Вы тут

Сын франтавіка шукае нямецкіх мастакоў


Сын франтавіка шукае нямецкіх мастакоў, чые карціны ўжо сем дзесяцігоддзяў упрыгожваюць бацькоўскі дом.

Інтэр'ер звычайнай вясковай хаты пад Гомелем хутчэй нагадвае карцінную галерэю. На старых, яшчэ даваенных сценах, паклееных просценькімі шпалерамі, — партрэты і пейзажы, напісаныя нямецкімі мастакамі. Не Дзюрэрам і Рыхтэрам, вядома, але на аматарства гэта мала падобна...


Парт­рэт баць­кі, на­пі­са­ны ня­мец­кім мас­та­ком, —  ад­на з га­лоў­ных ся­мей­ных рэ­лік­вій сям'і Нар­та­вых.

Гаспадар «карціннай галерэі» Міхаіл Нартаў ведае толькі тое, што аўтарамі палотнаў з'яўляюцца ваеннапалонныя немцы, якія пасля Вялікай Айчыннай вайны ўтрымліваліся ў адным з гомельскіх лагераў. Старшым інжынерам планава-вытворчага аддзела пры лагеры працаваў яго бацька. Але перш Аляксей Нартаў сустракаўся з немцамі пры іншых абставінах...

— У 1943 годзе, пасля заканчэння Растоўскага артылерыйскага вучылішча, бацька трапіў на фронт, — расказвае Міхаіл Нартаў. — Быў камандзірам мінамётнага ўзвода. У складзе 65-й арміі 2-га Беларускага фронту пад камандаваннем Маршала Перамогі Канстанціна Ракасоўскага дайшоў да Германіі. Пры фарсіраванні ракі Одэр у лютым 1945-га быў цяжка паранены. Не адчуваў ні рук, ні ног. Казаў, што і хацеў бы застрэліцца, але не мог — быў як паралізаваны.

У шпіталі жанчына-хірург цудам захавала яму нагу: з такім раненнем пазбегнуць ампутацыі было амаль немагчыма. Але ўрач рызыкнула, і Аляксей Нартаў зноўку вучыўся хадзіць. На працягу ўсяго жыцця моцныя болі ў назе, а таксама ордэны Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў нагадвалі яму пра той бой на Одэры.

Аляксея Нартава не камісавалі, але і вайна хутка скончылася. З ліпеня 1945-га працаваў пры лагеры ваеннапалонных. У той жа час аднаўляў разбураны фашыстамі Гомель, у тым ліку «Гомсельмаш».

На новабудоўлях працавалі і палонныя немцы. Па словах сына Аляксея Нартава, эсэсаўцаў сярод іх не было. У лагеры ўтрымліваліся звычайныя працаўнікі: цесляры, сталяры, будаўнікі. Былі сярод іх і прадстаўнікі нямецкай інтэлігенцыі: настаўнікі, урачы, мастакі. Колішнія франтавікі ставіліся да іх больш-менш лаяльна. Ваеннапалонныя нават свабодна хадзілі па горадзе, у вольны час займаліся тым, чым хацелі.

— Бацька пасябраваў з нямецкімі мастакамі, — гаворыць Міхаіл Нартаў. — Нават даставаў для іх фарбы, пэндзлі... У якасці палатна яны выкарыстоўвалі будаўнічыя матэрыялы. І трэба сказаць, карціны ў добрым стане і сёння. Нават фарба не патрэскалася!

Колькі Міхаіл Нартаў сябе памятае, у бацькоўскай хаце заўсёды былі гэтыя карціны. У 1948 годзе лагер расфарміравалі, ваеннапалонных адпусцілі дамоў. Але перш чым з'ехаць на радзіму, мастакі падарылі некалькі карцін Аляксею Нартаву. А яшчэ — зробленыя ў лагеры шафу, тумбачкі, этажэркі, шкатулкі.

На дзвюх кар­ці­нах мас­так па­кі­нуў аў­то­граф...

Такія падарункі ў той час мелі многія супрацоўнікі лагера, па меншай меры тыя, хто па-добраму ставіўся да ваеннапалонных. Ёсць адна карціна, напісаная немцам, і ў Ноны Паткевіч, якая працавала ў харчовай службе лагера.

Зімні пейзаж — дагэтуль у хатнім інтэр'еры. Паглядзіць на яго жанчына і прыгадвае той час, калі вярнулася ў родны Гомель з эвакуацыі. Тады ўладкавацца на работу было складана, вось і пайшла ў лагер. Працавала там тры гады, пакуль яго не расфарміравалі.

Для Нартавых напісаныя немцамі карціны — сямейная рэліквія. Асабліва дарагія для іх партрэты бацькоў, якія засталіся ў памяці менавіта такімі: маладымі і шчаслівымі.

На жаль, імёны мастакоў сёння не вядомыя. Аб асобе аднаго з іх сведчыць толькі подпіс, пакінуты на дзвюх карцінах. Праўда, неразборліва. Міхаіл Нартаў ужо не адзін год вядзе пошукі нямецкіх мастакоў або іх нашчадкаў.

— Магчыма, на радзіме іх добра ведаюць, — мяркуе ўладальнік карцін. — Калі тыя ўжо пайшлі з жыцця, то добра было б звязацца з іх нашчадкамі. Можа, ім будзе цікава даведацца пра жыццё сваіх продкаў у савецкім палоне. Мне здаецца, што гэтыя карціны могуць дапамагчы разгадаць некаторыя таямніцы...

Ці, можа, іх разгадаюць людзі? Калі раптам у вашай сям'і або знаёмых захоўваюцца карціны невядомых нямецкіх мастакоў і вы ведаеце больш пра іх аўтараў, просім звязацца з рэдакцыяй.

Вераніка КАНЮТА

kаnуutа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Безназоўныя рэліквіі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».