Вы тут

Навошта дом... без гітары?


Штораз, калі завітваю ў госці да бабулі мужа, мы з ёй разам пячом піражкі з капустай. І Таццяна Віктараўна расказвае мне розныя гісторыі з дзяцінства свайго ўнука. Найбольш мне спадабалася вось гэта. Аднойчы, калі Вову было гадоў пяць, ён сказаў: «А чаму я павінен рабіць так, як вы хочаце? Чаму я не магу рабіць так, як хачу я?»


Мне вельмі блізкі погляд на выхаванне дзяцей практыкуючага псіхолага Вячаслава Вета. Яго сыну цяпер 17. І мінулым летам пасля школы ён нікуды паступаць не стаў. «Працаваць пайшоў і ўжо сам сябе забяспечвае. Амаль ва ўсім. І ўсе вакол з гэтай нагоды вельмі нервуюцца. І ўвесь час у мяне пытаюцца: «А ты, Слава, што на гэты конт думаеш?» І, пачуўшы мой адказ, здзіўляюцца, чаму я такі спакойны і зусім не спрабую неяк на гэта паўплываць. А я насамрэч зусім не спакойны! Ведалі б яны, як мне цяжка. Трымацца той лініі, якую я выбраў калісьці ў адносінах са сваім сынам. Я быццам іду супраць нейкага цячэння. Магутнага і абсалютна ўпэўненага ў тым, што яно мае рацыю. Яна, мая сям'я, дакладна ведае, што трэба майму сыну. І ў іх няма ніякіх сумненняў. Вядома, кідаць працу! Вядома, паступаць у інстытут! Я ж думаю, што гэта не іх справа. І нават не мая. Гэта справа майго сына. І толькі яго. Гэта яго жыццё.

Я ў свой час вельмі хацеў у літаратурны інстытут паступіць. Але мой тата, калі пра гэта пачуў, так на мяне паглядзеў, што я адразу і думаць пра гэта перастаў. І пайшоў у інжынеры. Таму што «на хлеб з масліцам заўсёды хопіць». І што я цяпер, мікрасхемы распрацоўваю? Ці тэлевізары паяю? Не. Я кожны дзень пішу. І нават, бывае, ноччу. І хто з нас меў рацыю, атрымліваецца? Я ці мой тата?! Таму не ім вырашаць, як жыць майму сыну. І не мне. Няхай сам вырашае. А ад мяне патрабуецца толькі адно: ісці за сваім шчасцем. І ўсімі сіламі падтрымліваць яго ў тым, каб ён ішоў — за сваім.

Не, вядома, я мог бы пачаць на яго ціснуць, забараняць, абмяжоўваць. Але я зразумеў: што калі цяпер ён і сагнецца пад маім прэсам, то пасля гэтага ўжо ніколі не зможа мне давяраць. І перастане мяне паважаць. Не, для мяне мае адносіны з сынам у сто разоў важнейшыя, чым усе яго адукацыі разам узятыя...»

Мае сваякі некалькі гадоў таму пачалі будаваць дом за горадам. Муж кумы працаваў на высокааплатнай працы. Таму будоўля ішла даволі хутка. Але днямі я даведалася, што Алесь звольніўся з працы. Вырашыў рызыкнуць: укласці грошы ў свой кававы бізнес. Яго маці, калі даведалася, адразу ж пачала адгаворваць. Маўляў, як вы будзеце жыць? У вас жа двое дзетак. Дзе такі заробак яшчэ можна знайсці? А раптам не атрымаецца... Грошы ж укладзеныя не вернеш... «Яшчэ гады два таму я, напэўна, адрэагавала б прыкладна так, як і свякроў, — усміхаецца кума. — Цяпер жа ні на кроплю не сумняваюся, што проста абавязана падтрымаць мужа. Ну, нічога, пераедзем у дом крыху пазней. Затое мы з дзеткамі штодзень будзем бачыць побач з сабой мужа і тату з вачыма, якія свецяцца ад радасці. Бо ён рэалізоўвае сваю даўнішнюю мару».

...Некалькі месяцаў таму муж вярнуўся дадому са скруткам незвычайнай формы — штосьці беражліва было захутана ў шарсцяную коўдру. «Не чапай пакуль, — сцішыў маю цікаўнасць. — Няхай адагрэецца». Неўзабаве ён папрасіў мяне выйсці з пакоя. І праз тры хвіліны я пачула адтуль незвычайныя гукі. Калі зайшла, убачыла на зэдліку шчаслівага мужа з 12-струннай партугальскай гітарай. Якраз у гэты момант яму патэлефанаваў тата. Вова не стрымаўся і падзяліўся з ім сваёй радасцю. У адказ пачуў: «Навошта столькі грошай патраціў на гітару?.. Вы на дом лепш збірайце». На што муж адказаў: «Навошта мне дом... без гітары».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nadzіeja@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?