Вы тут

Што могуць прапанаваць раённыя камісіі па працаўладкаванні?


З канца сакавіка ў раёнах пачалі дзейнічаць камісіі па працаўладкаванні. Кожны будны дзень кіраўніцтва выканкама, спецыялісты службы занятасці і начальнікі прадпрыемстваў вядуць прыём — разбіраюцца ў складаных жыццёвых сітуацыях і спрабуюць падабраць грамадзянам падыходзячыя вакансіі. Што часам няпроста: адных не бяруць за прагулы, у іншых няма кваліфікацыі... За работай такой камісіі мы паназіралі ў Барысаўскім раёне, дзе ледзь не самая вялікая напружанасць на рынку працы — на адну вакансію прэтэндуе амаль чатыры чалавекі.


У ча­кан­ні ра­бо­ты.

«На разбітых ЗІЛах працаваць не буду»

— Хто ў чарзе апошні?

Пад дзвярыма, дзе засядае камісія, з раніцы сабралася з дзясятак чалавек. Некаторыя прыйшлі на прыём не першы раз.

— Вы далі мне накіраванне на Жодзінскую ЦЭЦ. А там сказалі, што на вакансію прыбіральшчыцы шмат чалавек прэтэндуе. Пасля сумоўя так і не пазванілі, — ужо ў кабінеце камісіі дзеліцца праблемай маладая жанчына.

Сітуацыя ў Надзеі няпростая. Трое маленькіх дзяцей, муж кінуў, бацькі памерлі. Работы няма: без кваліфікацыі жанчыну нікуды не бяруць. Жыве на адрасную сацыяльную дапамогу і рэдкія аліменты ад былога сужэнца, якога цяпер адправілі ў папраўчую калонію.

Кіраўнік спраў Барысаўскага райвыканкама Павел ЖУГА, выслухаўшы, тэлефануе на адно з прадпрыемстваў:

— У вас там вакансіі прыбіральшчыцы ёсць? А яшчэ якія-небудзь рабочыя прафесіі для жанчын? — і, пачуўшы ў трубцы адмоўны адказ, звяртаецца да Надзеі: — На сёння можам прапанаваць толькі вакансію рабочага па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Будзеце агароджы фарбаваць, азеляненнем займацца. Заробак, вядома, невялікі, 265 рублёў... А па якіх спецыяльнасцях перанавучанне ў цэнтры занятасці ёсць?

— Цырульнік, кухар. У красавіку якраз групы набіраем, — падказвае начальнік аддзела садзейнічання працаўладкаванню ўпраўлення па працы, занятасці і сацабароне выканкама Аксана МАЁРАВА.

Падумаўшы, Надзея згаджаецца пайсці вучыцца на кухара. Усё ж такі са спецыяльнасцю больш шанцаў уладкавацца.

Васіль Арсенцьевіч, мужчына ўжо не малады, таксама прыйшоў на паўторны прыём. Па накіраванні на малочны камбінат яго не прынялі: «пабаяліся, што не на тую кнопку націсну». Па адукацыі Васіль Арсенцьевіч інжынер-механік. Працаваў і ў дарожным будаўніцтве, і ў транспарце, і на мясакамбінаце. Адусюль сыходзіў, бо «прадпрыемствы развальваліся». Апошні запіс у працоўнай кніжцы — за 2011 год: звольнены за прагул. «Мне ў Смаленск трэба было ехаць у заробкі, а кіраўніцтва не адпускала», — апраўдваецца мужчына і дадае, што з таго часу ён так і працаваў па дагаворах у Расіі.

Пагартаўшы прапановы ў банку вакансій, камісія вырашае, што найлепшы варыянт — прафесія кіроўцы. Балазе, належная катэгорыя і вопыт у мужчыны ёсць.

— У аўтапарк пойдзеце? — прапануюць беспрацоўнаму вакансію з заробкам у 500 рублёў.

— На разбітых ЗІЛах? Адмаўляюся.

— А ўвогуле кіроўцам працаваць будзеце?

— Не, я ўжо стары для гэтай прафесіі.

Былі і іншыя варыянты, але Васіль Арсенцьевіч застаўся непахісным. У выніку незадаволены і па-ранейшаму беспрацоўны выскачыў з кабінета.

— У асноўным такая катэгорыя грамадзян на прыём і прыходзіць, — заўважае Павел Іванавіч. — Звольненых за прагулы ці распіццё алкаголю цяпер нават дворнікамі не хочуць браць. І наймальніка можна зразумець: а што, калі чалавек зноў на работу не выйдзе?

Быццам у пацвярджэнне гэтых слоў у дзвярах паказваецца наступны саіскальнік. Аляксандр Іванавіч толькі выйшаў з лячэбна-працоўнага прафілакторыя. Кажа, вылечыўся.

— Прыбіральшчыкам дваровых тэрыторый пойдзеце? — сёння гэта, бадай, самая папулярная прапанова.

— Пайду. А жонцы накіраванне выпішаце? — клапоціцца мужчына пра сужыцельку, якая таксама выйшла з ЛПП.

Кі­раў­нік спраў Ба­ры­саў­ска­га рай­вы­кан­ка­ма Па­вел ЖУ­ГА піль­на вы­ву­чае  пра­цоў­ную кніж­ку кож­на­га.

Работнікаў чакае калгас

У складзе Барысаўскай камісіі — тры чалавекі. «Бачыў, што ў некаторых раёнах па 15 за сталом збіраецца, але навошта так шмат? — лічыць Павел Іванавіч. — Калі патрэбна нейкая інфармацыя, сазвоньваюся з дзяжурным урачом, РУУС».

Маладая мама Юлія аб камісіі даведалася ад выхавацелькі ў дзіцячым садку. І вырашыла звярнуцца па дапамогу. Разам з сям'ёй яна прыехала ў Барысаў з іншай вобласці: мужа перавялі служыць у Печы.

— У мяне адукацыя эколага-агранома. Але ў калгасе працаваць не змагу. Дзіця з садка забіраць трэба (сваякоў у Барысаве няма), таму шукаю графік з 8 да 17 гадзін, — тлумачыць сваю сітуацыю жанчына з акуратным манікюрам.

Літаральна праз пару хвілін вакансію падабралі — ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання выканкама якраз аказалася месца для такога спецыяліста.

26-гадовы Дзяніс работу шукае ўжо месяц, але беспаспяхова. Хлопец мае спецыяльнасць электрагазазваршчыка 2-га разраду. Пасля вучылішча працаваў у Расіі на будоўлях. Цяпер жонка Дзяніса чакае дзіця, таму ён хоча ўладкавацца ў Беларусі.

— Я яшчэ слесарам-сантэхнікам магу быць. І грузчыкам гатовы пайсці, — запэўнівае хлопец.

Вакансію зваршчыка для Дзяніса знайшлі ў калгасе. Праўда, не ў самім Барысаве. «Гэта ў вёсцы Кішчына Слабада, — уводзіць у курс справы Павел Іванавіч. — Туды кожны дзень аўтобус ходзіць з вакзала. Нармальная, моцная гаспадарка. Абмяркуеце з дырэктарам і ўмовы, і заробак».

Тым, у ка­го ня­ма ква­лі­фі­ка­цыі,  пра­па­ну­юць іс­ці ра­бо­чы­мі па доб­ра­ўпа­рад­ка­ван­ні тэ­ры­то­рыі.

Слесары? Толькі 6-га разраду

За чатыры тыдні, што працуе камісія, на прыём звярнулася пад 500 чалавек. «Прыходзяць да нас вуліцамі — суседзі адно аднаму раяць», — усміхаецца вядучы спецыяліст аддзела працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацабароне выканкама Таццяна ХАЦКЕВІЧ.

Чаму такі ажыятаж? У прынцыпе са свабоднымі месцамі ў раёне можна азнаёміцца і самастойна (уся інфармацыя ёсць у Агульнарэспубліканскім банку вакансій), да таго ж дапамогу аказвае служба занятасці.

— Прычына ў тым, што мы выдаём накіраванне, з якім чалавека абавязаны ўзяць на работу. Вядома, калі ён адпавядае кваліфікацыі, — мяркуе Павел Жуга.

Кіраўнік спраў выканкама дадае, што складаней за ўсё ўладкаваць тых, хто сам не ведае, якую працу шукае. «Да нас мужчына на прыём прыходзіў, яму тры гады да пенсіі засталося. У працоўнай кніжцы — 78 запісаў! Больш за тры месяцы ён ні на адным прадпрыемстве не затрымаўся. Расказваў, што яго ніхто не цэніць».

Усяго ў Барысаўскім раёне адкрыта каля 460 вакансій. Заробак у асноўным да 400 рублёў. Самыя запатрабаваныя спецыялісты — урачы (каля 100 месцаў) і медсёстры (60). Складана закрываюцца вакансіі ў сельскай гаспадарцы: не хапае галоўных заатэхнікаў, ветурачоў, аграномаў. У прамысловасці ёсць прапановы для токараў, шліфоўшчыкаў, слесараў. Але пажадана мець 6-ы разрад.

А вось некваліфікаваныя рабочыя амаль не патрэбны. Вакансіі грузчыкаў закончыліся яшчэ тры тыдні таму. Дворнікі цалкам укамплектаваны, санітарак і прыбіральшчыкаў таксама дастаткова.

Раённыя камісіі па працаўладкаванні будуць дзейнічаць да канца красавіка.

— Прэзідэнт сказаў: ва ўсіх павінна быць работа. Мы выконваем задачу, — падсумоўвае Павел Іванавіч. — Калі чалавек хоча працаваць — прапаноўваем варыянты.

Афіцыйна

З пачатку года пры садзейнічанні дзяржаўных службаў занятасці ў краіне было працаўладкавана амаль 34 тысячы чалавек. Адметна, што ў сакавіку работу знайшлі 14,7 тысячы чалавек — гэта максімальны сакавіцкі паказчык з 2013 года.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubnеuskауа@zvіаzdа.bу

Мінск — Барысаў — Мінск

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: «Вакансіі грузчыкаў ужо разабралі»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».