Вы тут

Да 2020 года 4G будзе ў кожным райцэнтры


На сёння 42 працэнты тэрыторыі Беларусі маюць сувязь па тэхналогіі 4G. «Далейшае развіццё будзе па неабходнасці. Будзе тэхналогія запатрабавана ў сельскіх населеных пунктах — пойдзем і туды», — запэўніў міністр сувязі і інфарматызацыі Сяргей ПАПКОЎ.


Тарыфы расці не будуць

Па звестках ведамства, стацыянарным шырокапалосным доступам у інтэрнэт карыстаюцца 70 працэнтаў хатніх гаспадарак. Пры гэтым за мінулы год сярэдняя хуткасць вырасла з 5,7 да 8,8 Мбіт/с. Большае і колькасць абанентаў мабільнага інтэрнэту — цяпер іх 6,4 мільёна. За сем гадоў гэты паказчык павялічыўся ў сем разоў.

Генеральны дырэктар «Белтэлекама» Сяргей СІВАДЗЕДАЎ паведаміў, што да канца года цэны на паслугі доступу ў інтэрнэт застануцца нязменнымі.

— Чакаць павышэння не варта. Думаю, не толькі ў нас, але і ў мабільных аператараў. Сёння тарыфы на інтэрнэт акупныя. Разам з тым рэнтабельнасць гэтай паслугі пастаянна зніжаецца. Кліент сёння хоча мець
хуткасць у разы вышэйшую за тую ж цану. А пашырэнне знешняга шлюзу — гэта затраты валюты. Таму перад аператарамі стаіць складаная задача — развіццё сваіх сетак без павелічэння тарыфаў на інтэрнэт, —
растлумачыў Сяргей Сівадзедаў.

Вядзецца таксама работа над адменай роўмінгу ў СНД і ЕАЭС.

ІD-пашпарты — з 2019 года

Кажучы аб планах развіцця галіны, Сяргей Папкоў агучыў, што да канца 2020 года доля ўстаноў адукацыі, ахопленых праектам «Электронная школа», мусіць скласці 80 працэнтаў. Усе ўрачы дзяржаўных арганізацый аховы здароўя павінны мець магчымасць выпісваць электронныя рэцэпты. Плануецца таксама, што доля адміністрацыйных працэдур для бізнесу, якія можна будзе здзяйсняць у электронным выглядзе, складзе не менш за 75 працэнтаў. А доступ да інтэрнэту будуць мець 80 працэнтаў хатніх гаспадарак. «Гэта мінімальныя лічбы, да якіх мы павінны імкнуцца. Але ўжо сёння некаторыя паказчыкі мы сур'ёзна перавысілі», — паведаміў міністр.

Развіваюцца нацыянальная сістэма беспапяровага гандлю, дзяржаўная сістэма пасведчання электронных ключоў (сёння ў краіне іх выдадзена каля 100 тысяч, патэнцыял — да 300 тысяч). Да канца наступнага года створаць партал адкрытых даных: будуць замешчаны базы найбольш значнай сацыяльнай інфармацыі, звязанай з бытавым абслугоўваннем, культурай, раскладам транспарту.

А ў 2019 годзе беларусы пачнуць атрымліваць біяметрычныя ІD-пашпарты. Выглядаць яны будуць як звычайныя прапускныя карткі. З дапамогай такога пашпарта можна будзе аплачваць розныя электронныя паслугі.

Работа вядзецца ў рамках дзяржаўнай праграмы развіцця лічбавай эканомікі і інфармацыйнага грамадства на 2016—2020 гады. Кошт праграмы — каля 1,3 мільярда рублёў.


У тэму

З 18 па 21 красавіка ў Мінску пройдзе ХХІV Міжнародны спецыялізаваны форум па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях «ТІБО-2017». Найноўшыя тэхналагічныя рашэнні прадставяць буйныя беларускія аператары: Белтэлекам, МТС, Vеlсоm, Беларускія воблачныя тэхналогіі. Удзел прымуць таксама сусветныя кампаніі Huаwеі, ZTЕ, Сhіnа Tеlесоm, SАР, Dеutsсhе Tеlеkоm і іншыя. На форуме прадэманструюць прымяненне тэхналагічных рашэнняў у самых розных сферах. Гэта «разумны дом», «разумны горад», сельская гаспадарка, банкаўскі сектар, прамысловасць, ахова здароўя, адукацыя, транспарт.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubnеuskауа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Хуткі інтэрнэт — у любым кутку краіны

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.