Вы тут

Што рабіць, калі вы западозрылі ў сябе дэпрэсію?


75 працэнтаў людзей, якія пакутуюць ад дэпрэсіі, не атрымліваюць адэкватнага лячэння — такія звесткі прыводзіць Сусветная арганізацыя аховы здароўя. Праблема пагражае зніжэннем працаздольнасці і нават самагубствам. Між тым магчымасці для вырашэння праблемы ёсць.


Дэпрэсія можа напаткаць каго заўгодна, нават дзяцей, якія будуць скардзіцца пры гэтым на нейкае дрэннае самаадчуванне — боль у жываце або немагчымасць заснуць. Гэта можа збіць з панталыку нават урача, які будзе шукаць саматычнае, а не псіхічнае захворванне. Таму важна вучыць дзяцей звяртацца з нейкімі пытаннямі да школьных псіхолагаў, а таксама ў цэнтры дружалюбнага стаўлення да падлеткаў, куды, як паказвае практыка, звяртаюцца дзякуючы прынцыпу ананімнасці нават бацькі. Праўда, дарослыя могуць атрымаць дапамогу, зноў жа, на ананімнай аснове і ва ўстановах аховы здароўя (21 кабінет псіхалагічнай дапамогі працуе ў Мінску пры звычайных паліклініках).

— Дэпрэсія, дарэчы, не прыводзіць адразу да пастаноўкі на ўлік, абмежавання ў вадзіцельскіх правах і г. д., а таму можаце смела звяртацца ў спецыяльныя псіхіятрычныя медустановы, — тлумачыць дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Аляксандр СТАРЦАЎ. — Дэпрэсія лічыцца захворваннем, калі паніжаны настрой назіраецца больш за два тыдні, спалучаюцца пры гэтым разумовая, эмацыянальная і рухальная затарможанасць. А для таго, каб пазбегнуць падобных непрыемнасцяў, рухайцеся наперад па кроку, разбівайце вялікі аб'ём работы на часткі. Важныя рашэнні не прымайце ў адзін момант — абмяркуйце з кім-небудзь, паразмаўляйце, парайцеся. Знаходжанне ў адзіноце толькі ўзмацняе трывожнасць, недаверлівасць. Выкарыстоўвайце арсенал тых рэчаў, якія вам прыўзнімаюць настрой. Хадзіце пешшу, штодня прымайце любыя водныя працэдуры, каб зняць напружанне. А спіртнога і каляровых напояў паменш — нервовая сістэма вам аддзячыць.

Праблема дэпрэсіі можа быць звязана і з наяўнасцю любога хранічнага захворвання, напрыклад сардэчна-сасудзістага (у краіне сёння каля 2 млн людзей хварэюць на артэрыяльную гіпертэнзію, каля 1 млн — ішэмічную хваробу сэрца, 415 тысяч — цэрэбраваскулярныя захворванні). Невылечнае захворванне абавязкова ўплывае на нашу псіхіку. З другога боку, і стан нашай псіхікі ўплывае на вынік лячэння той жа гіпертэнзіі і стэнакардыі. Ад спецыялістаў у такім выпадку патрабуецца ўсё гэта ўлічваць, бо прымяненне тых жа
бэтаадрэнаблакатараў можа ўзмацняць дэпрэсію. Хочаце сабе дапамагчы — паведамляйце ўрачу пра падобныя праблемы.

Што рабіць, калі вы западозрылі ў сябе дэпрэсію

  • Падзяліцеся вашымі пачуццямі з чалавекам, якому давяраеце. Звярніцеся да спецыяліста, спачатку да ўчастковага тэрапеўта.
  • Працягвайце рабіць тое, што прыносіла вам некалі задавальненне, нават калі няма настрою.
  • Падтрымлівайце стасункі з сям'ёй.
  • Гуляйце, выконвайце якія-небудзь фізічныя практыкаванні.
  • Не парушайце рэжым харчавання і сну.
  • Майце на ўвазе, што любыя псіхастымулятары могуць пагоршыць сітуацыю.
  • Каб не прапусціць дэпрэсію ў свайго дзіцяці, шукайце час, каб праводзіць яго разам з ім. Заўсёды спрабуйце высветліць, што непакоіць дзіця, што адбываецца ў школе.
  • Дапамажыце ўсё гэта зрабіць таму, у каго ёсць дэпрэсія, але не забывайце пры гэтым пра сябе.
  • Дэпрэсія пасля нараджэння дзіцяці — вельмі распаўсюджаная з'ява. Ад яе пакутуе кожная шостая маладая мама, якая становіцца няздольнай выконваць паўсядзённыя справы, губляе цікавасць да ўсяго, што раней прыносіла задавальненне. Як правіла, пры гэтым з'яўляецца санлівасць або бяссонніца, трывога, нерашучасць, пачуццё віны і адчаю, думкі аб прычыненні сабе шкоды, слёзы без прычыны, прападае апетыт, зніжаецца канцэнтрацыя ўвагі, пачынае здавацца, што няма сіл даглядаць ні сябе, ні дзіця. Без адпаведнага лячэння пасляродавая дэпрэсія можа цягнуцца месяцы і нават гады. Таму рабіце ўсё, аб чым сказана вышэй, і пачынайце з візіту да ўрача.
  • Памятайце: вы або вашы блізкія могуць выздаравець, як гэта адбылося са многімі іншымі людзьмі.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Паўмесяца без настрою?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».