Вы тут

Лакаматыў — міжрэгіянальнае супрацоўніцтва


Кітайская правінцыя Хунань будзе развіваць адносіны з Магілёўскай вобласцю.

Гэты месяц багаты на візіты дэлегацый з Паднябеснай. Нядаўна ў Палацы Незалежнасці былі кіраўнікі праваахоўнай сферы Кітая, у пачатку наступнага тыдня да нас завітае прадстаўнічая парламенцкая дэлегацыя. А ўчора кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з сакратаром камітэта Камуністычнай партыі Кітая Правінцыі Хунань Ду Цзяхаа.


Трэба сказаць, што і ў гісторыі Кітая, і ў сусветнай гісторыі правінцыя Хунань займае асаблівае месца. Менавіта там, у вёсцы Шаашань, у сялянскай сям'і нарадзіўся Маа Цзэдун, адзін з самых вядомых палітычных дзеячаў мінулага стагоддзя, чыё імя шануецца ў Кітаі і ў наш час.

— Сёння, пад вашым кіраўніцтвам, гэты ўжо не толькі аграрны, але і значны індустрыяльны рэгіён Кітая паспяхова развіваецца, знаходзіцца на перадавых пазіцыях у краіне, — адзначыў Прэзідэнт.

Таму, на яго думку, не дзіўна, што ў правінцыі Хунань з'явіліся кропкі судакранання з Беларуссю:

— Два гады таму мы з маім сябрам Сі Цзіньпінам дамовіліся пра тое, што міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне павінна стаць лакаматывам у адносінах дзвюх краін. Ваша правінцыя атрымала надзейнага партнёра ў асобе Магілёўскай вобласці і актыўна працуе з ёю. Буду ўсяляк падтрымліваць гэтыя кантакты нашай вобласці з вашай правінцыяй. Таму на сённяшняй сустрэчы хацелася б больш шырока абмеркаваць аспекты супрацоўніцтва як з гэтым рэгіёнам, так і з Беларуссю ў цэлым.

Кіраўнік дзяржавы назваў некалькі перспектыўных кірункаў для развіцця адносін з правінцыяй:

— Па-першае, мы зацікаўлены ў паспяховай рэалізацыі тых кантрактаў, якія мы сёння маем, — перш за ўсё, з кампаніяй «Зумліон». У лютым бягучага года ў свабоднай эканамічнай зоне «Магілёў» ужо зарэгістравана беларуска-кітайскае прадпрыемства па выпуску спецтэхнікі — будаўнічай, камунальнай. На заводзе «Строммашына» рыхтуюцца да сумеснай зборкі кранавага абсталявання. Мы спадзяёмся, што кампанія «Зумліон» будзе годна працаваць і ў індустрыяльным парку «Вялікі камень». З улікам прадастаўленых намі льгот тут яна можа хуткімі тэмпамі наладзіць высокатэхналагічную вытворчасць, і гэта прадукцыя будзе карыстацца попытам не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, у Еўрапейскім саюзе.

Па-другое, адзначыў кіраўнік дзяржавы, у нас ёсць магчымасць павялічыць пастаўкі ў кітайскую правінцыю харчовай, перш за ўсё, малочнай прадукцыі з Магілёўскай вобласці.

— Па чыгунцы праз Беларусь у Еўропу ўжо ідуць кітайскія кантэйнеры з грузамі, якія назад вяртаюцца паўпустымі. Беларускія прадпрыемствы маглі б загрузіць іх якасным малаком, ёгуртамі, марожаным, попыт на якія ў Кітаі расце літаральна з кожным днём. Кампанія «Бабуліна крынка» гатова забяспечыць вашы патрэбы.

Па-трэцяе, на думку кіраўніка дзяржавы, неабходна наладжваць больш цесныя сувязі ў сферах культуры і адукацыі:

— Улічваючы, што беларускія творчыя калектывы карыстаюцца папулярнасцю ў Кітаі, можна арганізаваць іх гастролі ў вашай правінцыі Хунань. Думаю, парасткі сяброўства паміж нашымі народамі важна закладваць з дзіцячых гадоў. Адпаведны фармат для гэтага — культурны абмен навучэнцамі з пражываннем у сем'ях у перыяд летніх канікул. У школах Беларусі выкладаюць кітайскую мову, у Кітаі — рускую, англійскую. Дзеці хутка адаптуюцца, знаходзяць узаемаразуменне. Гэта будзе цікава і карысна. Як бачым, у нас ёсць вялікі патэнцыял для ўзаемадзеяння ў сферах адукацыі, гандлю, вытворчасці, культуры. Каб эфектыўна яго рэалізаваць, прапаную вам адкрыць прадстаўніцтва правінцыі Хунань у Рэспубліцы Беларусь.

Ду Цзяхаа, у сваю чаргу, назваў Беларусь галоўным партнёрам Кітая ў цэлым і правінцыі Хунань у прыватнасці.

Дарэчы

Візіт сакратара камітэта КПК правінцыі Хунань працягнецца да 16 красавіка. Праграмай прадугледжана наведванне вытворчасцяў МАЗ, «Белджы», «БелАЗ», індустрыяльнага парка «Вялікі камень». Ду Цзяхаа наведае і Магілёў, дзе сустрэнецца са старшынёй аблвыканкама Уладзімірам Даманеўскім. Плануецца падпісанне Пагаднення аб устанаўленні сяброўскіх адносін паміж Магілёўскай вобласцю і правінцыяй Хунань, наведванне завода «Магілёўтрансмаш», «Бабулінай крынкі», булачна-кандытарскай кампаніі «Дамачай», свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў».

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».