Вы тут

У Воранаўскім раёне пустуе палова хутароў


Улады Воранаўскага раёна лічаць, што патрэбна абласная праграма з удзелам меліяратараў.


Трухлявых дамоў, якія стаяць у запусценні, з кожным годам становіцца больш, канстатуе старшыня Воранаўскага раённага Савета дэпутатаў Віктар Роік. Праблема іх зносу хоць і вырашаецца, але вельмі марудна. З аднаго боку, узнікаюць цяжкасці з пошукам гаспадароў і судовымі працэдурамі, з другога — сам працэс зносу не танны.

— Мы праводзім работу згодна з рэкамендацыямі абласнога Савета дэпутатаў, ёсць пакрокавы план, як весці юрыдычныя працэдуры, — тлумачыць Віктар Роік. — Мы на месцы распрацавалі свой алгарытм дзеянняў, бо ў нас спецыфічны раён — вельмі многа хутароў, яшчэ нядаўна было больш за тысячу.

Зараз гэта лічба крыху зменшылася, і сёння іх 850! Прыкладна палова стаяць пустымі. Іх трэба зносіць.

— Раней людзі ахвотна бралі зямлю, будаваліся там. Вялі гаспадарку. Цяпер час змяніўся, хутары пазарасталі травой, многія нашчадкі з'ехалі, нават у правы спадчыны не ўступілі, бо не бачаць перспектывы ў гэтым, — кажа старшыня райсавета.

І задаецца пытаннем: як такіх гаспадароў прымусіць парадак навесці? Тым не менш для зносу трэба атрымаць згоду ўладальнікаў жылля. А многія з іх жывуць у суседняй Літве. З'ехалі, калі яшчэ межаў не было, і цяпер адшукаць іх там няпроста. Але і тыя развалюхі, якія перайшлі па рашэнні суда ва ўласнасць сельскіх Саветаў, не так лёгка разабраць, а тым больш — прадаць. Таму ў раёне заахвочваюць мясцовыя СПК, якім пераходзіць зямля пад севазварот. Яны і бяруць на сябе выдаткі па зносе старых хутароў. У выніку і парадак вакол, і зямля дае аддачу.

— Мы сабе нават задачу паставілі — 3—5 пустых дамоў штогод будзе разбірацца. А гэта да 70 сотак зямлі, а то і гектар — выгадна, таму кіраўнікі гаспадарак ідуць на гэта, — удакладняе Віктар Роік.

Акрамя хутароў, трэба зносіць трухлявыя дамы ў вёсках. Там пакінутых развалюх больш за палову. А ў адзінаццаці населеных пунктах і наогул ніхто не жыве. Да разбору такіх дамоў і прыбудоў прыцягваюць мясцовых жыхароў. Зараз на чарзе вёска Мніхі (у Жырмунскім сельсавеце), дзе пражывае адзін чалавек.

— Аб'ёмы з кожным годам растуць, таму гэту справу трэба весці арганізавана, — лічыць Віктар Роік. — Абавязкова задзейнічаць камунальнікаў, якія на месцы перапрацуюць зараснікі каля дамоў у дранку. Падлічылі, што затраты акупяцца — і на паліва, і на падаткі.

На думку старшыні райсавета, варта распрацаваць праграму па зносе такіх дамоў. Ударнай сілай могуць стаць меліяратары. Яны будуць выкарчоўваць пні і зносіць дамы, поўнасцю культываваць участак для калгасных пасеваў. Нешта накшталт праграмы меліярацыі, якой была ахоплена ўся краіна некалькі дзесяцігоддзяў таму. Зараз той напрамак сцішыўся, але з'явілася не менш адказная задача — пазбавіцца ад тысяч трухлявых хат. З удзелам меліяратараў за 3—5 гадоў можна значна прасунуцца ў справе зносу старых будынкаў і прывесці ў парадак тэрыторыю. Суразмоўнік прывёў прыклад Зэльвенскага раёна, дзе прадпрыемствам меліярацыйных сістэм знесена 43 дамы ў вёсцы. Але пакуль кожны райсавет гэту работу вядзе па-свойму. Хтосьці на кіраўніка СВК націскае, хтосьці на сельсавет. А ў гэты час колькасць дамоў-прывідаў толькі павялічваецца.

Праўда, некаторыя ўсе ж атрымліваюць другое жыццё. Так, адзін з хутароў выкупілі мясцовыя прадпрымальнікі, уладкавалі домік паляўнічага з адпачынкам, развіваюць турызм. На іншых новыя ўладальнікі адкрываюць аграсядзібы. Гэта таксама перспектыўны напрамак, разважае старшыня Воранаўскага райсавета, бо на тэрыторыі раёна 28 вадаёмаў, прыгожыя мясціны. Пустуючыя хаты ў такіх вёсках гараджане пачалі выкупляць пад дачы. Попытам карыстаюцца дамы на мяжы з Лідскім раёнам.

Ёсць прыклады, калі дзеці праз некаторы час засяляюцца ў дамы бацькоў. Так здарылася з сям'ёй з Літвы, якая вярнулася на радзіму. Яны адразу заняліся гаспадаркай, завялі карову, затым яшчэ некалькі. Малако здаюць у калгас і маюць добры прыбытак...


У тэму

Ігар Жук, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў:

— У вобласці ствараецца рабочая група для вырашэння праблемы незаселеных дамоў, якіх у нас 47 тысяч, ці 27% ад агульнай колькасці. Асноўная праблема — у нашчадках, многія з якіх жывуць за мяжой, а на знос пабудовы патрэбен іх дазвол. Па шасці тысячах дамоў няма ніякіх апавяшчэнняў ад уладальнікаў — тут будзе весціся работа па зносе, бо часта пустуючыя дамы становяцца прытулкам бамжоў, базай для кантрабанды, ствараюць пажаранебяспечныя сітуацыі. Каб паскорыць знос такіх аб'ектаў, вядзецца работа па ўдасканальванні ўказа №100.

На прадпрыемстве «Гроднамеліявадгас» паведамілі, што пры наяўнасці дакументаў яны выконваюць работы па зносе старых дамоў. Калі такі заказ паступае, спецыялісты выязджаюць на месца, пасля чаго складаюць каштарыс. Праўда, аб'ёмы пакуль невялікія. У гэтым годзе такіх заказаў ад сельскіх Саветаў пакуль не было, хоць магутнасці для работы ёсць — філіялы прадпрыемства створаны амаль у кожным раёне вобласці. Яны гатовы падключыцца да сістэмнай работы па зносе трухлявых дамоў, была б толькі прапанова.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Хутар пад знос

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».