Вы тут

Як сустракаюць Вялікдзень у беларускіх вёсках


Вялікдзень у пасёлку і суседніх вёсках завецца Паска. Гэтае свята Дарынка любіць не менш чым іншыя. А чаго ж тую Паску не любіць, калі яна нясе з сабой столькі прыемнага, смачнага, новага.


Жы­ха­ры вёс­кі Ха­ты­ні­чы Ган­ца­віц­ка­га ра­ё­на Анд­рэй Анд­рэ­е­віч і На­дзея Ва­сі­леў­на Яра­шэ­ві­чы на Вя­лік­дзень заў­сё­ды су­стра­ка­юць  і сва­іх уну­каў, і су­сед­скіх дзя­цей, якія пры­бя­га­юць па­він­ша­ваць са свя­там.

— Мам, а мам, а калі ў гэтым годзе будзе Паска? — ходзяць следам за маці і дураць ёй галаву Дарынка з Шуркам.

— Яшчэ не скора, — адмахваецца ад іх маці. А сама ідзе да адрыўнога календара, які вісіць на адмысловым каляндарніку-палічцы. Каляндарнік знатны! Яго выразалі лобзікам з фанеры старэйшыя браты Дарынкі — Сцяпан з Мацвеем. Зверху над самім календаром знаходзіцца скрыначка для паштовак і розных квітанцый. Яна аздоблена галінкамі дрэў. З аднаго боку календара скача вавёрка, а з другога яго нібы дзяўбе дзяцел. Майстраванне размалёвана хлопцамі рознакаляровымі фарбамі і пакрыта лакам.

— Паска, дзеткі, кожны год прыпадае на рознае чысло, але ўсё роўна яна наступае ў першую нядзелю поўні, якая надыходзіць за сакавіцкім раўнадзенствам, — выдае маці пасля нядоўгага гартання лісткоў календара.

Нічога не разумеюць з гэтага паведамлення малыя, але калі маці так кажа, то так яно і ёсць, і будзе.

Калі набліжаецца Паска, у пасёлку гэта адразу становіцца і відаць, і чуваць, бо ўсе да яе рыхтуюцца: і старыя, і малыя. За два-тры тыдні амаль з кожнага двара чуецца парасячы віскат — аднасельцы забіваюць кабаноў. У Дарынчынай сям'і бацька з хлопцамі ўпраўляюцца са сваім парсюком рана-раненька, пакуль малая яшчэ спіць. А якая ж Паска без скаромнага? Або без яек? Напярэдадні свята іх спажыванне змяншаецца адчувальна: усе ведаюць, што ў вялікім рэшаце ў сенцах яны збіраюцца «на Паску».

Асаблівае месца ў штогадовым рытуале сустрэчы Вялікадня адводзіцца прыбіранню хаты. Для гэтага падбіраецца і намячаецца сонечны выхадны дзень (каб усе былі дома). З самага ранку браты выносяць на прасушку і праветрыванне хатняе начынне: матрацы, коўдры, дываны. Анюта з Дарынкай — падушкі. На працягу дня яны ляжаць на лаўках, табурэтках і некалькі разоў за гэты час пераварочваюцца. Потым іх хлопцы палкамі малоцяць-выбіваюць ад накопленага за зіму пылу.

А тым часам маці з сястрой беляць хату: маці — столь, сястра — сцены, печ, грубку. На печ і грубку пабелка гатуецца асобна — мел заліваецца кіпнем. Гэта робіцца для таго, каб ён «не браўся» за адзежу. Дарынцы пры прыгатаванні пабелкі дазваляюць падсініць яе. У шклянцы разводзяцца стрыжні хімічных алоўкаў або з маленькага пакуначка сінька. У пасудзіну з мелам абавязкова дабаўляецца малако. Для чаго гэта робіць маці, Дарынка пакуль не разумее. Хутчэй за ўсё, каб хата пахла малаком. Калі Дарынка была зусім малая, дык яна ўмудрылася бухнуць у вядро з пабелкай усю шклянку з той сінькай. Пабелка стала не сіняватай, а цёмна-сіняй, ледзь не чорнай. Прыйшлося яе зліваць і разводзіць новую. Пасля таго выпадку
Дарынчыну руку прытрымлівае маці або сястра — далей ад шкоды.

У вёс­цы Дзер­каў­шчы­на Глы­боц­ка­га ра­ё­на за­ха­ваў­ся ве­лі­код­ны звы­чай ха­дзіць у ва­ла­чоб­ні­кі. Лю­дзям ста­рэй­ша­га ўзрос­ту па­да­ба­ец­ца, ка­лі ў іх да­мы пры­хо­дзіць мо­ладзь з пес­ня­мі, па­жа­дан­ня­мі і, вя­до­ма, з тра­ды­цый­ны­мі гуль­ня­мі. Ад­на з та­кіх — ка­чан­не па­фар­ба­ва­ных яек па лат­ку аль­бо па жа­лаб­ку.

З бляшанкі з-пад кансерваў Дарынка беліць-коўзае дзверкі грубкі і самы яе ніз. Ёй яшчэ даручаюць пабяліць засланку з печы. Дарынка стараецца, уся з ног да галавы запэцкалася, нібы не грубку бяліла, а яе хтось узяў ды пабяліў. Закончыўшы сваю работу, яна бяжыць на двор — хваліцца братам і бацьку, якая яна «рабацяшчая». Яна не бачыць, як Анюта, скочыўшы з табурэткі на падлогу, падпраўляе яе пабелку-мазаніну.

— А мая ты дачушка маленькая, а мая ты гарапашніца! Ды вы тут, дзеўкі, без Дарынкі наўрад ці справіліся б, — кажа бацька, звяртаючыся да маці і сястры, зайшоўшы ў хату. Затым лезе ў кішэню свайго форменнага пінжака, які на час пабелкі здымаецца з вешалкі і захоўваецца ў шафе, і дастае цукерку. Маці з Анютай па-змоўніцку пераглядваюцца і таксама хваляць Дарынку.

— Не кажы, хлопец, мы ж бы да вечара не ўправіліся без яе помачы, — кажа маці.

Дарынка млее ад гонару і шчасця.

За бяленнем наступае чарга вокнаў. Анюта мые іх спачатку адной вадой, потым яшчэ адной, а напаследак аблівае шыбіны з конаўкі. Са двара — таксама. Калі вада сцякае, яна націрае шкло газетамі са старой падшыўкі «Чыгуначнік Беларусі». Вокны аж зіхацяць ад бляску, і за імі настае чарга падлогі, якая нібы пабелена.

Пакуль «дзеўкі» ўвіхаюцца ў хаце, на двары і на агародзе наводзяць парадак «хлопцы» — бацька і браты. Агарод зграбаецца ад старога бульбоўніка і складваецца ў кучы. Падмятаецца і двор, а смецце кідаецца да тых жа куч і спальваецца. Сінія клубы дыму валяць, уздымаюцца да неба на агародах і ў суседзяў.

Пад вечар у хату заносяцца выбітыя, высушаныя, напоеныя свежым паветрам матрацы і падушкі. Ложкі засцілаюцца ўсім чыстым.

Як утульна, як хораша ў чыстай-чысцюткай хаце! Здаецца, што яна аж звініць ад той чысціні. Саміх яе насельнікаў пасля такой гразкай і пыльнай работы чакае падрыхтаваная мужчынскай палавінай сям'і лазня.

Перад самай Паскай, у суботу, маці ў вялікай місцы замешвае цеста на кулічы, кліча пры гэтым сваіх дачок — каб глядзелі і вучыліся. Для Анюты матчына навука ўжо добра знаёмая, а вось Дарынка дапускаецца ў якасці вучаніцы першы раз. Яна старанна водзіць вачыма за кожным рухам маці і стараецца ўсё добра запомніць. «У жыцці ўсё спатрэбіцца», — прыгаворвае маці, накрываючы міску зрэбным ручніком і ставячы яе на чэран цёплай печы — каб цеста «падышло». Дарынцы з Шуркам яна даручае выразаць кружочкі з воданепранікальнай паперы для місачак-формаў рознага калібру. Потым яна іх змашчуе растопленым каровіным маслам і напоўніць цестам.

Анюта тым часам шаруе лягчэйшы вялікі чыгун, у якім звычайна варыцца бульба свінням. Чыгун гатуецца пад яйкі-крашанкі. У ім змесціцца іх некалькі дзясяткаў — каб хапіла адарыць знаёмых і сяброў сям'і. Дарынцы даручаюць паздымаць шалупінне з цыбулі — у ім будуць варыцца яйкі. Перад самым апусканнем іх у чыгун маці ў цёплым растворы вады з содай перамывае кожнае, тлумачыўшы малой дачцэ, што гэта робіцца для таго, каб яйкі роўна пафарбаваліся.

Бацька гатуе для запякання сцягно — націрае яго соллю, перцам, часнаком. Кумпяк займае месца ў чарзе ў печ — чаго там толькі ў ёй за дзень не гатуецца... За дзень да свята яна працуе з ранку да ночы, як і ўся сям'я. Вечарам, калі «ўсё пароблена», Анюта з хлопцамі збіраюцца на «ўсяночную» — у гонар Паскі яны разам з аднагодкамі будуць паліць вялізнае вогнішча «на Палянцы», а побач з ім, ужо на меншым, смажыць на арэхавых кіёчках сала і пякчы бульбу. Кіёчкі хлопцы гатуюць загадзя. Дарынка да гэтага начнога відовішча яшчэ не дарасла, і яе пасылаюць спаць. Змораная за дзень, яна ледзь цягнецца да ложка з адной думкай: «Хутчэй бы раніца. Яны ўсе апрануцца ў святочнае, у абноўкі і будуць біцца ў мацакі...»

Вяс­ко­выя дзе­ці ў ве­лі­код­ную ра­ні­цу так­са­ма хо­дзяць «па яй­кі» — гэ­так на­зы­ва­ец­ца ва­ла­чоб­ная тра­ды­цыя: хлоп­чы­кі і дзяў­чат­кі,  ка­лі пры­хо­дзяць у ха­ту, аб­вя­шча­юць пра ўваск­рэ­сен­не Ісу­са Хрыс­та  і атрым­лі­ва­юць ве­лі­код­ныя па­да­рун­кі.

А потым наступае сама Паска.

Назаўтра будзіць (як заўжды) нікога не трэба — усе падхопліваюцца самі, а Дарынка — першая. Сям'я выстройваецца на кухні, дзе маці ўжо прыгатавала зялёную міску з крашанкамі і заліла іх калодзежнай вадой. Спачатку бацькі, потым яны ўсе — дзеці, апаласкваюць твары той вадой, прыгаворваючы: «Каб жа я была ўвесь год такой здаровай, краснай і яснай, як гэтыя яйкі!» Выцершыся вышытым ручніком, усе садзяцца за святочны стол. А на ім чаго толькі няма: паляндвіца, вэнджаная і смажаная каўбасы, застыўшыя (хоць нажом рэж) у вялікіх талерках студзень і кісель, марынаваныя і квашаныя грыбы, капуста, агуркі, яблыкі... А ў цэнтры стала — талеркі з крашанкамі і пахучымі кулічамі. З іх, а яшчэ з гульні «ў біткі» абавязкова пачынаецца святочная трапеза. А яшчэ са слоў маці, якая, сядаючы на сваё месца, казала: «Дай, Божачка, каб увесь год у нас такі стол быў!»

Пасля святочнага сняданку ўсе разыходзяцца па сваіх справах: хлопцы бягуць да сяброў, сястра да сябровак, а маці з бацькам ідуць на вуліцу. Там толькі і чуваць: «Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!». Гэта суседзі вітаюць адно аднаго і пры гэтым тры разы цалуюцца. Лаўкі каля кожнага двара заняты «пад завязку». Іх не хапае, і людзі выносяць з хат табурэткі, а некаторыя і сталы. Хтосьці іграе на гармоніку, хтосьці зацягвае песню, іншыя танцуюць, а аматары іграць у даміно, карты, шашкі гуртуюцца побач.

А Дарынка? Ого! Колькі ў яе спраў у гэты дзень! Па-першае, ёй трэба сустрэцца з закадычнымі сяброўкамі і абмяняцца з імі крашанкамі, а яшчэ ж і рознымі выразкамі-малюнкамі для іх самаробных альбомаў. Па-другое, неадкладна «злётаць да канавы» па букеты. Каля яе да Паскі кожны год расцвітаюць зязюлькі і сон-трава — першыя веснавыя кветкі. Па-трэцяе, ёй жа яшчэ паспець разам з меншым братам «за пераезд» — да хроснай. Маці пазней наладуе ім кошык з крашанкамі, кулічом і іншымі прысмакамі і адправіць іх яе адведаць і павіншаваць са святым Вялікім днём — Паскай. Дарынка і ёй падорыць першы веснавы букецік. А хросная маці ў адказ таксама наладуе сваім хрэснікам кошык з гасцінцамі і сярод іх, акрамя крашанак і куліча, абавязкова будуць незвычайныя падарункі з горада, бо яна ж у іх працуе не абы-кім, а правадніцай.

Вой, які ж слаўны дзень гэты Вялікдзень!

Раіса Дзейкун

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Паска

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.