Вы тут

Як пакаштаваць экзатычныя стравы, не выходзячы з дому


У гэту нядзелю на «Беларусь 1» вяртаецца абноўленая праграма «Кулінарная дыпламатыя», у якой беларусы не толькі знаёмяцца з нацыянальнымі кухнямі і традыцыямі розных краін, але і могуць зірнуць па-новаму на саміх сябе — вачыма паслоў гэтых краін, якія пэўны час жывуць і працуюць у нашай рэспубліцы.

Першыя два сезоны праекта, сцвярджаюць у Белтэлерадыёкампаніі, мелі вялікі поспех сярод гледачоў і ўдзельнікаў, таму гастранамічнае падарожжа вырашана было працягнуць.


«У кож­най пра­гра­ме раб­лю для ся­бе ад­крыц­ці, і не толь­кі ку­лі­нар­ныя», — пры­зна­ец­ца тэ­ле­вя­ду­чая Юлія Пяр­цо­ва.

Што змянілася ў «Кулінарнай дыпламатыі» ў новым сезоне? Перш за ўсё, вядучая — на змену Ларысе Гулякевіч прыйшла журналіст Агенцтва тэленавін Юлія Пярцова. Акрамя таго, цяпер праграма мае выразны сямейны ўхіл: на тэлевізійную кухню-студыю паслы замежных дзяржаў з задавальненнем прыходзяць з жонкамі і дзецьмі, а творчая група праекта дапаўняе кулінарную частку сюжэтамі пра ўдзельнікаў або гісторыка-культурныя каштоўнасці краін, якія яны прадстаўляюць. У студыі з'явілася дэгустацыйная зона, якая яшчэ больш збліжае ўсіх удзельнікаў за адным сталом. Дзеля ажыўлення праграмы абяцаюць забаўляльныя элементы — фокусы, танцы, песні... Ну і, вядома, практычна кожны госць дзеліцца ўласнымі ўражаннямі пра Беларусь — і, як заўважае вядучая, акрамя звыклых кампліментаў чысціні, давялося пачуць шэраг нечаканых гісторый. Прыкладам, пасол Славакіі ў Беларусі расказаў, як дыпламатыя дапамагае яму ў стасунках з гандлярамі на Камароўскім рынку, дыпламаты з Паўднёвай Карэі ці не кожны тыдзень бываюць у Вялікім тэатры оперы і балета і захапляюцца ўзроўнем нашых артыстаў, а кіраўніка дыпмісіі Эквадора прыемна ўразіла сумленнасць нашых суайчыннікаў і бяспека на вуліцах.

Пасол Літвы Андрус Пулокас — менавіта ён разам з жонкай адкрывае новы дыпламатычна-кулінарны сезон на «Беларусь 1» — здзівіў здымачную групу добрым веданнем салігорскіх шахтаў, якія лічыць турыстычнай «фішкай» нашай краіны, дружалюбнай «свойскасцю», далікатнасцю і ўпэўненасцю на кухні, што ўласціва далёка не кожнаму мужчыну. Наогул, нягледзячы на высокія статусы і рангі, ніхто з удзельнікаў не адмовіўся пакухарыць пад прыцэлам тэлекамер і расказаць не толькі пра нацыянальныя стравы, але і пра ўласны лад жыцця. Калі ж ёсць нейкія закрытыя для размовы тэмы, пра іх папярэджваюць загадзя.

— Якая з ужо адзнятых праграм найбольш запомнілася? — перапытвае Юлія Пярцова, пакуль накладваюць грым, рэквізітары і памочнікі на кухні раскладваюць неабходныя інгрэдыенты, а мы чакаем сённяшняга госця. — Ведаце... усе! Літва, Палесціна, Таджыкістан, Фінляндыя, Эквадор, Карэя, Славакія, Эстонія — кожны выпуск, як маленькае падарожжа ў пэўную краіну, можна нават на карце свету адзначаць, дзе мы «пабывалі». І кожны чымсьці ўражвае па-свойму. Для мяне, напрыклад, было адкрыццём, што заяўлены эквадорскі рэцэпт здаваўся вельмі экзатычным — крэветкі, мноства спецый — а ў выніку аказалася, што прыгатаваць гэту страву можна на звычайнай кухні, і нават часу спатрэбіцца няшмат. Кухня Палесціны здзівіла наяўнасцю ў ёй... звычайных пельменяў! Праўда, з некаторымі нюансамі — фарш палесцінцы папярэдне абсмажваюць, а самі пельмешкі вараць у кефіры, прычым ёсць свае хітрыкі, каб ён не звярнуўся, — атрымліваецца нязвыкла, але насамрэч вельмі смачна.

Спе­цыі і вэн­джа­нае са­ла, а так­са­ма «сак­рэт­ны ін­грэ­ды­ент» —  ка­пус­ны ра­сол — ва ўме­лых ру­ках дып­ла­ма­тыч­най сям'і зу­сім хут­ка  ста­нуць ас­но­вай фір­мен­най ве­ра­шча­кі.

— Ці ўзялі вы нейкі «дыпламатычны» рэцэпт для сваёй сямейнай кухні?

— Усе ўзяла, бо насамрэч іх усе рэальна прыгатаваць дома. Нават таджыкскі плоў пры веданні некаторых нацыянальных «сакрэтных ключыкаў», якімі з намі падзяліўся спадар пасол, на вашай кухні атрымаецца самы сапраўдны — так што глядзіце праграму, не пашкадуеце! А я ў найбліжэйшы час, калі прыйдуць у госці сябры, парадую іх якой-небудзь экзатычнай стравай з дыпламатычнай кухні.

А яшчэ «Кулінарная дыпламатыя» развее некаторыя міфы. Так, многія беларусы ўпэўнены, што да нас завозяць толькі кармавыя бананы. Ці ядуць такія ў Эквадоры і ці ўсе бананы падыходзяць для смажання, або наколькі распаўсюджаная на беларускіх кірмашах «карэйская морква» насамрэч мае дачыненне да Карэі — пра гэта вядучая і гледачы даведаюцца, што называецца, з першых вуснаў.

— Наколькі складана было прыйсці ва ўжо існуючую праграму і прыўнесці ў яе штосьці сваё? Гледачы ж прывыклі да манеры Ларысы Гулякевіч...

— У мяне ёсць такая асаблівасць — схільнасць парадзіраваць убачанае, таму спецыяльна не праглядаю ранейшыя выпускі «Кулінарнай дыпламатыі», каб міжволі нешта не скапіраваць. А з Ларысай мы сябруем, і яна папярэджвала, што «раскрыць» дыпламатаў бывае даволі няпроста. Але з іншага боку, гэта вельмі ўзбагачае: ты атрымліваеш новыя ўражанні, даведваешся пра некаторыя нераскручаныя, але надзвычай цікавыя турыстычныя мясціны, бачыш сябе вачыма іншаземцаў, а калі ўдаецца знайсці кантакт, то нават моўны бар'ер знікае. Часам мы настолькі разнявольваемся, што нібыта сапраўды знаходзімся на кухні як старыя добрыя сябры, і толькі потым спахапляешся: гэта ж дыпламат! Да нас жонка пасла Паўднёвай Карэі прыйшла з перакладчыкам: па-за кадрам мы размаўлялі на англійскай (Юлія — лінгвіст, перакладчык па адукацыі. — Аўт.), а падчас здымак — маё пытанне, пераклад, яе адказ, пераклад... І так мы разгаварыліся, што я задаю наступнае пытанне пра Беларусь і яе ўражанні, а яна, не чакаючы перакладу, пачынае адказваць. Ва ўсіх лёгкі ступар, а госця ўсміхаецца: «Я ўсё зразумела».

Зды­маць сма­жа­нае са­ла буй­ным пла­нам — тое яшчэ вы­пра­ба­ван­не для апе­ты­ту!

...У студыю прыбылі ўдзельнікі сённяшняй праграмы — кіраўнік славацкай дыпмісіі з сям'ёй і... кошыкам прадуктаў, сабраных «на ўсякі выпадак». Насамрэч патрэбныя для выбраных страў інгрэдыенты тэлевізійнікі рыхтуюць напярэдадні, але часам рэцэпт змяшчае вельмі ўжо рэдкія і незвычайныя складальнікі — тады госці прыносяць іх з сабой, а гледачам расказваюць, чым можна гэта замяніць. «Вельмі ўразіў наш госць з Фінляндыі прадуктамі, якія фіны традыцыйна выкарыстоўваюць у кулінарыі. Ён прынёс з сабой ягады ядлоўцу, з якіх робіцца смачны соус, і адзін неймаверны прадукт з хвоі — высыпаючы яго з пакеціка, я чакала ўбачыць шышкі ці нешта такое, а ўбачыла... пух. Як высветлілася, гэта высушаныя і здробненыя маладыя пабегі елак, якія выкарыстоўваюцца ў кулінарыі. А яшчэ мы гатавалі з фінскім госцем слабасалёнага ласося пад лакрычным марынадам, для чаго выкарыстоўваліся лакрычныя цукеркі са спецыяльным водарам дзёгцю — у іх не адчуваецца гэты спецыфічны лакрычны смак, што многім не даспадобы. Мы таксама сумняваліся, што атрымаецца, а потым за кадрам усё каштавалі і каштавалі той соус, пасля праграмы літаральна за хвіліну ўсё з'елі», — смяецца Юлія Пярцова.

Пабываўшы на тэлекухні, пацвярджаем: тут няма муляжоў, усё, ад молатых спецый да малака ў слоіку, сапраўднае і свежае. «М-м-м, — прынюхваецца вядучая то да сушаных белых грыбоў, то да вэнджанага сала, — які водар, ашалець можна!» — «Цярпі, Юля, да канца здымак», — глытаюць слінку рэдактары, і вядучая, хуценька зрабіўшы маўленчую размінку, запрашае дыпламатаў кашаварыць. Зрэшты, нягледзячы на буйства ядомых фарбаў і водараў, за некалькі гадзін, што запісваецца 25-хвілінны выпуск, героі часам настолькі захапляюцца гаворкай, што забываюцца пра ўсё астатняе, і толькі сярдзітае пыхканне каструлек вяртае ў рэальнасць. Шкада, што ў хранаметраж праграмы трапяць далёка не ўсе філасофска-сур'ёзныя, забаўныя і кранальныя моманты, якія адбываюцца на здымках — але, мабыць, галоўнае, каб гатовая «страва» прыйшлася даспадобы гледачам.

Пакаштуйце!

Рэцэпты ад пасла Літвы ў Беларусі Андруса Пулокаса.

Літоўскі халаднік

Спатрэбіцца: 2 буракі, 2 калючыя агуркі, 1 літр кефіру, 3 курыныя яйкі, 5—6 бульбін, па 1 пучку цыбулі і кропу, 3 ст. лыжкі смятаны, соль на смак. Буракі адварыць і нацерці на буйной тарцы. Агуркі, кроп і зялёную цыбулю здрабніць, усё скласці ў каструлю, перамяшаць, заліць кефірам і пасаліць. Перад падачай у талеркі кладуць парэзанае на чацвярцінкі яйка, смятану і зяленіва, а асабліва смачны літоўскі халодны боршч з варанай гарачай бульбай.

Торт «Гультай»

Спатрэбіцца: 4-5 пачкаў любога пясочнага пячэння, 250 грамаў сметанковага масла (пажадана тлустасцю 82%), плітка шакаладу, 1 бляшанка згушчонкі, 3—6 ст. лыжак какавы, 2 пачкі арэхаў (фундук або міндаль), 2 ч. лыжкі распушчальнай кавы, 50—100 грамаў кававага лікёру. Пячэнне дробна паламаць, растопленае масла змяшаць са згушчонкай і какавай, дабавіць падсмажаныя арэхі, каву, лікёр, здробнены шакалад. У атрыманую масу высыпаць пячэнне, зноў добра перамяшаць, завярнуць у фольгу і прыдаць пэўную форму. На ноч торт пакінуць у халадзільніку, а перад падачай парэзаць.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

tselyashuk@zviazda.by

Загаловак у газеце: Абед з дыпламатам

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.