялек, а людзей.

Ураджэнка Смаргоні скончыла медыцынскі ўніверсітэт у Гродне. Потым яе накіравалі ў Маладзечанскую ЦРБ. Так дзяўчына аказалася ў Беразінскім.

— Я не чакала, што давядзецца працаваць у сельскай мясцовасці, таму спачатку была крышачку ў шоку, — прызнаецца Дар'я. — Цяпер разумею: у горадзе я не атрымала б такой практыкі. Тут я не толькі тэрапеўт. Даводзіцца глядзець і траўматалагічных, і хірургічных пацыентаў, выязджаць з мэтай канстатацыі смерці. З чым я толькі не сутыкнулася за паўгода працы: і пераломы, і раны, і апёкі...

Дар'я здымае кватэру разам з мужам за пяць хвілін хадзьбы да амбулаторыі. Дарэчы, сужэнец сем гадоў чакаў дзяўчыну з вучобы і пераехаў за каханай у пасёлак. Ён працуе ў сталіцы вахтавым метадам: два тыдні — праз два.

— Беразінскае хоць невялічкае, але багатае на інфраструктуру. Крамы, школа, дзіцячы сад, ліцэй, музычная школа, лазня — ёсць усе ўмовы для жыцця. Ды і пасёлак прыняў мяне добра. Калегі заўсёды падкажуць і дапамогуць, калі неабходна. А пацыенты спачатку заходзілі, каб пазнаёміцца і паглядзець хоць адным вокам на «новую ўрачыху».

Прыём у амбулаторыі пачынаецца з васьмі раніцы. Адны прыходзяць выпісаць рэцэпты, другія — атрымаць неабходныя працэдуры, трэція — папрасіцца ў стацыянар, а часам чалавек хоча проста пагаварыць.

— Так, я яшчэ і псіхолагам падпрацоўваю, — усміхаецца ўрач. — Ніводная таблетка не лечыць так, як слова. Людзі на сяле, у асноўным, пажылыя. А чалавеку ва ўзросце патрэбныя ўвага і клопат. Звычайна за дзень участковы тэрапеўт прымае каля трыццаці пацыентаў.

Кожны выклік — гэта стрэс

Затрымацца ў абед або пасля працоўнага дня для сельскага ўрача — звычайная справа. У пасёлку ўсе ведаюць адно аднаго, таму лепш лішні раз знайсці хвілінку для пацыента і ўпэўніцца, што ўсё добра. Пасля абеду ўчастковы тэрапеўт абслугоўвае выклікі і наведвае абавязковых дыспансерных пацыентаў. Сярод апошніх — інваліды, ліквідатары наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, перасяленцы з «зоны» і іх дзеці, ветэраны ВАВ, а таксама людзі, якім больш за 90 гадоў, і людзі, якія жывуць адны.

На выклікі Дар'я едзе разам з медсястрой. Заўсёды з сабою нязменны памочнік — сумка-ўкладка першай медыцынскай дапамогі.

Баба Маня, да якой мы прыходзілі па першым выкліку, расклала на ложку перад маладой «доктаркай» процьму лекаў. На нязвыклы шум падаспела і суседка з просьбай «і мяне паглядзіце».

— Вам трэба здымачак рабіць, — раіць суседцы Дар'я.

Парады аказаліся небеспадстаўнымі: пасля здымка пацвердзілася пнеўманія. Увогуле, насельніцтва на сяле цярплівае, таму часам медык выкарыстоўвае не толькі ўгаворы, але і загады.

— Кожны выклік — гэта стрэс. Трывога ёсць заўсёды, бо не ведаеш, што давядзецца пабачыць, — дзеліцца адчуваннямі малады спецыяліст. — Аднойчы давялося праводзіць рэанімацыйныя дзеянні. Было страшна за чалавека... Увогуле, закранае праблема кожнага пацыента. Прыходзіш дадому і не можаш выключыцца, яшчэ раз усё «пракручваеш».

Да­р'я Іль­ке­віч з пра­цэ­дур­най мед­сяст­рой Свят­ла­най Ан­то­на­вай у ка­бі­не­це, аб­ноў­ле­ным пас­ля ра­мон­ту.

Шэсць інфарктаў за змену

У амбулаторыі Дар'я Ількевіч працуе па буднях. А па выхадных бярэ дзяжурствы ў Маладзечанскай бальніцы №1 — у прыёмным пакоі. «Я падпрацоўваю, каб набрацца вопыту, — тлумачыць дзяўчына. — У райцэнтры больш экстранных выпадкаў. Людзей прывозяць з інфарктам міякарда, інсультам, ацёкам лёгкага. За змену можа да шасці інфарктаў здарыцца! Трэба хутка сцяміць, як сябе павесці. Гэта дапамагае падтрымліваць сябе ў тонусе».

Працуючы сельскім урачом-тэрапеўтам, Дар'я задумваецца пра вузкую спецыялізацыю. Яшчэ ў студэнцкія гады «прачнулася» любоў да кардыялогіі. «Я прасіла пакідаць мне кардыяграмы, потым іх фатаграфавала і расшыфроўвала дома. Паглядзіш на кардыяграму — спачатку мала што зразумела. Але калі пачнеш вывучаць, то абавязкова дакапаешся да праўды».

Дзяўчына лічыць, што ў студэнтаў-медыкаў зменіцца стаўленне да вёскі, калі іх пачнуць прывозіць на экскурсіі ў мясцовыя бальніцы і паказваць іх спецыфіку. Тым больш што добры заробак — адна з прычын, па якой варта ехаць у вёску.

На пытанне пра мінусы прафесіі Дар'я сур'ёзна задумалася і доўга шукала адказ: «Па-першае, шмат часу ідзе на розныя паперкі. Па-другое, хочацца новага абсталявання. Усе цяпер ідуць да электронных рэцэптаў. Яшчэ часам хочацца змяніць стаўленне пацыентаў да ўрачоў. Раней гэта прафесія лічылася аўтарытэтнай. Сёння крышачку інакш. Але ўсё роўна пачуць «дзякуй» — найвышэйшая ўзнагарода».


У тэму

Іван Супрановіч, загадчык Беразінскай участковай бальніцы:

— Беразінскі ўрачэбны ўчастак складаецца з бальніцы, паліклінікі, амбулаторыі, чатырох ФАПаў і чатырох здраўпунктаў. Асобныя амбулаторыі ёсць у Маркаве, Лебедзеве, Аляхновічах і Красным. Мы абслугоўваем 38 населеных пунктаў, якія знаходзяцца ў радыусе 12—13 кіламетраў. На нашым участку 12 урачоў: 4 тэрапеўты,
2 урачы агульнай практыкі, 2 стаматолагі, пратэзіст, педыятр, акушэр-гінеколаг, рэнтгенолаг. Сярод іх — два маладыя спецыялісты. Вядома, у планах завяршыць рамонт, абнавіць фізіяабсталяванне, рэнтгенаўскі апарат, апараты для ЭКГ і УГД. Хочацца, каб з цягам часу ў кожнага ўрача з'явіўся камп'ютар. Цяпер іх толькі два.

Іван Лужынскі, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва УАЗ «Маладзечанская ЦРБ»:

— Сёння ў сельскай мясцовасці 100-працэнтная ўкамплектаванасць урачэбнымі кадрамі. Ёсць толькі адно слабае месца — Радашковіцкая бальніца, дзе адчуваецца дэфіцыт урачэбных кадраў. Гэта можна растлумачыць блізкасцю да сталіцы і да санаторыяў з «лягчэйшымі» пацыентамі. Вузкія спецыяльнасці прысутнічаюць у асноўным у буйных бальніцах. У амбулаторыях працуюць урачы агульнай практыкі. Сёння ў нашым раёне — 144 маладыя спецыялісты (з іх 65 урачоў) і 45 урачоў-інтэрнаў. Сельскі ўрач агульнай практыкі мае права на 60-працэнтную надбаўку. Як бачым, узровень зарплаты для маладога спецыяліста на сяле ў два разы вышэйшы, чым у горадзе. Акрамя гэтага, у мінулым годзе маладыя спецыялісты, якім патрэбна было жыллё, атрымалі месца ў інтэрнаце.

Вераніка УЛАСЕВІЧ

Загаловак у газеце: Рэцэпты здароўя ад сельскага доктара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».