Вы тут

Што прэзентаваў беларускі кніжны рынак?


Школьнікі скончылі трэцюю чвэрць, атрымалі заслужаныя адзнакі і нават адгулялі вясновыя вакацыі. У пісьменніка вакацый няма, у яго, як у цара, ненармаваны рабочы графік. Але чаму б і нам не падагуліць вынікі за «творчую чвэрць»?.. Прыкладам, разгледзець новыя кнігі, што з’явіліся на кніжных прылаўках ужо сёлета.


Тры пункты адліку

Дэбютныя зборнікі вершаў Аляксея Арцёмава, Ганны Комар і Яўгена Бясчаснага датуюцца 2016 годам. Так, работа над кнігамі была завершаная напярэдадні Новага года, аднак сапраўднае жыццё іх пачалося толькі ў 2017-м. Што цікава, кніга Аляксея Арцёмава «Скрозь кіламетры» ўжо адзначаная літаратурнай супольнасцю: аўтар трапіў у тройку паэтаў-фіналістаў прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча.

Калі вы час ад часу чытаеце нашы палосы крытыкі, дык імя Аляксея не станецца для вас незнаёмым. Паэт з Тулы піша па-беларуску і друкуецца ў нашых выданнях — ад «Маладосці» да «Верасня». Кніга ягоная па праве можа звацца доўгачаканай: па-першае, любая добрая кніга з’яўляецца такой, па-другое, паасобныя публікацыі засведчылі прыкметны талент Арцёмава, «падсумаванне» якога не цярпелася пабачыць у выглядзе кнігі.

Што ж адкрыў нам гэты дэбют? Тонкую назіральнасць, у аснове якой — любоў да бліжняга, як бы пафасна яно ні гучала, і мяккае пакепліванне са сваіх ды чужых слабасцяў. Гэтаксама ўменне бачыць нараджае талент пейзажыста, жывапісца: прырода ў Арцёмава прасветленая, адначасова яркая і пяшчотная. Нельга сказаць, што паэзія яго належыць да «сена на асфальце», аднак спалучэнне ўрбаністычнага і адпрыроднага — вызначальная рыса. Між тым у аснове кампазіцыі, будзь то замалёўка гарадская ці вечаровы пейзаж, застаецца чалавек. Чалавек і чалавек, чалавек і ўнутраны голас, чалавек і каханне, чалавек і прырода — усякі верш можна раскласці на два такія ўмоўныя складнікі. Засталося дадаць, што Аляксей Арцёмаў прытрымліваецца класічнай вершаванай формы, што ніякім чынам не ўплывае на арыгінальнасць верша. За ўвесь час знаёмства са зборнікам мне не давялося напаткаць ніводны штамп. Рэдкая адказнасць за слова і сумленнасць — тут і аксакалам варта спусціцца з лаўраў ды павучыцца ў «вучня». Кажучы пра будучыню беларускай літаратуры, рызыкну сцвярджаць, што сярод іншых вызначальных імёнаў у ёй будзе значыцца імя Аляксея Арцёмава.

У адрозненне ад зборніка «Скрозь кіламетры», кніга Ганны Комар «Страх вышыні» — тыпова дэбютная. Аўтарка самасвярджаецца, выяўляе сваё «я», шукае новае, нечаканае, імкнецца да арыгінальнасці, і, трэба сказаць, гэта ёй удаецца. Вершы Ганны Комар дзявочыя — не ў сэнсе коцікі-кветачкі, і нават не ў сэнсе «ты разбіў мне сэрца»: яны выяўляць свет маладой жанчыны, светабачанне смелай, таленавітай, разумнай прадстаўніцы так званага слабога полу.

Яўген Бясчасны — паэт рускамоўны. Яго кніга «Стой!» сабрала вершы, напісаныя за шэсць гадоў творчасці. Падчас прэзентацыі кнігі аўтар прызнаўся, што «вершаў нападала як снегу, і сярод іх трэба было расчысціць дарожку». Рэдактар кнігі Андрэй Хадановіч зазначыў: «Што датычыцца кнігі — у ёй паэт ужывае не толькі словы і сказы — цэлыя тэкставыя масівы культуры, якой ён жыве і дыхае. Акрамя беларускага светаадчування тут, напрыклад, немагчыма не пабачыць Бродскага. Яго ўплыў настолькі відавочны, што аўтар даводзіць да віртуознасці ўсе гэтыя алюзіі, рэмінісцэнцыі. Але чым сталей станавіўся Яўген, тым больш ён ужываў у творах цытаты беларускіх аўтараў — вы гэта заўважыце, калі будзеце чытаць кнігу». Герой зборніка — гарадскі жыхар, непрыкметны і быццам звычайны. Але ёсць у яго адна суперздольнасць: умець спыніцца і ўбачыць, а затым сказаць мінаку-чытачу: «Стой! Азірніся». У паэтычным свеце Яўгена Бясчаснага не існуе дробязяў: кожная рэч мае значэнне, прычым адзіна магчымае, скажам так, нерухомае. Рэчы, людзі, гарады — усё ўзаемадзейнічае, і ў гэтай віхуры жыццёва неабходна ўмець пачуць вось гэтае «стой!», каб не стаць адным з мёртвых душаў.

Раман з літаратурай

Падзеяй новага літсезона стаў выхад кнігі Ганны Севярынец «Дзень святога Патрыка». Сюжэт закручаны вакол літаратурнага свету — што прадказальна, калі ўлічыць, якім актывістам-прапагандыстам нашай літспадчыны з’яўляецца Ганна Севярынец.

У рамане ёсць антыўтапічны матыў: беларуская мова прызнаная мёртвай, і даследчыца Марына Дамейка мусіць адабраць творы нашае літаратуры для захавання ў спецархіве. Цікавы ход, які дазваляе паразважаць над вартасцямі асобных тэкстаў. Асобныя чытачы выказвалі меркаванне, што аўтарка зрабіла галоўную гераіню сваім адбіткам, маўляў, «Дзень святога Патрыка» — пра самую Севярынец і яе любоў да белліту. Аднак пісьменнік Валер Гапееў аспрэчвае гэта. Ён адзначае, што кніга неардынарная, «таму што да гэтага часу ніхто так не спрабаваў праз не нонфікшн паказаць беларускую літаратуру і яе асобаў. Калі мяне паправяць: ці не ўвесь тэкст якраз і ёсць дакументалістыка, жывыя гісторыі некалі жывых пісьменнікаў, я запярэчу. Аўтар не ставіла мэтай данесці да чытача менавіта гэтую дакументалістыку, для гэтага яна скрупулёзна і грунтоўна працуе над іншымі сваімі творамі... Раман скарыстоўвае пэўныя адшуканыя факты, канечне, але тут яны зусім дзеля іншай мэты». Дзеля якой? На гэтае пытанне мусіць адказаць сам чытач.

Цёплы снег

Цэлы шэраг цікавых выданняў прэзентавала сёлета выдавецтва «Галіяфы». Пачаць варта з кнігі паэзіі Вольгі Гапеевай «Граматыка снегу». Увесну не надта хочацца вяртацца да такой снегавой тэматыкі, аднак зразумела, справа не ў зіме: снег тут — сімвал першапачатку, чысціні слова і сэнсу. Пачынаючы з такога вось белага ліста можна наноў паглядзець на рэчы звыклыя. Як пазначае анатацыя, кніга пашырае межы ўсведамлення штодзённасці, дзе словы і значэнні ўглядаюцца адно ў адно ў надзеі пазбегнуць самоты. Гэта своеасаблівая граматыка ўзаемін чалавека з сусветам праз мову. Сімвалічнасць снегу, якая пранізвае кнігу наскрозь, выклікае бязмежнасць інтэрпрэтацый паэзіі Вольгі Гапеевай. Зрэшты, усякае добрая паэзія прадугледжвае бязмежнасць інтэрпрэтацый. Засяроджанасць на слове дазваляе паэтцы быць дакладна-нешматслоўнай, і гэта вельмі імпануе, як мне думаецца, сучаснаму паспешліваму чытачу. Аднак лаканічнасць такая ў той жа час вымагае ад чытача паўзы ў бесперапынным бегу жыцця: як казаў Бясчасны, стой, падумай, заўваж.

Адасобімся ад мастацтва і звернемся да навукі. Вяртаннем забытых герояў не першы год займаецца гісторык з Заслаўя Ігар Мельнікаў. Ягоная апошняя выдадзеная кніга так і называецца: «Забытыя героі». Работа прысвечаная гісторыі ўдзелу беларусаў у барацьбе с нацызмам у складзе Польскіх узброеных сіл на Захадзе. Найперш размова ідзе пра жаўнераў Другога польскага корпуса і Першай асобнай польскай паветрана-дэсантнай брыгады. Аўтар нязменна прытрымліваецца дакументальнай асновы, выкарыстоўваючы ўнікальныя архіўныя матэрыялы. Што й казаць, тэма жаўнераў Андэрса ўвогуле была закрытай на Беларусі, але цяпер навукоўцы-гісторыкі маюць вольніцу. Дзякуючы гэтым зменам мы можам адсачыць лёсы беларусаў, якія з пекла ГУЛАГа патрапілі ў іншае пекла — бойню пад Монтэ-Касіна. Апісваючы жыццё гэтых людзей, Ігар Мельнікаў закранае многа больш: лёс краіны. Разгортваецца цэлы гістарычны пласт. Кніга чытаецца з вялікай цікаўнасцю і надзіва лёгка, калі ўлічыць, што напісаная яна па-навуковаму суха (у добрым сэнсе). Аўтар стрыманы і дакладны, але факты, якімі гісторык аперуе, кажуць самі за сябе, дазваляюць адчуць на сваёй скуры тыя жахі, нястачы, рызыкі, боль, што перажывалі жаўнеры-беларусы войска польскага. Ігар Мельнікаў правёў сваю працу на выдатна. Дадае плюсаў кнізе і тое, што яна багата ілюстраваная фотаздымкамі з архіва аўтара.

Гэтаксама з новых празаічных кніг года — «Плошча Калумба» Сяргея Лапцэвіча. Яго героі — тыповыя дзівакі, якіх часта па недасведчанасці ды непісьменнасці называюць маргіналамі. Гэта філосаф-выпівоха, які калісьці ўцёк у Бруклін і марыць вярнуцца ў краіну, якой больш няма. Стары мастак, зацыклены на ідэі пераемнасці, адбірае ў роднай дачкі яе сына. Мілая, здавалася б, дзяўчына Надзя, жадаючы як найлепш, дасягае акурат зваротнага выніку: «вучыць усіх простасці, ламаючы лёсы». Ці гісторыя пра менеджара, які мае ўсё, што трэба, але не разумее: дзеля чаго? Ён «спрабуе адшукаць парэшткі сэнсу ў сабе і навакольным свеце». Рэцэнзенты адзначаюць у прозе Сяргея Лапцэвіча экзістэнцыйны кантэкст, псіхалагізм і дакладнасць дэталяў. Экзістэнцыйны кантэкст — азначэнне сумніўнае па-за межамі філасофскай навукі: так ці інакш, усякі твор, хоць бы й прыпеўка, мае такі кантэкст, бо размова пра жыццё чалавека. Тут хутчэй маецца на ўвазе ўзіранне ў сутнасць чалавечых комплексаў, аналіз праблем, якія суправаджаюць людзей, якія выглядаюць быццам бы шчаслівымі, разумнымі і г. д. А ўрэшце рэшт, усім нам трэба толькі адно — любоў і прызнанне.

Асобна вылучым перакладныя выданні — «Зіма Гюнтэра» Маркаса Хуана Мануэля і «Каменны патоп» Холера Франца. Першая была названай кнігай году ў Асуньёне ў 1987-м. Раман аўтар перапісваў дзесяць разоў цягам трынаццаці гадоў (нашыя, відаць, на такое не здольныя: як напісаў, так і цудоўна). Знаёмячы чытача з кнігай, укладальнікі пазначаюць: «У тэксце па-майстэрску спалучаюцца авангардныя літаратурныя тэхнікі і рысы постмадэрнізму, ад плыні свядомасці Джойса ды Фолкнера да поліфанічнага дыялогу і карнавалізацыі Бахціна. “Зіма Гюнтэра” — адкрыты раман, у якім пераплецены дэтэктыўная інтрыга, ода каханню, сацыяльная сатыра, глыбокі роздум аб гістарычных каранях парагвайскай нацыі ды іранічны погляд, не пазбаўлены гумару і эратызму, на парадоксы нашага часу». Галоўны герой, эканаміст Гюнтэр, немец па факце, а на паперы парагваец, жыве ва ўмовах паўднёваамерыканскай ваеннай дыктатуры. Акром грамадзянскага гучання раман вядзе яшчэ некалькі ліній, сярод якіх цікавая лінія міжнацыянальных адносінаў.

Холер Франц у «Каменным патопе» рапавядае пра своеасаблівыя пампеі: 11 верасня 1881 года швейцарская вёска Эльм пацярпела ад камняпаду, выкліканага тэхналагічнай памылкай прамысловаздабыўчай справы. Аўтар разглядае два апошнія спакойныя дні перад катастрофай, прычым на свет ён глядзіць вачыма сямігадовай Катарыны Дыш, дзяўчынкі, якая вельмі тонка адчувае свет. Зварот да дзіцячага светапогляду — калі ён майстэрскі — заўжды кранальны і стварае эфект пранізлівай шчырасці. На такім фоне трагедыя вёсачкі гучыць яшчэ выразней. Перажыванні, клопаты, радасці дзяўчынкі набываюць асабліва драматычнае гучанне, калі чытач загадзя ведае, што чакае маленькую гераіню наперадзе.

 ...Паэзія традыцыйная і моладзевапарывістая, рускамоўная і беларускамоўная, погляды дзявочы і мужчынскі, проза пра нас і пра забытых герояў, творы айчынных аўтараў і замежных — як бачым, выбар надзвычай багаты, і, пэўна, нешта з апісанага вам прыйдзецца да душы. Добрая кніга, як і добрае надвор’е, можа стацца аздобай вясны.

Наста ГРЫШЧУК

Загаловак у газеце: Міжсезонны кнігазбор

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».