Вы тут

Нацюрморт з характарам


Мастацтва праз адзнаку «Мастацтва кнігі»


У мастацкай галерэі «Акадэмія» Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў 16 студзеня адбылася прэзентацыя цудоўнага альбома Аляксандра Зінкевіча «Беларускі нацюрморт. 1960 — 2010». Выданне было адзначана на 56-м Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі» ў намінацыі «АРТ-кніга» дыпломам першай ступені. Вітаючы аўтара, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў кандыдат мастацтвазнаўства Міхась Баразна падкрэсліў, што нацюрморт — гэта адзін з вянцоў беларускага мастацтва, і нагадаў, што гэты год для беларускай культуры асаблівы: 500 гадоў назад Францыск Скарына выдаў першую беларускую кнігу.

Аляксандр Зінкевіч бліскуча скончыў аддзяленне графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, магістратуру, аспірантуру, і, нягледзячы на малады ўзрост, яго добра ведаюць і як мастака, і як даследчыка мастацтва, і як дырэктара Палаца мастацтва. Усе яркія мастацкія праекты апошніх гадоў не абыходзяцца без ягонага непасрэднага ўдзелу. Але, як засведчыў Аляксандр Зінкевіч у сваім яркім уступным слове, кніга «Беларускі нацюрморт» для яго вельмі асабістая. Ён гадаваўся ў асяроддзі мастакоў і многіх аўтараў ведаў з малых гадоў, а выдадзены за савецкім часам альбом, дзе прадстаўлены беларускія нацюрморты, быў... ягоным аднагодкам. Сам час вымагаў сабраць і паказаць не толькі нам, беларусам, але і ўсяму свету, што ж было зроблена за апошнія гады ў жанры нацюрморта — ці не самым на сёння мабільным жанры.

Праца каласальная. Першапачатковая віртуальная калекцыя ілюстрацый уключала каля 2000 твораў. А часавыя рамкі стварэння адабраных у выніку нацюрмортаў шырэйшыя за тыя, што пазначаны на вокладцы. Такім чынам, ёсць магчымасць пазнаёміць чытачоў і з традыцыямі, і з сучаснымі тэндэнцыямі, адчуць, як змяняўся час, а разам з ім — мастацтва.

На прэзентацыі выступалі і мастакі, і навукоўцы: А. Зіменка, У. Савіч, В. Герасімаў, У. Зінкевіч ды іншыя. Але вельмі каштоўныя адкрыцці можна зрабіць, уважліва і з насалодай пагартаўшы старонкі новага выдання. Аўтар, хоць і кіраваўся ўласным густам, здолеў паказаць аб’ектыўны зрэз рэальнасці. Па-першае, выразна відаць, што беларускі нацюрморт — гэта нацюрморт з характарам. Нацюрморты Ядзвігі Раздзялоўскай спеўныя, у Гаўрылы Вашчанкі — пафіласофску разважлівыя, у Рыгора Сітніцы — па-паляшуцку заглыбленыя... У архетыпавых знаках нацюрмортаў Уладзіміра Клімушкі міжволі заўважаеш грамадзянскі падтэкст, а ў творах маладой мастачкі Алесі Скарабагатай у звычайных рэчах выяўляецца ледзь улоўнае наяве містычнае святло... Па-другое, упершыню побач з жывапісам, графікай як раўнапраўнае прадстаўлена фотамастацтва. І, разглядаючы нацюрморты Міхася Баразны, разумееш, што сёння фотамастак адкрывае для нас новы, нечаканы погляд на рэчы. Ёсць у альбоме нацюрморты, выкананыя з дапамогаю новых сучасных камп’ютарных тэхналогій. І, нарэшце, аўтар вельмі далікатна, інтэлігентна і прафесійна прэзентуе ў альбоме творчыя дынастыі і творчыя дуэты: Анатоль Бараноўскі, Алена Бараноўская і Віталь Герасімаў; Юлія Мацура і Піліп Басалыга, Валянціна Сідарава і Уладзімір Зінкевіч ды іншыя.

Кніга, на старонках якой зафіксаваныя лепшыя здабыткі беларускіх мастакоў у жанры нацюрморта за апошнія гады, кніга з арыгінальным макетам і грунтоўным уступным артыкулам на трох мовах, несумненна, дапаможа прэзентаваць сучаснае беларускае мастацтва як для нашых суайчыннікаў, вучняў, студэнтаў, так і за мяжою. Менавіта нацюрморт можа стаць ключом для разумення нашай ментальнасці, нашай душы і нашага часу.

Галіна БАГДАНАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.