Вы тут

Як рыхтуюцца да сезону атракцыёны?


У красавіку пачнуць працаваць атракцыёны. Ці ўсе з іх парадуюць шматтысячную армію наведвальнікаў? Зараз работнікі Дзяржпрамнагляду інспектуюць беларускія забаўляльныя машыны. Бо толькі той агрэгат, які спраўны на 100%, зможа атрымаць допуск да работы. Аб тым, што хаваецца па іншы бок забаўляльных канструкцый, карэспандэнт «Звязды» пагутарыў з галоўным дзяржаўным інспектарам упраўлення нагляду за бяспекай пад'ёмных збудаванняў і атракцыёнаў Дзяржпрамнагляду Сняжанай Казаевай.


5 метраў у секунду

У маі 2009 года нагляд за атракцыёнамі быў перададзены дэпартаменту па ўказанні Прэзідэнта. Але не за ўсімі. Тэхнічныя характарыстыкі рэгламентуе п. 6 дадатка 2 Закона «Аб прамысловай бяспецы». Напрыклад, сярод механізаваных агрэгатаў інспектары Дзяржпрамнагляду сочаць за тымі, якія рухаюцца па гарызанталі з хуткасцю, большай за 3 метры ў секунду для дзіцячых атракцыёнаў і 5 — для дарослых. Для тых жа, якія падымаюць наведвальнікаў угару, таксама ўстаноўлены ліміт: канструкцыі, якія ўзнімаюцца на вышыню больш за 2 метры для дзіцячых і 3 — для дарослых. А водныя горкі трапляюць на дзяржаўны ўлік тады, калі пасажыры на іх разганяюцца больш за 5 метраў у секунду, і калі адносная вышыня спуску на іх больш за 3 метры.

Наколькі высокі знос?

156 з 269 падкантрольных нам канструкцый па ўсёй краіне ўжо перайшлі мяжу нарматыўнага тэрміну эксплуатацыі. Для кожнага атракцыёна вызначаны свой паказчык. Увогуле межы яго складаюць ад 10 да 25 гадоў. Што адметна, па працэнтных суадносінах тут лідзіруюць перасоўныя атракцыёны. «На пенсію» надышоў час адправіць 34 з 39 такіх канструкцый, якія былі выпушчаны яшчэ ў 1990-х гадах. У лічбавых жа суадносінах пальма першынства належыць механізаваным канструкцыям. Такіх назбіралася 116 са 195. Цікава, што самы стары атракцыён у Беларусі працуе ажно з 1963 года! Гэта кола агляду ў Бабруйску. Па адным «ветэране» з савецкіх часоў засталося дагэтуль у Гомелі і на Міншчыне.

Тое, што машына пазначана ў спісе замены, не азначае таго, што яе трэба тут жа неадкладна паставіць на прыкол. Яна штогод праходзіць тэхнічную дыягностыку. Падчас яе эксперт шукае няспраўнасці, вызначае кампаненты атракцыёна, якія патрабуюць рамонту. І выносіць заключэнне: наколькі вялікі астаткавы рэсурс атракцыёна, і ці можа ён быць падоўжаны. І ўжо па выніках абследавання атракцыён можа быць дапушчаны да тэхнічнага агляду перад мяркуемым запускам.

Праблема зношанасці забаўляльных канструкцый існуе ў Беларусі ўжо не першы год. Яна разглядалася на нарадзе кіруючага складу Дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны яшчэ ў 2011 годзе. У адпаведнасці з даручэннем прэм'ер-міністра выканаўчымі камітэтамі пры ўдзеле Мінскага гарадскога і абласных упраўленняў Дзяржпрамнагляду былі распрацаваны і зацверджаны графікі вываду з эксплуатацыі і замены атракцыёнаў, якія не адпавядаюць патрабаванням бяспекі.

Стоп, машына!

Летась інспектары Дзяржпрамнагляду выносілі такі вердыкт 13 разоў. Таксама яны зафіксавалі больш за трыста парушэнняў Правілаў па забеспячэнні прамысловай бяспекі атракцыёнаў. У асноўным яны датычацца арганізацыйных момантаў. Напрыклад, недастатковы нагляд за тэхнічным станам машын. Адказныя спецыялісты і персанал, які дапускаецца да работы з атракцыёнамі, часам прызначаюцца з парушэннем парадку. Асобным пунктам значацца тут атракцыёны перасоўныя — пасля кожнага пераезду яны мусяць праходзіць пераагляд, а ўсе патрэбныя дакументы разам з агрэгатам «даязджаюць» не заўжды.

У 2016 годзе на беларускіх атракцыёнах зарэгістраваны два няшчасныя выпадкі, прычым самі пацярпелыя груба парушылі тэхніку бяспекі. Абодва выпадкі адбыліся ў сталічным парку Чалюскінцаў. Летась у пачатку мая цяжкія траўмы атрымаў дзяжурны атракцыёнаў і гульнявога абсталявання. На падначаленым яму батутным комплексе не было наведвальнікаў, да таго ж пачаўся дождж. Супрацоўнік вырашыў схавацца ад яго ў аператарскай іншага атракцыёна. І выйшаў з кабіны падчас яго работы, дзе і трапіў адразу пад удар пасажырскага модуля. Агрэгат быў тэхнічна спраўны.

Больш за восем гадоў у краіне не здаралася няшчасных выпадкаў з лятальным зыходам — да мінулага жніўня, калі трагедыя адбылася на атракцыёне «Катальная гара». Адзін з наведвальнікаў паведаміў, што падчас катання згубіў навушнікі для тэлефона. Побач аказаўся работнік, чыя арганізацыя эксплуатавала іншы атракцыён. Ён вызваўся разам з дзяжурным агледзець магчымае месца, куды магла ўпасці гарнітура. Разам яны прайшлі за агароджу на тэрыторыю рабочай зоны. Прапажу так і не знайшлі. Работнік прапанаваў дзяжурнаму працягнуць работу атракцыёна. Аднак сам з рабочай зоны не выйшаў. Дзяжурны на гэта ўвагі не звярнуў і атракцыён запусціў. У выніку рухомы модуль на вялікай хуткасці забіў работніка.

Як праходзіць тэхнічны агляд атракцыёнаў перад іх запускам?

Ён складаецца з двух этапаў. Першы з іх заключаецца ў аналізе дакументацыі на атракцыён. Эксперт мусіць упэўніцца, як часта праводзіцца абслугоўванне агрэгата, наколькі якасна выконваюцца патрэбныя штодзённыя работы, ці правільна раскансервавалі машыну. Калі з пашпартам для атракцыёна ўсё ў парадку, то пачынаецца куды больш відовішчнае. Спярша атракцыён пракручваецца ўхаластую. Калі заўваг па рабоце ў гэтым рэжыме няма, тады грузяць на сядзенні атракцыёна мяшкі з пяском або манекены і запускаюць яго па новай. Праўда, пры выпрабаванні водных горак мяшкі з пяском і манекены ўжо не дапамогуць. Першыя маюць вагу, але не паўтараюць форму чалавечага цела, і наадварот. Таму эксперт літаральна сантыметр за сантыметрам абмацвае паверхню воднай горкі, а пасля па ёй праязджаюць некалькі добраахвотнікаў, якія маюць розную вагу.

Крыху іншы парадак вызначаны для перыядычнага тэхнічнага агляду перасоўных атракцыёнаў. Пасля першага мантажу яго праводзіць эксперт Дзяржпрамнагляду. Пасля кожнай новай устаноўкі атракцыён таксама мусіць прайсці праверку. Праўда, гэтым разам праводзіць яе можа арганізацыя, якая мае адпаведны дазвол Дзяржпрамнагляду. А эксперт у такім выпадку мусіць быць атэставаны.

Да 2020 года па краіне неабходна было замяніць 117 атракцыёнаў. 41 з іх ужо адправіўся на заслужаны ў літаральным сэнсе слова адпачынак. Колькі з іх папоўняць гэты спіс сёлета, высветліцца пасля заканчэння праверак. Тэмпы абнаўлення парка ў Беларусі неаднародныя. Напрыклад, у Мінскай вобласці графік замены выконваецца цалкам. А вось на Гродзеншчыне і ў Мінску спісана толькі 80% маючых у гэтым патрэбу агрэгатаў.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennik@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Паратрупер» — будзе супер?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».