Вы тут

У жывой атмасферы


Як маладыя аўтары адчуваюць прыроду?


Марыя Ласьмакова «Пейзаж. Віцебск, дзве царквы. Дзвіна».

Калі падчас прагляду культурнай афішы Мінска мы заўважаем, што ў пэўным месцы будзе ладзіцца мастацкая выстаўка студэнцкіх работ, то хутчэй пераключаемся на іншае, больш маштабнае мерапрыемства. Аднак дарэмна. Як паказвае практыка, моладзь імкнецца быць абсалютна непадобнай да старэйшага пакалення, а іх крэатыўныя ідэі ўсё часцей знаходзяць дастаткова вялікую аўдыторыю. Для маладых мастакоў арганізоўваюць спецыяльныя праекты, пленэры. Напрыканцы сакавіка ў галерэі «Панарама» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрылася выстаўка пленэрных работ навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя Аляксея Глебава «Пленэр-2016».

Той самы выпадак, калі разглядаеш выстаўку і разумееш: тут няма ніводнага знаёмага аўтарскага почырку. За кошт гэтага фактару пачынаеш разглядаць экспазіцыю праз прызму нават не мастацкага досведу, а глыбіні твораў. На выстаўцы прадстаўлены творы студэнтаў, якія любяць і шануюць радзіму, праслаўляюць яе прыгажосць праз мастацкія кампазіцыі.

Штогод студэнты-мастакі выязджаюць на пленэры ў розныя жывапісныя куткі Беларусі і іншых краін. Летась практыка ў маладых творцаў праходзіла ў гістарычна значных мясцінах нашай рэспублікі, такіх як Нясвіж, Полацк, Ружаны, Брэст, Віцебск, краявіды якіх і адлюстраваныя на палотнах. Мноства складаных твораў было напісана і падчас удзелу студэнтаў у міжнародных пленэрах у Татрах (Славакія), Санкт-Пецярбургу, Варонежы, Астрахані. Сёння гэтыя творы аб’яднаныя ў адну вялікую калекцыю.

Але найбольшую частку складаюць усё ж беларускія пейзажы. Аўтары, трапляючы ў жывую атмасферу, вучацца не парушаць яе ў творах, фіксуюць самыя непрыкметныя дробязі, без якіх губляецца эстэтыка. Дарэчы, мастак — тонкі псіхолаг, разумее, што чалавек не заўсёды ўспрымае прыгажосць вакол сябе, таму на палатне падкрэслівае яе колерам, выразнымі лініямі.

Маладыя мастакі існуюць у дынамічным тэмпе, таму іх творы, нават лірычныя, усё роўна напоўненыя дзёрзкімі, эмацыйнымі адценнямі. Прадстаўленыя кампазіцыі дэманструюць яркі ўнутраны свет кожнага творцы, іх жаданне бачыць свет не шэрым, звычайным, а наадварот, упрыгожыць яркімі адценнямі. Як адзначаюць самі студэнты, пленэры даюць унікальную магчымасць не толькі раскрыць новыя грані асабістых здольнасцяў, павысіць прафесіяналізм і творчую самастойнасць, але і дакрануцца да прыгажосці роднай зямлі, пра якую можна забыцца ў мітусні будзённасці.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?