22 Верасень, субота

Вы тут

Хто павінен рабіць рамонт у пад'ездзе?


Самакіраванне пачынаецца з упарадкавання навакольнага свету

Тыповы пад'езд шматпавярховіка — тэрыторыя хаосу, якую імкнешся як мага хутчэй праскочыць, каб апынуцца ва ўтульным і ўпарадкаваным свеце сваёй кватэры. Бо абшарпаныя сцены, аблезлы лінолеум і жмуты правадоў колюць вочы сваёй першабытнай неўпарадкаванасцю. Вядома, у непрыгожым таксама ёсць свая эстэтыка. Нездарма карыстаюцца папулярнасцю постапакаліптычныя фільмы, дзеянне якіх адбываецца на руінах цывілізацыі. Але адна справа — кіно, і зусім іншая — рэальнае жыццё, у якім хочацца цешыцца парадкам і чысцінёй.


Пад'езд можа быць такі...

Але часам падаецца, што прасцей саматугам запусціць ракету на Марс, чым зладзіць збор сродкаў на рамонт пад'езда. «А ў мяне грошай няма», «Мне і так добра», «Няхай ЖЭУ само рамантуе — мы за камуналку і так многа плацім» — падобныя адгаворкі чуеш ад кожнага другога. Цяпер, праўда, камунальнікі маюць законнае права самастойна пачаць рамонт непрывабнага пад'езда і пасля спаганяць за гэта грошы з жыльцоў, якім застаецца толькі абурацца «свавольству» ЖЭУ і наракаць, што сцены не ў той колер пафарбавалі.

Але хто перашкаджаў самім заняцца рамонтам? Бо даўно вядома: хочаш, каб было зроблена добра, — зрабі сам.

У слушнасці гэтага выслоўя я пераканаўся на ўласным досведзе. Вярнуўшыся аднойчы з працы, заўважыў, што ўваход у пад'езд блішчыць свежай фарбай. Пафарбавана была і лесвічная клетка першага паверха разам з паштовымі скрынямі. А на сцяне нехта нават намаляваў матылькоў. Немудрагеліста, амаль па-дзіцячы, але ў выніку з'явілася хоць нейкая эстэтыка. Таямніца неспадзяванага цуду раскрылася неўзабаве: на дзвярах пад'езда з'явілася абвестка з прапановай паўдзельнічаць у рамонце лесвічнай клеткі першага паверха, здаўшы ўсяго рубель у адну з кватэр.

Не ведаю, як іншыя жыльцы, а я рубель здаў. Бо было, шчыра кажучы, сорамна за ўласную безыніцыятыўнасць. Заадно і пагутарыў з жанчынай, якая навяла красу ў пад'ездзе. Высветлілася, што разам з суседкай яны купілі фарбу, узялі пэндзлікі і за дзень справіліся з хаосам, што панаваў на лесвічнай клетцы гадамі. Іх ніхто аб гэтым не прасіў, ніхто за гэта не плаціў. У адказ на маю прапанову напісаць пра іх у газету кабета замахала рукамі. Маўляў, не трэба ёй гэткай «паблісіці». Дый рабілі для сябе, а не для славы. Не чакаючы, пакуль да нашага пад'езда нарэшце дойдуць рукі ў камунальнікаў.

А можа быць і такі.

Так, мы плацім за камунальнае абслугоўванне. І штогод усё болей. Але не варта ўсе праблемы спісваць на ЖЭУ. Бо бачыў дзясяткі прыкладаў, калі зробленае камунальнікамі добраўпарадкаванне менш чым за паўгода зводзілася на нішто. Свежапафарбаваныя сцены пакрываліся брыдкімі надпісамі, лямпачкі разбіваліся, а на пабеленай столі з'яўляліся сляды сажы: нехта не ленаваўся рэгулярна падсмальваць яе запальнічкай. І вось цікавае назіранне: часцей за ўсё такое адбываецца ў пад'ездах старых дамоў, дзе кватэры раней выдаваліся бясплатна. Цяпер яны, праўда, спрэс прыватызаваныя, але не па рынкавым кошце, а фактычна за капейкі... Затое ў пад'ездах новых дамоў, дзе кватэры прадаваліся па камерцыйных цэнах, дзе квадратныя метры людзі набывалі за свае кроўныя, пануе некранутая чысціня. Бо як ні круці, а прыватнаўласніцкія пачуцці найлепш матывуюць да захавання парадку на сваёй тэрыторыі. Ты разумееш, што адваліў вялізныя грошы не толькі за ўтульную кватэру, але і за лесвічную пляцоўку, і за ліфт, і за іншыя месцы агульнага карыстання. І ты першым зловіш за вуха малалетняга падшыванца, што надумаў адлюстраваць на сцяне свой багаты слоўнікавы запас.

Ты першым пагоніш выпівохаў, што туляюцца па пад'ездах і пакідаюць пасля сябе адходы жыццядзейнасці. І ты сам прыбярэш за сабой, калі раптам насмеціў у ліфце або на пляцоўцы. Бо пачуваеш сябе гаспадаром.

І нам, беларусам, часта бракуе адчування такой гаспадарлівасці. Зона нашай маральнай адказнасці за чысціню і парадак абмяжоўваецца хатай або кватэрай. Усё астатняе — не наша справа. Мы можам месяцамі наракаць на поцемкі ў пад'ездзе і лаяць ЖЭУ, але самі і пальцам не варухнём, каб купіць капеечную лямпачку і паставіць замест сапсаванай. Ці ўзяць малаток і пару цвікоў ды падправіць лавачку ў двары. Ці зрабіць заўвагу кампаніі, што сядзіць з бутэлькай на дзіцячай пляцоўцы. Ці хоць бы проста выклікаць міліцыю, калі асцерагаешся атрымаць у мызу ад нецвярозага боўдзілы. А між іншым, менавіта з гэтага і пачынаецца мясцовае самакіраванне, пра якое мы так многа пішам на старонках «МС». Калі пачынаеш кіраваць тым, што знаходзіцца ў тваім абсягу. Гэта не патрабуе вялікіх намаганняў, але ў той жа час дапамагае зрабіць жыццё крыху лепшым і больш камфортным.

Чаму мы жывём на сваёй зямлі не як гаспадары, а як прышлыя? Як часовыя пасяленцы з адпаведнай псіхалогіяй? Адбыць сваё на працы, забегчы ў краму і хутчэй заскочыць у сваю ўтульную «норку»... Адсюль і вынікаюць многія праблемы, з якімі сутыкаецца наша краіна. Бо мы ахвотна жалімся на тое, як цяжка жыць і як усё навокал кепска. Але нават не спрабуем зрабіць хоць нешта, каб хаосу стала крыху менш, а ўтульнасці і ўпарадкаванасці — больш.

Валянцін БОЙКА

boіka@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Хто, калі не мы?

Каментары

Дазвольце з аўтарам не пагадзіцца да канца. Мы плацім за камунальныя паслугі ЖЭУ па выстаўленых ім рахунках. Калі камунальшчыкі не могуць купіць лямпачку, дык хай тады: а) вернуць узятыя за гэта грошы па графе "Тэхнічнае абслугоўванне"; б) не бяруць іх менавіта за гэтую паслугу. Атрымліваецца хітры ход: і заплаці, і зрабі. А за што я тады ўплаціў? Паспрабуйце не заплаціць своечасова за камунальныя паслугі - і што тады будзе? Налічаць пеню тут жа. А лямпачкі, значыць, можна своечасова не ўкручваць. А наконт малалетніх падшыванцаў - ну-ну. Мой бацька аднойчы іх паганяў. Папрасіў весці сябе належным чынам. І атрымаў за гэта папярэджанне ад участковага. Тое, што кампанія перашкаджала спакою, таварыш міліцыянер пакінуў за кадрам. Як і тое, што пад'езд распісаны. Таму ўсё гэта адносна, разумееце...

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.